— Вельмі прыемна! Гэта для мяне такі гонар, такі гонар... Каб у мяне быў доўгі, у тысячу міль, нос, я задзёр бы яго цяпер ад фанабэрыі да самага неба. Гэта ж піша мне не казёл рагаты, а Кій дзесяты! Чытай, чытай! — папрасіў Дзіда-дзед.
Даўганосы пачаў чытаць ліст Кія дзесятага да Дзіда-дзеда:
«У імя айца, сына і духа святога, амэн. Я, намеснік бога на зямлі, Кій дзесяты, паведамляю рабу божаму Зайцу, што раб божы Заяц учыніў вялікі грэх. Слухай, разумей і дрыжы перад справядлівай сілай усемагутнага. Захаваўшы ангела смерці ў табакерку, ты пераступіў непраходную адвечную мяжу божых законаў. Як вядома кожнаму, за непаслухмянства бог пракляў першых людзей на зямлі, Адама і Еву, смерцю. З таго часу вечнае жыццё можа быць толькі на небе, а не на зямлі. Для нябожчыкаў-праведнікаў ёсць месца ў раі. Нябожчыкі-грэшнікі вечна пакутуюць у апраметнай. У раі і пекле падрыхтаваны месцы для ўсіх людскіх пакаленняў аж да светапрадстаўлення. А цяпер, з-за тваёй табакеркі, праведнікам загароджана дарога ў рай, а грэшнікам — у пекла. Ніхто богу не моліцца, і ніхто яго не баіцца. Спыніліся шчырыя лепты на дабрачынныя справы ўслаўлення нябеснага імені. Таму заклінаю цябе павяленнем айца неба і зямлі ўручыць майму даверанаму, кардыналу Баніфацыю, табакерку з прабываючай у ёй збіральніцай вечных душ з тленных аблачэнняў па божаму вяленню, папярэдне абвязаўшы табакерку ў даўжыню і шырыню ў выглядзе святога крыжа моцным дротам. Як бог мне загадае, так я і паступлю з тым яго пасланцом, які так па-здрадніцку і агідна быў прыхлопнуты вечкам табакеркі. Падарую табе, раб божы Заяц, зямныя грахі, калі ўчыніш амавенне сваёй душы і свайго цела ў святым Іардане каталіцкага веравызнання. Набліжаю сваю правую пантоплю да тваіх вуснаў, якімі да крыжа сына божага на ёй прычасце ўчыні».
— Шылам кісялю не схваціш. Нічога мне гэты святы пісьманосец не зробіць. Аднак я не зразумеў апошняга ў пісьме Кія дзесятага,— сказаў Дзіда-дзед.— Чаго ён ад мяне хоча?
— Кій дзесяты хоча, каб пан Заяц па нашаму звычаю яго ў пантоплю пацалаваў.
Тады Дзіда-дзед сказаў у вялікай злосці:
— Няхай ён мяне па...
— Ціха, не думай лаяцца,— перабіў яго кардынал Баніфацый.
— Я хацеў сказаць: «Няхай ён мяне пакіне ў спакоі!» — сказаў Дзіда-дзед.— Годзе! Парві цыдулку! За вочы пугай ён мяне не насцёбае і рукою па спіне не пагладзіць.
— Пасланне папскае яшчэ не скончана,— сказаў кардынал Баніфацый.
— Чытай! — буркнуў Дзіда-дзед.
— Чытаю,— пакорна сказаў кардынал Баніфацый. «Апошні твой грэх я табе, пан Заяц, ніколі не дарую. Адзін з маіх адданых нунцыяў прывёз мне ад цябе табакерку з тараканамі. Тараканы распладзіліся ва ўсім маім палацы. З палаца яны выпаўзлі і апанавалі ўсю Ватыканскую гару. Мне і маім людзям спаць не даюць. I знішчыць іх нельга. Яны ж па тваёй ласцы не паміраюць».
Кардынал Баніфацый падаў папскае пасланне ў рукі Дзіда-дзеду. Дзіда-дзед сказаў:
— Вельмі добра! Тут такія цікавыя выражэнні. Па гэтай цыдулцы буду вучыцца пісаць далікатныя пісьмы далікатным людзям. Значыць, нашы тараканы апанавалі вашага Кія дзесятага. Выходзіць, што кулік чайку ўзяў за чубайку!
Стаяўшыя за дзвярыма Саўка, Юрка Дратва і Люсенька слухалі ўважліва ўсё папскае пасланне. З сянец пачуўся іх новы рогат... «Ціха!» — крыкнуў да іх Дзіда-дзед. А як стала ціха, ён звярнуўся да даўганосага з такімі шчырымі словамі:
— Вось што я табе на ўсё гэта адкажу, кардынал Баніфацый! Скажы свайму папу і маме і дзеткам-блізняткам і іхнім багам і бажаняткам: калі яны ўсе будуць мне яшчэ надакучаць, я ім буду выпраўляць кожны тыдзень цэлыя караваны, нагружаныя тараканамі, і не ў табакерках, а ў бочках...
Дзіда-дзед пры гэтым ветліва пакланіўся кардыналу Баніфацыю і прамовіў:
— Магу напісаць пра гэта Кію дзесятаму ўласна ручна.
— Не трэба! Я словамі перадам,— загаварыў кардынал Баніфацый проста.— Вось што, пане Заяц. Бачу, што ты разумны гаспадар жыцця і смерці. Старому Кію дзесятаму папалася ад цябе па заслугах. Аднак я дзесяць год чакаю канчыны яго святасці, каб заняць яго месца, і дачакацца не магу. У апошні час ён праляжаў аж тры месяцы хворы. Ён ужо быў такім спелым яблыкам, што вось-вось павінен быў упасці з дрэва жыцця. Цяпер я страціў надзею, каб мяне выбралі на яго пасаду, хоць даўным даўно ўсе семдзесят два кардыналы мною падкуплены. Да тых часоў, пакуль Смерць будзе ў тваёй табакерцы, Кій дзесяты будзе падстаўляць каталікам усяго свету сваю пантоплю на пацалунак. Што рабіць, пане Заяц? Ці ж мая пантопля горшая?
— Не бойся, каток ты мой,— сказаў Дзіда-дзед. Кій твой ад адных тараканаў уцячэ туды, куды Макар ніякімі кіямі цялят не гнаў. Нацкую на Ватыкан гэтулькі тараканаў, што нават святое папскае войска рады не дасць. Магу яшчэ камандзіраваць туды клапоў і блох, жаб і пацукоў і іншых жыхароў егіпецкіх... Якая наша сілка, такая будзе і скібка...