У Зялёным Лузе бацька час ад часу казаў, што ён сумуе па вясковай драўлянай хаце. Маўляў, гэта больш натуральнае асяроддзе, чалавек тады бліжэй да зямлі і прыроды. Маці выслухоўвала яго ідэі моўчкі і з усмешкай, не спрачалася. Але, вяртацца назад, да натуральнай гаспадаркі, ва ўмовы амаль першабытнага побыту, ніколі б не згадзілася.
Грушаўскі побыт
Калі згадваю рэаліі жыцця 60-х гадоў, яны здаюцца і прывабна-паэтыч-нымі (бо частка ўласнага, непаўторнага дзяцінства), але далёкімі ад цывілізацыі. Але так жылі ўсе — сваякі, суседзі, знаёмыя. Ніхто не думаў і не ўяўляў, што можна іначай.
Такой звыклай сёння і неабходнай выгоды, як гарадскія хатнія тэлефоны, не існавала. Іх не мелася ні ў суседзяў, ні ў каго са знаёмых. Верагодна, падобныя прывілеі мелі чыноўнікі высокага рангу, магчыма, артысты. Не памятаю і гарадскіх тэлефонаў-аўтаматаў на вуліцах.
Калі неабходна вырашыць пытанні арганізацыйныя ці юрыдычныя (на-прыклад, выдзяленне ўчастка для будаўніцтва дома, у якім потым жылі бабуля і дзед), дык пешшу ў цэнтр горада. Трэба штосьці паведаміць сваякам, якія жылі ў іншым горадзе ці ў вёсцы, — пісалі лісты ці паштоўкі. Іншых варыянтаў не мелася. Калі ў сям’і хтосьці захварэў ці трэба запісаць візіт дзіцячага доктара, адзін з бацькоў быў вымушаны зранку крочыць у дзіцячую паліклініку. А да яе — тры-чатыры кіламетры.
Ноч у чарзе
На Грушаўцы ўсе мелі ўласныя агароды, большыя ці меншыя. Таму бульба, буракі, морква, капуста, агуркі звычайна вырасталі свае. А таксама зеляніна — кроп, пятрушка, шчаўе. У садах — яблыкі, грушы, слівы, вішні, на кустах — парэчкі і агрэст. На дзяржаву і крамы ніхто не разлічваў, спадзяваліся толькі на сябе.
Але не ўсё можна вырасціць самому. Як жыў Мінск на пачатку 60-х, сведчыць такі факт. У 61-м ці 62-м у сталіцы пачаліся перабоі са звычайнымі прадуктамі, крупамі і мукой. Памятаю, маці разам з бабуляй Марыяй Іванаўнай з вечара займалі чаргу ля крамы на вуліцы Грушаўскай. Мяняліся, бо халодна стаяць гадзінамі на вуліцы, асабліва, калі ноч, а на дварэ не лета.
Зранку, гадзін у восем ці дзевяць крама адкрывалася. Хто бліжэй да пачатку чаргі, таму хапала пярлоўкі або рысу, вермішэлі ці мукі. Калі з крам знікаюць самыя неабходныя прадукты, гэта ўспрымаецца як сігнал трывогі.
І падказка: далей можа быць горш! Таму куплялі не кілаграм ці два, а столькі, колькі маглі падняць і панесці.
Заводскай расфасоўкі не існавала. Малако прадавалі разліўное — у твой бідончык, звычайна на два літры. Смятану таксама разлівалі ў слоікі. Калі забыў дома тару, дык пойдзеш з крамы з пустымі рукамі. Тварог меўся толькі развясны і яго трэба ўзважваць. Алей прадавачкі налівалі ў тваю тару праз пластмасавы конус. І потым доўга выціралі рукі, запэцканыя тым алеем. Джунглі, як добра падумаць! Але так жылі ўсе, ніхто не думаў і не ведаў, што недзе побыт арганізаваны іначай.
Лаўка з газай
Аднойчы разам з мамай зайшлі ў невялічкую паўцёмную краму, што ў глыбіні вуліцы Шчорса. Відаць, тут прадаваліся гаспадарчыя тавары, бо на паліцах было раскладзена шмат металічнай і драўлянай драбязы.
У той будыніне панаваў адметны, а дакладней, спецыфічны пах. Такі не забудзеш. Як зразумела потым, там прадавалі газу. Па-руску «керосин». Для газніц, якімі часта карысталіся. Бо час ад часу па ўсёй Грушаўцы нечакана адключалі электрычнасць. Да гэтага часу памятаю выгляд газніцы, што стаіць на стале, дзе бабуля і дзядуля звычайна абедалі.
Праз шмат гадоў успомніла ў размове з мамай пра тую лаўку. А яна са смехам згадала аб’яву на дзвярах крамы: «Гражданам с узким горлышком керосин не отпускается». Вядома, мелася на ўвазе вузкае горла не грамадзян, а бутэлек. Але аб’ява ўспрымаецца як афарызм ці анекдот. І адлюстраванне часу.
Рэха аднаго сказа
Тамарка і Таіска — так бабуля называла сваіх дачок. Маю маму, і яе сястру, Таісу Фёдараўну, маю цётку, а пазней хросную. Часам бабуля ці дзед Фёдар блыталі сясцёр, замест аднаго імя называлі іншае. Бо і ў адным, і ў другім першы склад той самы — «Та». Паміж сёстрамі тры гады розніцы. Маці нарадзілася ў 1934-м, яе сястра ў 1937-м. Як жылі ў вайну, распавядаць не буду. Каму цікава, адшукае падрабязнасці ў маёй аповесці «Сад маіх успамінаў».