Маці згадвала: яе бацькі, вядома, клапаціліся пра абедзвюх дачок. Імкнуліся даць вышэйшую адукацыю. Тамара паступіла на філфак, яе сястра, у якой быў відавочны талент да малявання, на архітэктурны ў політэхнічны інстытут. Студэнткі звычайна стыпендыю маюць невялікую. Таму бабуля і дзядуля імкнуліся працаваць у будзённыя і выхадныя дні, шукалі «халтуры», каб забяспечыць сям’і прыстойныя ўмовы жыцця. Бабуля шыла дочкам прыгожыя сукенкі, спадніцы, блузкі, нават верхнюю вопратку — кшталту дэмісезонных і зімовых паліто. Дзед неаднойчы ім боцікі майстраваў. Бо дзяўчаты павінны добра выглядаць!
Як у сям’і ўзнікаюць супадзенні і душэўная блізкасць, заўжды загадка. Неяк само склалася, што Марыя Іванаўна больш любіла малодшую дачку, а Фёдар Фёдаравіч старэйшую. Калі мая маці выйшла замуж і нарадзілася я, яе сястры споўніўся 21 год, яна студэнтка і жыла з бацькамі. Марыя Іванаўна, разумеючы: старэйшай дачцэ нялёгка — хапае клопатаў па гаспадарцы, дзіця малое ды неспакойнае, — спачатку шмат дапамагала. У дадатак ехаць нікуды не трэба, толькі па сцежцы перайсці з аднаго дома ў іншы.
Але ў адносінах паміж сёстрамі ці братамі адной сям’і (няхай і дарослымі) заўжды прысутнічае элемент рэўнасці. Відаць, Таісе хацелася, каб Марыя Іванаўна часцей аказвалася побач, займалася ўласнай гаспадаркай. Таму аднойчы з лёгкай грэблівасцю заўважыла:
— Мама, відаць, ты да іх у пакаёўкі нанялася?
Марыя Іванаўна падумала, паглядзела на сітуацыю вачыма малодшай дачкі. І… дапамагаць перастала. Той сказ сястры мама доўга з крыўдай успамінала. І казала: каб не тыя зласлівыя парады, яна і я здаравейшыя былі б. Бо выспацца, маючы малое дзіця, — шчасце. Рэха аднаго сказа можа гучаць у памяці гадамі. Ідэальна, калі ў блізкіх сваякоў чулыя адносіны застаюцца на працягу ўсяго жыцця. Але часам здараецца іначай.
Нарач, лісічкі і перапоўнены аўтобус
Малая, я была вялікая плакса. Калі што не так, дык адразу ў слёзы. Часам хныкала, часам ціха нудзілася. Бо побач мамы няма, яе адсутнасць рэзка мяняла мой настрой.
Аднойчы летам бацькі выбраліся на Нарач. І мяне з сабой узялі. Вёска, дзе мы жылі, стаяла на беразе возера і называлася Купа. Вандроўка тая запомнілася нават не прагулкамі і не купаннем, можа, яго і не было, бо возера досыць халоднае. А на дзіва смачнымі лісічкамі, падсмажанымі на патэльні. Таксама і тым, што вечарам, перад тым як класціся спаць, насельнікі немалога пакоя пачыналі з жыццярадасным і заразлівым смехам ганяцца за тоўстымі тлустымі чорнымі мухамі, узброіўшыся мухабойкамі ці газетамі, складзенымі ў трубачку. Радасна скакалі па ложках, ганяючы мух, бо тыя ноччу не давалі спаць.
Але раней ці пазней трэба з’язджаць. І вось аўтобус поўны, няма як павярнуцца. І тут маці ці бацька ўспомнілі: у мітусні збораў і пакавання сумак пра штосьці забыліся. Маці пабегла забіраць забытую рэч, бацька выйшаў з аўтобуса ўслед. Відаць, каб яшчэ хвіліну падыхаць свежым паветрам. А я, натуральна — у лепшых традыцыях — пачала спачатку хныкаць, а потым залівацца слязамі. Вакол чужыя і незнаёмыя людзі. Мне страшна! Я ж не ведаю, калі «свае» вернуцца.
Такімі паводзінамі тата быў страшэнна незадаволены. І калі бацькі селі ў аўтобус і ён паехаў у бок Мінска, паглядзеў на мяне так, што выраз яго твару памятаю і да гэтага часу. Хоць мінула палова стагоддзя.
Садок для інтраверта
Бабуля не мела вялікага жадання сядзець з унучкай у якасці нянькі. Акрамя таго, у яе хапала заказаў як у краўчыхі, дый грошы неабходна зарабляць: шыццё — яе асноўны, штодзённы занятак. У выніку бацькі былі вымушаны аддаць мяне спачатку ў дзіцячыя яслі, потым у садок. Працяглых дэкрэтных адпачынкаў у 60-я гады не існавала. Прайшло 2-3 месяцы пасля нараджэння дзіцяці — і наперад. Працаваць!
Ясляў і садкоў у той час будавалі мала, бацькам давялося згаджацца на той, дзе меліся месцы. Яслі знаходзіліся бліжэй да Талінскага завулка і Грушаўскай, а садок — у квартале за вуліцай Карла Лібкнехта. Адлегласць складала, думаю, кіламетры тры-чатыры, а мо і болей.
Прызвычайвалася я да калектыву і дзіцячай кампаніі доўга і неяк пакутліва. Спачатку былі слёзы і настрой ціхай нуды. Даўно заўважыла, што хутка і лёгка адаптуюцца ў новым асяроддзі дзеці-экстраверты. Дынамічыя, рухавыя, якія маюць вялікую патрэбу ў калектыве. У выніку лёгка ўсталёўваюць кантакты і сувязі. Зануды-інтраверты, якія любяць цішыню, прыстасоўваюцца марудна. Вымушана. А калі да інтравертнасці дадаць яшчэ сарамлівасць, дык тут наогул — хоць каравул крычы.
Думаю, малыя, якіх рана аддалі ў садок, хварэюць таму, што не хапае мамінай энергетыкі і адчування абароненасці. Калі хварэеш, не трэба рана падымацца, калі хочацца спаць. Не трэба жыць па раскладзе, есці тое, што не падабаецца. І галоўнае — чакаць вечара, каля цябе нарэшце забяруць дадому. Так і жылі: садок, потым чарговая прастуда.