На шчасце, дактары памыліліся — у дыягназе і прагнозах. Дапамаглі прапісаныя лекі. Некалькі разоў бацька з’ездзіў у санаторый у Друскенінкай. У тым, што ён ачуняў і вярнуўся да навуковай працы, паспяхова напісаў кандыдацкую, а потым і доктарскую, галоўнай была любоў і непахісная вера маці. Што яе дарагі Міхаська паздаравее, павесялее. І наперадзе ў іх доўгае жыццё — незвычайнае і шчаслівае.
Строгасць — назаўжды
Чалавек апынуўся аднойчы ля бездані, а потым незнарок, не па сваё волі зазірнуў ў яе. Таму, уратаваўшыся, ён ставіцца да звыклых праяў паўсядзённасці іначай, чым той, хто заўжды быў здаровы, бадзёры і пра тую бездань нават не здагадваўся. Ставіцца іначай, бо ўсведамляе: тых праяў жыцця і той радасці, што існуюць для ўсіх — сонца, вясна, зеляніны, сад, кветкі, смех, — асабіста для яго магло і не быць.
Дарослая, я неаднойчы заўважала: мужчыны заўжды любяць выглядаць героямі. Таму не схільныя згадваць сітуацыі, калі не адчувалі сябе пераможцамі. Пра даўнюю хваробу бацька ніколі не распавядаў. Некалькі разоў згадваў: маўляў, не трэба было ў Быхаве ўсё лета рыхтавацца, каб здаваць экзамены экстэрнам. Бо подзвігі дорага каштуюць. І ўсё! Паспрабуй здагадайся, што хаваецца за тым сказам.
Пасля драматычнага перыяду, які на шчасце скончыўся аптымістычна, бацька і маці зрабілі грунтоўныя высновы. Яны фармуляваліся не словамі, але істотна ўплывалі на паўсядзённы лад жыцця. Думаю, бацька свядома ці падсвядома баяўся паўтарэння падобнага фізічнага стану. Таму ніколі не імкнуўся працаваць праз сілу. Не меў завядзёнкі сядзець за пісьмовым сталом па начах. Яму не падабаўся і выклікаў моцную антыпатыю багемны лад жыцця.
З застоллямі, што доўжацца суткамі, гасцяваннямі, размовамі, якія выглядаюць манілаўшчынай і застаюцца пустым страсаннем паветра.
Ёсць дамы адкрытыя і закрытыя. Наш быў, па сутнасці, закрыты. Гэткі строгі навуковы манастыр. Хоць у студэнцкія гады я тым абуралася — часцей пра сябе, чым уголас. Але мая нязгода прынцыпова нічога не мяняла. Гасціннасць да сваякоў, блізкіх — гэта зразумела. Але ў сям’і не былі заўжды расхінутыя дзверы: маўляў, заходзьце, калі толькі жадаеце!
Строгасць, сабранасць, пэўны педантызм, засяроджанасць на працы — гэтыя рысы вызначалі бацькаў характар. А дысцыпліна, нармальны начны сон, абавязковыя, ці не штодзённыя прагулкі на свежым паветры зрабіліся рысамі звыклага ўкладу сям’і. Такія падыходы мо і вымушаныя. Але менавіта строгасць і спакойны, цвярозы, рацыянальны падыход да працы зрабіліся прычынай бацькавага даўгалецця, чалавечага і навуковага.
Мелася і такая выснова. Маці бачыла: бацька адчувае сябе свабодна і разняволена ў свеце кніг, літаратуры, у сферы складаных філасофскіх пытанняў. Але не надта любіць побыт. Таму заўжды імкнулася ўзяць на сябе большасць паўсядзённых, нудных, але неабходных побытавых клопатаў.
Што такое натуральная гаспадарка?
Той, хто чытае невыпадковыя кнігі і імкнецца пашыраць уласны кругагляд, ведае: існуе серыя дакументальных кніг, у назве якіх спалучаецца назва горада і выраз «паўсядзённае жыццё». Да прыкладу, «Паўсядзённае жыццё Парыжа» (Берліна, Лондана). Дасведчанаму чытачу цікава ведаць, як жылі, працавалі, арганізоўвалі ўласны побыт, як бавілі вольны час жыхары таго ці іншага буйнага горада. Распавядаючы пра бацькоў і дзяцінства, хачу адначасова абмаляваць і паўсядзённае жыццё беларускай інтэлігенцыі ў 60-я — 70-я гады мінулага стагоддзя.
Таму вярнуся на Грушаўку, у нашу хаціну. У пачатак 60-х гадоў.
Маці была вымушана падымацца рана. Думаю, гадзін у пяць ці шэсць. Гэта ў кінафільмах натуральная гаспадарка выглядае прыгожа і прывабна, рамантычна і паэтычна — свежае паветра, свае грады, зеляніна, ружачкі, кветачкі. У рэальнасці яна цяжкая, знясільвае і патрабуе няспынных клопатаў. Бо трэба забяспечыць сям’ю неабходным. Каб у хаце было цёпла, каб хапала ежы, каб посуд быў чысты, а вопратка адпрасаваная.
Зранку кожны дзень маці паліла ў печы: трэба было зрабіць сняданак і адначасова абед. Разагрэць абед днём не было ніякай магчымасці, гэта не газавую ці электрапліту ўключыць! Выйсце яна прыдумала арыгінальнае: каструлю з супам ці баршчом абкручвала ручніком і хавала паміж дзвюх белых пульхных падушак, што ляжалі на ложку. Ішоў час, а ежа па-ранейшаму заставалася цёплай.
Калі ў 1964-м, праз паўгода пасля нараджэння сына, бацькі атрымалі кватэру ў Зялёным Лузе, мама ўспрымала гэта як шчасце і выратаванне. Бо ў кватэры з гарадскімі выгодамі, дзе ёсць газавая пліта, а ў кранах вада, існуе ванна і санвузел, велізарная колькасць клопатаў знікала. З’явіліся турботы іншыя, але яны пераконвалі, што цывілізацыя — цудоўная рэч.