— Годзе! — сказаў кардынал Баніфацый.— Не пужай, пане Заяц. Я ж ведаю тваё добрае сэрца. Не засыпай пяском зла золата сваёй душы. Я вельмі рад, высокапастаўлены над усімі намі пан Заяц, што меў гонар пазнаёміцца з табою. Пакліч сюды сваю шаноўную фамілію. Я кожнаму яе прадстаўніку прывёз на памяць дрындушачку з Ватыканскай гары.
Дзіда-дзед засмяяўся і паклікаў:
— Саўка! Юрка! Люсенька! Сюды! Наш госць добры дзядзенька. Ён хоча расчыніць перад вамі пялёсткі свайго сэрца праз дары са святой рымскай гары. Як гэта кажуць, няма ліха без дабра.
— ...Вось пантопля Кія дзесятага! — сказаў кардынал Баніфацый і выцягнуў з-пад чорнага адзення з кішэні штаноў аксамітную пантоплю з вышытым на ёй залатымі ніткамі крыжыкам.— Можаш забраць сабе на памяць, пане Заяц! — сказаў вясёлым голасам кардынал Баніфацый.— Перадам яго святасці, што пан Заяц кожную раніцу замест малітвы цалуе пантоплю.
Дзіда-дзед засмяяўся.
— Я пакуль што не каталік,— сказаў ён.— Але калі сустрэнуся з брахунамі, то будзе хоць чым рот ім заткнуць.
Кардынал Баніфацый засланіў свой рот рукой і сказаў:
— Хачу развітацца з панам Зайцам па-добраму!..
— Калі пан такі добры,— сказаў Юрка Дратва,— дык я дам пану па сакрэту парашок супроць тараканаў.
Юрка Дратва дастаў з кішэні пушачку і падаў кардыналу Баніфацыю. Кардынал падзякаваў, палажыў пушачку ў кішэню, усміхнуўся і сказаў:
— Пан Юры забыўся, што цяпер ніякія ранейшыя парашкі не дзейнічаюць на насякомых.
Шчыры Юрка Дратва з крыўдай падаіў сябе за рэдкую бародку і сказаў:
— Пан кардынал яшчэ добра Юркі не ведае. Калі Юрка кажа: парашок ад тараканаў, дык гэта цяперашні парашок ад цяперашніх тараканаў. Мы з аптэкарам Савіцкім цэлыя суткі галовы ламалі над тым, як бараніцца ад тараканаў...
Кардынал Баніфацый, смеючыся, запытаўся:
— I прыдумалі парашок?
— Прыдумалі! — сказаў Юрка.— Маё слова моцнае, як дратва! Калі кажу прыдумалі, дык прыдумалі! Парашок усыпляе тараканаў.
— А сон доўга цягнецца? — зацікавіўся кардынал.
— Пяць год, а калі павялічыць дозу, дык і дзесяць год. Не толькі таракана — мядзведзя можна ўсыпіць! — бахваліўся Юрка Дратва.
Твар кардынала Баніфацыя заззяў, як сонца. Ён сказаў:
— Дзякую за парашок. Усяго добрага! Павязу Кію дзесятаму падарунак ад пана Юрыя. Яго святасць вельмі ўзрадуецца. Усяго добрага ўсім!
Высокі кардынал Баніфацый адчыніў нізкія дзверы і нагнуўся так, нібы яму трэба было пралезці праз падваротню. Ён выйшаў, не ўдарыўшыся галавой, і моцна стукнуў клямкай. А Дзіда-дзед стукнуў сябе моцна пальцам у лоб.
— Ах ты, Юрачка, ды з цымбаламі, водзіш дружбачку з кардыналамі. Я мёдам пішу, а ты смалою падпісваешся? Ты ж мне сапсуў усю капелю... Сон — блізкі кум смерці. А калі я выратаваў жыццё ад смерці — ты з рознымі аптэкарамі Савіцкімі пачаў прыдумляць парашкі на сон? Брыдка! I яшчэ раз брыдка...
Юрка Дратва аж зачмыхаў носам ад згрызоты і пачаў апраўдвацца:
— Вельмі ж мне надакучылі тараканы...
Дзед спыніў апавяданне і дарваўся да тытуню. Унукі запыталіся:
— Кій дзесяты б'ецца?
— Кожны кій б'ецца, дзеткі мае, калі пападзе ў злосныя рукі... Ага! Добра што ўспомніў, дзеткі. Вазьміце парашок, што я ўчора купіў у аптэцы, і пасыпце на мой стол. На ім завяліся тараканы.
У караля Пінг-Понга
Пасля вячэры дзед запытаўся ва ўнукаў:
— Вы памятаеце пані Сарачынскую?
— Яна апранулася ў пер'е прыгожай Павы,— сказаў унук.
— Саўка даў ёй табакерку з ружай і запісачкай, але без Смерці.
— Згодзен! — узрадаваўся дзед.— Цяпер слухайце. Эге! Пані Сарачынская паляцела тады ціхачом да хірурга. Пацягнула за званок, яе ўпусцілі. Хірург — высокі, чарнявы заіка — здзівіўся. Пасля таго як Дзіда-дзед схаваў Смерць у табакерку, ніхто ў хірургах не адчуваў аніякай патрэбы.
— Вы, ма-ма-ма-ма-дам Пава, па якой справе? — запытаўся ён.
— Я,— сказала пані Сарачынская,— хачу, каб вы мне зрабілі аперацыю.
— А-пе-пе-пе-р-рацыю?! — здзівіўся хірург.— Цяпер?!
— Цяпер,— сказала пані Сарачынская.
— Што вам б-б-баліць?
— Нічога не баліць. Хачу нешта схаваць у жываце, каб ніхто не ўкраў,— тлумачыла Сарока.
— Пе-пе-першы в-вып-п-падак у маёй п-практы-цы,— здзівіўся хірург.— Што ж! Ап-п-перацыя лёгкая... Ніхто цяпер па-па-памерці не м-м-можа. Жыццю па-па-па-пагрозы няма. Што ма-ма-ма-мадам Пава хоча схаваць?