Цуды табакеркі
Раптам дзед спыніў на хвіліну апавяданне.
— Эге, мілыя, ледзь з галавы не выскачыла... Сарока, лятаючы тады па свеце, спынілася ля адной кватэры. Акно было адчынена, і Сарока ўсё бачыла. На ложку ляжала маладая дзяўчына. Яна канала.
З кватэры выйшаў паважны сівабароды доктар у залатых акулярах. За ім ішоў заплаканы чалавек сярэдніх год — бацька паміраючай. Са страшэннай усмешкай на пакутлівым твары і шапатлівым змораным голасам ён запытаўся:
— Скажыце, паважаны прафесар, гэта канец? Доктар бездапаможна паціскаў плячыма. Бацька паміраючай настойваў нібыта абыякавым голасам:
— Няўжо няма паратунку? Скажыце праўду! Доктар выціраў хустачкай акуляры, глядзеў на пакутлівага чалавека падслепаватымі вачыма, і ў яго голасе чутна была сарамлівасць.
— Медыцына пакуль што ў гэтым бездапаможна, як малое дзіця. Сухоты — гэта страшны біч чалавецтва...
Калі пакутлівы чалавек палажыў доктару ў кішэнь грошы, той зрабіў грэблівую міну, нібы не хоча браць, хутка надзеў акуляры і прывычным вокам паспеў заўважыць, колькі грошай той паклаў у яго кішэнь.
Яны развіталіся. У пакутлівага чалавека ногі раптам зрабіліся цяжкія, цяжкія. Ён ледзь рухаўся назад. Хрусцеў касцяшкамі пальцаў і сіпата гмыкаў. Быццам нешта глытаў, ды не мог праглынуць. У яго дрыжала левая рука, брыво, губы, але ён не заплакаў. Вочы ў яго былі сухія і патухшыя.
З пакоя паміраючай выйшаў ксёндз. Пакутлівы чалавек і яму сунуў у руку грошы. Духоўнік з такой жа мінай, як раней доктар, прыняў грошы і сказаў прывычным голасам нябеснага настаўніка:
— Мужайцеся, дарагі, маліцеся богу, дзякуйце яму за цяжкія іспыты. Каго бог любіць — таго ён і чубіць,— кажа просты народ. I гэта праўда. Ваша любімая доч ідзе ў вечнае жыццё, дзе душа яе зноў злучыцца са сваім тварцом.
Духоўнік перахрысціў чалавека і пайшоў.
— Пракляцце... пракляцце... пракляцце...— шаптаў пакутлівы чалавек. Магчыма, што ён сам не ведаў, каго ён праклінае. У гэту хвіліну твар яго быў шэры, а ў вачах успыхвалі злыя аганькі.
У пакоі паміраючай мігацелі аганькі васковых свечак. Пры стале сядзеў чорны малады манах і гугнява чытаў псалтыр. Паміраючая адвярнулася тварам да сцяны. Яна была бадай без руху. Яе русыя валасы былі рассыпаны па белай падушцы. З акна свяціла сонца. Валасы паміраючай іскрыліся на сонцы і як бы гарэлі. Гэта было страшна, бо рука паміраючай ужо была сіняя і бадай што мёртвая.
Чалавек засланіў акно фіранкай. Аганькі свечак паярчэлі. Раптам рука дзяўчыны пачала налівацца ружовай фарбай. Пальцы пачалі рухацца так, нібы гралі на невідочным музычным інструменце. Паміраючая працяжна ўздыхнула.
Бацька ў гэты час стаяў у кутку тварам да сцяны, і яго плечы ўздрыгвалі. Ён плакаў без слёз і без голасу.
У адзін і той самы час манах і бацька паміраючай зірнулі са страхам і дзівам на канаючую дзяўчыну. Яна сядзела на ложку і папраўляла валасы.
— Што гэта? — запытаўся бацька ў вялікім страху, у небывалым здзіўленні.
— Цу-цу-цуд божы! — усклікнуў спалохана манах.— Будзем маліцца... А можа, душа ўжо вылецела з яе цела, а туды перасяліўся нячысцік і фокусы вытварае?..
А за акном Сарока крычала ахрыплым голасам:
— Не цуд божы, не нячысцік, а цуд табакеркі, табакеркі, табакеркі...
— Ха-ха-ха! Хі-хі-хі!
Гэта здаровым смехам смяялася дзяўчына. Ні манах, ні бацька яе не паспелі заўважыць, як яна ў адну хвіліну напоўнілася жыццём і сонцам. Яна ўся паружавела. Вочы заблішчалі дзіўным ззяннем здароўя і наладосці.
Яна ўскочыла з ложка спрытная, як маладая каза, ашчаперыла рукамі бацькаву шыю, заскакала і закрычала:
— Мы жывём! Мы жывём! Я не памру! Ты не памрэш! Ніхто, ніхто больш не памрэ!
Яна заспявала. Бацька схапіў яе, вялікую, на рукі і спяваў разам з ёю. А з яго вачэй сыпаліся на яе валасы і слёзы радасці.
Манах глядзеў на іх здзіўлена. Дзяўчына расцвіла. Ад яе хваробы і знаку не было. Манах не зводзіў з яе вачэй. На момант яго вочы зрабіліся маслянымі і вільготнымі. Позіркі яго былі прыкуты да яе ружовых лакцей. Ён спалохана крыкнуў:
— Бязбожніцтва! Бязбожніцтва! Маліцеся... за мае грахі і за грахі ўсяго свету!
Раптам ён змяніў тон:
— Заплаціце мне за псалмы. Гэта мае псалмы яе ўваскрасілі... А можа, сапраўды дапамагла нейкая табакерка... Хто яго ведае... Я адчуваю, што цяпер сам буду вечна жыць, як архангелы і серафімы. Мне патрэбна цяпер на вечнае жыццё шмат грошай... шмат шмат...
Бацька і дачка пачалі сыпаць на манаха асігнацыі і залатыя манеты. Манах падставіў крысочорнага адзення. Грошы на яго сыпаліся, як сонечны дождж. Ён налаўчыўся на ляту злавіць ротам залаты дукат і некалькі штук папяровых грошай, як вучоны пёс, што ловіць цукар.