Выбрать главу

Бацька і дачка глядзелі на манаха і рагаталі. А ён — голасам, падобным да сабачага брэху,— прасіў:

— Яшчэ! Яшчэ! Яшчэ!

— Забрэшаш, дам яшчэ,— пажартавала дзяўчына. Святы манах пачаў брахаць:

— Гаў! Гаў! Гаў! Гыр! Гыр! Гыр! Дзед на хвіліну спыніўся.

* * *

— Усё гэта здарылася якраз тады,— сказаў дзед,— калі наш Дзіда-дзед захлопнуў табакерку з палонніцай.

Дзеці запыталіся:

— Як гэта Смерць можа паспець пабываць за адну хвіліну ў розных месцах?

Дзед збянтэжыўся, але зараз жа схамянуўся.

— Палонніца Дзіда-дзеда,— сказаў ён,— шпаркая, як думка. Яна паспявае ўсюды. Яна куды шпарчэй не толькі за ганчакоў, але і за вецер.

— А як Сарока магла ўсё гэта бачыць?

— Наша пані Сарачынская такая ж спрытная, як Смерць. Эге!.. А калі будзеце мне надакучаць сваім «як гэта?», не буду больш апавядаць Дзіда-дзедаўскія гісторыі...

Унук рукі заламаў. Унучка ўсхліпнула. Яны ўмалялі дзеда:

— Хлусі і мані, дзядулька! Будзем слухаць і маўчаць.

Дзед павесялеў і прамовіў:

— У простым жыцці кожны край мае свой звычай, затое войны бадай усюды аднолькавыя. Войска выступае супроць войска. Ваююць! За што? За каго? За сваіх багатых начальнікаў...

Грымяць гарматы. Свішчуць кулі. Валяцца людзі, коні. Смурод, дым, агонь, крыкі, стогны. Вырэзваюць адны адных і паляць адны ў адных гарады, топяць адны ў адных караблі. Яшчэ хваляцца гэтым. I кожную вайну каралі называюць апошняй. Эге! Дык вось — вялікае поле бітвы. Зямля дрыжыць. Войскі топчуць трупы сваіх і чужых, топчуць параненых сваіх і чужых.

На адным і другім баку поля бітвы начальнікі каралеўскіх войскаў глядзяць у вялізныя карты і моршчаць ілбы. Яны спрачаюцца між сабою аб тым, як спрытней знішчыць зямельку чужых салдат... Эге! Дык вось — стаяць і сядзяць начальнікі і мяркуюць аб перамогах, а за іх спіною стаіць Смерць, і радуецца, і кепікі строіць.

I раптам, калі Дзіда-дзед паклікаў Смерць на візіт у табакерку, на полі бітвы стала ціха-ціха. Ад такой цішыні начальства ўстрапянулася ад страху. Не паспела начальства выскачыць са сваіх заховаў, як пачуліся Крыкі радасці. Войска абодвух бакоў пакідала зброю і давай абнімацца, цалавацца і крычаць:

— Няхай начальства між сабой ваюе, а мы будзем жыць... жыць... жыць! Няма Смерці! Няма... Няма... Няма...

Салдаты спяваюць песні. У параненых уміг залечпаюцца раны. Толькі трупы забітых без слоў сведчаць аб тых страшных мінутах, якія ўжо больш не вернуцца. Начальнікі спалохана крычаць:

— Біцеся!

Яны шукалі вяроўку на рагах лысай кароўкі. Вайсковыя духоўнікі страшаць салдат пеклам. Салдаты рагочуць:

— Го-го-го! Пагасла пекла! Смала кончылася! Начальнікі і духоўнікі пачынаюць страляць у сваіх cалдат. Нікога кулі не бяруць. Людзі неўміручыя. Тады начальнікі супраціўных лагераў мірацца між сабой, каб агульнымі сіламі знішчыць «бунтаўшчыкоў». Гэтыя начальнікі так прапітаны смуродным духам Смерці, ажно не адчуваюць, што іх чорная, драпежная каралева адпачывае ў Дзіда-дзедавай табакерцы. Гэтыя шчырыя парабкі Смерці будуць тысячы год жыць і з нецярплівасцю чакаць: а можа, Смерць выскачыць з табакеркі?..

* * *

Дзед змоўк.

Вочы ўнукаў былі чырвоныя. Была пара спаць. Аднак малыя зацікавіліся:

— Як гэта ваююць? — запытаўся ўнук.

— Растлумач, дзядок, больш проста! — прасіла ўнучка.

Дзед панюхаў з табакеркі і добра прачхаў, прачысціў свой нос, як флейціст сваю флейту. Крыху падумаўшы, ён весела выставіў наперад сваю руку і пачаў тлумачыць, як вядзецца вайна.

— Уявіце сабе, дзеткі, што вось гэта мая далонь не далонь, а вялікае поле бітвы. Пасярэдзіне далоні, дзе вось гэтыя дзве зморшчыны, праходзіць глыбокая рака. На правым беразе ракі стаіць адна армія, на левым беразе — другая армія. Пры кожнай арміі сваё начальства. Начальства кажа «плі!» — і бедныя салдацікі пстрыкаюць адны адных у лоб жалезнымі шышачкамі. Абліваюцца крывёй бедныя салдацікі, валяцца ў раку, і вада становіцца чырвонай ад крыві. А начальнікі ў залатых эпалетах радуюцца і сварацца між сабой.

— Мы вашых больш забілі! — кажуць адны.

— Не! — кажуць другія.— Гэта мы вашых больш знішчылі!

Ні адны, ні другія не хлусяць. Забітых шмат і на адным і на другім беразе ракі. Раптам унук усхапіўся.

— А я, дзядок, на тваім месцы зняў бы з рукі ўсіх салдат, усіх начальнікаў і сказаў бы: ідзіце дахаты!

— Не зусім так! — запярэчыла ўнучка.— Я на месцы дзеда зняла б з рукі салдат і сціснула ў кулак. Тады ўсе начальнікі патапіліся б у рэчцы і каюк вайне!