Раптам Дзіда-дзед закалаціўся з галавы да ног. Ён пачуў небяспечную агідную звягу:
— Іях-іях-іях-іях! Дзях-дзях-дзях-дзях!
— А хто так яхкаў і дзяхкаў? — запыталіся ўнукі.
— Сабака, ганчак, каб яго зямля не насіла! Значыць, сабака трапіў на яго, Дзіда-дзедаў, след. Значыць, тут і стралец са стрэльбай цікуе. I не так шкадаваў Дзіда-дзед жытка сваё, як дарагую табакерку,— вельмі шкадаваў. «Ні за што, ні пра што табакерка чорту лысаму застанецца, калі я загіну»,— думаў Дзіда-дзед. А водгаласкі покатам каціліся з бярэзніку, з хмызняку, з возера, з чыстага поля:
— Іях-іях-іях! Дзях-дзях-дзях!
— Ой, баімося! — піскнулі ўнукі.
— Не бойцеся, родненькія,— супакойвае іх дзед.— Да нас ніякі паляўнічы са сваімі сабакамі не дабярэцца. А Дзіда-дзеду было тады страшнавата. Аднак ён не вельмі збянтэжыўся. Эт! Страшней смерці не будзе. Панюхаў тытуню і начхаў, казаў той, на ўвесь свет! Разумны быў ён, светлай памяці. Эге! I Дзіда-дзед рашыў пісаць па зямлі кітайскую грамату — блытаць сляды, каб збіць сабаку з яго сабачага панталыку.
Блытаў ён, блытаў і рабіў мудрагельныя петлі. Зробіць пятлю і — скок у паветра на дваццаць зайцаў у даўжыню, другую пятлю і — скок, трэцюю — скок! I скакун жа быў наш Дзіда-дзед — над усімі скакунамі скакун! Ніякі ганчак не данюхаецца, куды скокнуў Дзіда-дзед. Скокнуў куды трэба — у самае неба.
Урэшце Дзіда-дзед схаваўся ў кусты і слухае, і чакае, што будзе далей. А навокал — дзях-дзях-дзях! Чах-чах-чах! Не жартачкі — Смерць-паганіца на носе, як той клешч, сядзіць. Эге!
Вось ужо і сабака блізка і стралец блізка. Дзіда-дзед хітрыў, хітрыў, ды не перахітрыў. Данюхаўся ган чак, каб на яго звод! Накінуўся на Дзіда-дзеда драпежны, магутны, чарнабуры. Зрэнкі ганебныя гараць пякельным агнём, дыхае полымем, язык чырвоны, як агонь, а клыкі, клыкі! Абцугі, а не клыкі... Эге! Во за раз канцы...
— Ой, баімося...— піскнулі ўнукі.
— Не бойцеся, малыя,— сказаў дзед і хвіліну адпачыў.
Дзед зноў пачаў:
— Дзіда-дзед правільна меркаваў: трэба быць адважным. Смерць не ручаінка — не пераскочыш. Але гэты закон пісаны толькі для баязліўцаў. Адважнаму і неба невысока і мора неглыбока. Дзіда-дзед, доўга не думаючы, шахнуў-махнуў, скокнуў на ганчака, збіў яго з ног, а сам толькі свіснуў — ф-ф-ф'юіць! Як маланка бліснуў! Эге!
I зноў лататы! Што ні скокне — на сорак зайцаў у даўжыню.
Дзіда-дзеду тады здавалася, што да самых воблакаў скача. А па ім стралец са стрэльбы сыпле і так грыміць, аж зямля дрыжыць, аж лес стогне.
Раззлаваўся Дзіда-дзед на стральца: страляеш, дык грукні адразу ў лоб, і капут! А то... хочаш, каб я табе лоб пад самую рульку падставіў? На!
I Дзіда-дзед з імпэту і злосці кінуўся на стральца. Альба — альба! А можа, выратую табакерку... Гарачы быў наш Дзіда-дзед, светлай памяці! Гэта ж трэба з глузду з'ехаць, каб лезці з вушамі і вусамі ў разбойніцкія лапы! Эге...
А ў небе Сарока, суседка белабокая, ляціць ды на ўсё горла крычыць.
— Дурань касавокі, што ты робіш? Чаго ты лезеш, як мыш у саладуху?
— Маўчы, лапатуха! — крыкнуў Дзіда-дзед і скокнуў стральцу на грудзі...
Стрэльба грукнула-стукнула, стралец ухнуў і ахнуў і кінуўся вобземлю, а наш Дзіда-дзед стралой памчаўся, куль-куль-куль, гуль-гуль-гуль — як віхор! Эге!
— От, малайчына наш Дзіда-дзед! — узрадаваліся ўнукі.
— А то як жа! — падтакваў дзед.— О-го-го! Куль гіцнуўся Дзіда-дзед пад корч, каб патыліцу пачухаць і тытуню панюхаць. Тыцнуў-мыцнуў рукой за пазуху — табакеркі няма. Тут Дзіда-дзед здранцвеў датаго, хоць жыўцом у магілу хавай. Жартачкі, такая табакерка прапала! Каб вам не зманіць — вось гэта самая табакерка...
— Гэта самая?
— Эге!
Дзед на хвіліну спыніўся, уволю нанюхаўся, і начхаўся, і паехаў далей.
— А Дзіда-дзеду табакерка была даражэй за свае ўласныя вушы. Што рабіць? Няўжо ж прыйдзецца ў другі раз ставіць жыццё на кон? I прыйшлося! Дзіда-дзед выйшаў у чыстае поле шукаць табакерку. Чуе — стралец стогне, а сабака скавыча. Што за капелю наладзілі? Зіркнуў ён правым вокам, зіркнуў левым — праўда! Яго шчырыя сябры зусім не жартуюць. Качаюцца па зямлі і стралец і яго хлапец, гэта значыць, ганчак. А стрэльба ляжыць воддаль. Аказваецца, як Дзіда-дзед наскочыў на стральца, стрэльба бабахнула сама, разарвалася рулька, бо залішне пораху ўсыпаў стралец. Шрот папаў стральцу ў рот і ганчаку ў жывот.