Выбрать главу

Цяпер гэта паветраніца-паганіца так разышлася, што жыцця ад яе няма. Вялікае шчасце ўсяму свету, што яна, Сарока, ніколі не памрэ. Жартачкі: Сарока — нявеста, а вечнасць — яе светлы жаніх! А клапоціцца яна і гойсае так, нібы ёй часу няма. Яна забывае, што перад ёю даўжэзны абрус тысячагоддзяў. Тысячагод-дзямі яна будзе аплятаць свет хітрыкамі, плёткамі, маною, падлізваннем, падлабуньваннем і падглядваннем. Яна будзе падлятаць да кожнага прыпечка, каб панюхаць, што ў каго ў гаршку на абед гатуецца.

Дзіда-дзед шкадаваў шчыра, што каршун не выскуб Сарочына пер'е да таго, як ў яго табакерку папалася сусветная душагубка. Цяпер пішы прапала!

У Дзіда-дзедавым сонечным небе адзінай хмаркай была Сарока. Цяпер яна зрабілася самазванай эстафетніцай. Вось першая навіна, якую яна прынесла ў лес...

Людзі розных узростаў спявалі песні пра табакерку і танцавалі на вуліцах у чэсць неўміручасці.

Гралі струнныя і духавыя аркестры, а дзе не было музыкаў — спявалі, вытылінгівалі на язык.

Можна сабе ўявіць, якая гэта была музыка і якія гэта былі песні! Падумаць толькі... Кожны — і стары і малы — адчуваў, што перад ім плывуць даўжэзнай ракой гады. Спачатку іх лічаць на дзесяткі, потым на сотні, потым на тысячы, на сотні тысяч. Потым даходзяць да такіх цыфраў, што і неба не хопіць, каб на ім усё гэта запісаць.

Словы: «заяц», «табакерка», «палонніца» падхопліваліся чалавечымі вуснамі, як самыя смачныя цукеркі.

Кастры гарэлі ўсю ноч.

Усю ноч пры кастрах мітусіліся людзі... Прадавалася марожанае, пірожныя, канфеты, яблыкі, грушы, кавуны, вінаград, булкі, малако, масла, сыр і ўсё-ўсё, за выключэннем вырабаў з агіднага мяса.

Апрача ежы неўміручыя гандляры прадавалі і іншыя тавары: гарнітуры, дамскае адзенне, кашулі, панчохі, браслеты, гадзіннікі, капелюшы, рукавіцы, дзіцячыя цацкі.

I прадаўцы і пакупцы хадзілі босыя альбо ў панчохах, бо за першы дзень неўміручасці шаўцы яшчэ не паспелі пашыць абуцця з нетрупнага матэрыялу.

Знайшліся прадпрыймальныя людзі, якія прадавалі табакеркі. Гэты тавар купляўся нарасхват усімі. Тытунь з табакерак нюхалі нават малыя дзеці. Яны чхалі разам са сваімі бацькамі, дзядулямі і бабулямі. А за імі ўвіваліся надакучлівыя жабракі і жабрачкі і прасілі літасці, малілі, лямантавалі слязлівымі, жаласлівымі галасамі.

— Дайце, людцы шчаслівыя, нешчасліваму вечнаму жабраку адну шчапотачку тытуню! I мы хочам панюхаць і пачхаць... Дайце з табакеркі, з табакерачкі... Дайце, родныя... Дайце беднаму... панюхаць... паню хаць... Пачхаць... Пачхаць...

Ах, якое было відовішча! Якое сусветнае вяселле! Каб расказаць усё — слоў не хопіць. Эге!

* * *

Унукі так уважліва слухалі апавяданне дзеда, што яго не перабівалі. Ён спыніў самога сябе, бо захацеў панюхаць тытуню. Унукі прасілі:

— Доўга, дзядок, не чхай, а гавары, гавары...

— Апчхі, апчхі! Дайце ж, апчхі, адсапнуцца, апчхі,— умаляў дзед і сыпнуў далей:

— Цікава тое, вушастыя мае, што першая радасць вызваленай зямлі не абышлася без смутку і слёз. Свет не паспеў за адзін дзень залізаць свае балючыя раны. Эге! Навокал кастроў хадзілі групкі жанчын, дзяцей, дзядоў і ўпотайку, каб не ацямраць радасць іншых, выціралі слёзы. У чым справа? У аднаго нядаўна сын быў забіты на вайне, у другога — бацька, у трэцяга — брат, у чацвёртага — муж. У некаторых толькі раніцай памерлі ад розных хвароб самыя родныя, самыя блізкія.

У першы дзень славы Дзіда-дзедаўскай табакеркі Смерць была куды больш балючай, чым раней. Бо раней бывала адна ўцеха — дзвюх смярцей не бываць, адной не мінаваць — а цяпер, хто жыве ўжо, ніколі не памрэ...

Людзі ў жалобе рукі ламалі:

— Няхай бы Заяц пасадзіў Смерць на месяц раней, мой брат астаўся б жыць.

— Няхай бы Заяц злітаваўся над намі тыдзень таму назад, і выратавалася б наша маці.

— Няхай бы Заяц паразумнеў на дзень раней.

З гэтых нараканняў на Дзіда-дзеда са словам «няхай бы» можна было сплясці вяроўку ад зямлі да неба. Ад дзённага тэрміну пераходзілі на гадзіну, на паўгадзіны, на хвіліну, на паўхвіліны. I за паўхвіліны Дзіда-дзед мог бы выратаваць на ўсім свеце шмат-шмат жыццяў. Чалавек заўсёды знойдзе прычыну да нездаволенасці — эге! Гэта ж, каб наш Дзіда-дзед учыніў штуку з табакеркай не толькі адзін год, але тысячу год таму назад — былі б тыя самыя нараканні.

У людской нездаволенасці Дзіда-дзед вінаваты, як вы, шызыя галубочкі мае! Няхай дзякуюць Дзіда-дзеду, вечнай славы яму, што ён знайшоў патрэбную шрубку і як належыцца пакруціў тады спружыну вечнасці — эге!