— Ну і жулікі вы, мілыя жулікі! — смяяўся Дзіда-дзед.— А адкуль жа ты, Савачка, так хутка даведаўся пра начны візіт пані Сарачынскай у мой палац?
— Вельмі проста,— тлумачыў Саўка.— Другая сарока бачыла праз акно і раструбіла на ўсю аколіцу.
I Юрка Дратва дадаў:
— Таму мы ўночы за вялікія грошы абсталявалі ў майстра залатых цацак дзве новыя табакеркі, каб выратаваць Смерць ад волі, жыццё ад Смерці і пана Зайца ад няпрошаных гасцей.
— Усё ж такі прыйдзецца ўзяць лахі пад пахі і дзе пебудзь схавацца ад сарок усяго свету,— сказаў Дзіда-дзед і адразу пачаў выбіраць са сваіх манатак самае каштоўнае, лёгкае і патрэбнае ў дарогу. Саўка і Юрка таксама далі згоду не пакідаць яго.
Дзед спыніў апавяданне і выцер успацелы лоб. Тое самае зрабілі ўнукі.
— Ты спацеў, апавядаючы,— сказаў унук.
— А мы, слухаючы,— сказала ўнучка.
— Вы, шпунты, яшчэ не снедалі! — успомніў дзед.— Апранацца, памыцца і снедаць! Вось тры першыя ранішнія абавязкі дзяцей. Потым вы будзеце пісаць у вашых сшытках літары, толькі зграбныя і без клякс, а я пайду ў краму, дзе нешта для кагосьці куплю. Эге!
Удзень, калі дзед вярнуўся з крамы і дзеці паказалі яму зроблены ўрок, ён дастаў са свайго вялікага кошыка губны гармонік і балалаечку.
— Во!.. Маеце!..
Дзеці адразу абрадаваліся і тут жа засумавалі. Кожнаму з іх хацелася і гармонік і балалаечку. Калі справа ў іх дайшла да кулачкоў, дзед зноў усунуў руку ў вялізны кошык, у якім мог бы змясціцца ўвесь свет, дастаў яшчэ адзін гармонік і яшчэ адну балалаечку.
— Адкуль ты ведаў, дзядок, што мы захочам так многа адразу? — зацікавіліся дзеці.
— На тое я вядун! — смяяўся дзед,— Гэта добра, што вы так многа жадаеце. Хто шмат жадае, той шмат чаго рабіць будзе. З-за такіх унукаў мне чырванець не прыйдзецца. Буду мець шмат прыемнасцей.
Першыя прыемнасці дзед адчуў зараз жа. Унукі ўзяліся за музыку, а дзед заткнуў вушы і ўцёк у сваю каморку. Унукі пагналіся за ім у каморку. Тады дзед выскачыў на двор. А малыя з інструментамі — за ім.
Калі дзед пабачыў, што ніякага паратунку няма ад малых, ён сказаў:
— Я такі стары вядун і не дадумаўся, што без пары аглохну з-за вас, дзеткі. Лепш кіньце сваю капелю, і я тут жа, не адкладваючы, буду вам далей апавядаць гісторыю нашага Дзіда-дзеда, калі зацірка забелена, ды і есці велена!
Малыя адказалі са смехам:
— Гэтага мы дабіваліся сваёй музыкай! Гэтага мы і хацелі!
Нехта ў чорнай карэце
Дзед сеў з унукамі пад двума вялізнымі дубамі ля хаты і пачаў апавядаць:
— Дзіда-дзед пакаваў свае рэчы, паглядаў на сцены хаткі і ўздыхаў. Тут ён выгадаваўся, тут ён вырас. Дзіда-дзед, светлай памяці, нават слязу пусціў, але так спрытна, што Люсенька не ўгледзела. Трэба было выбірацца як найхутчэй, а Дзіда-дзед усё адкладваў. Так цягнуліся дні і тыдні. Аднаго разу ля самай хаты спынілася чорная карэта, у якой сядзеў худы даўганосы чалавек у чорным адзенні, пурпуровым шыракаполым капелюшы, з залатым крыжыкам на грудзях.
Дзіда-дзед паглядзеў у акно і звярнуўся да Саўкі і Юркі, якія нядаўна прыйшлі наведаць яго:
— Дайце гэтаму даўганосаму касу ў рукі, і будзе якраз Смерць.
— Для такой доўгай Смерці патрэбна будзе табакерка вялікая, нібы куфар,— спакойна заўважыла Люсенька.
Усе ўсміхнуліся, і Саўка сказаў:
— Зноў адзін з духоўнай каманды.
— Усе духоўнікі, якой бы веры не былі, сшыты адной дратвай і падобны да Смерці, як бот да бота, а кешкаюцца ў ёй, як жукі ў гнаі,— думаў услых Юрка.
— I не дзіва,— тлумачыў ім Дзіда-дзед.— Бо Смерць гэта той сук, на якім кукуюць такія даўганосыя, чорныя, божыя зязюлі. Вось табе, Люсенька, песня пра іх:
Ку-ку ў пекла! Ку-ку ў рай! Ку-ку! Грошыкі давай! Ку-ку, ку-ку, ку-ку-ку! Растуць клёцкі на суку!
Тым часам даўганосы чалавек выйшаў з карэты і накіраваўся на ганак Дзіда-дзедавай хаты, падняўшы, як цётка, сваю чорную спадніцу, доўгую да пят. Адчы ніўшы нізкія дзверцы ў Дзіда-дзедавы пакой, ён, высокі і хударлявы, як кій, сагнуўся, але не на столькі, колькі трэба было, і так моцна стукнуўся капелюшом аб касяк, ажно схапіўся рукамі за галаву і забыўся сказаць «Дзень добры».
Дзіда-дзеду стала няёмка, і ён збянтэжана прамовіў:
— Прашу прабачыць, паночку, маім дурным дзвярам. Яны нізкія і цвёрдыя. А тое, што капялюш пакамечыўся,— не бяда. Возьмем яго зараз у нашы рукі і навядзём ранейшую пышнасць. Мы — капялюшнікі. Мы з гэтага жывём і хлеб жуём.
Даўганосы зняў капялюш і давай ліць з вядра ваду на галаву.