Выбрать главу

У Саўкі быў конь і карова. Запраглі каня ў вялізны воз, які Юрка Дратва купіў у аднаго местачковага балагула. На воз палажылі бебахі, пасадзілі Люсеньку і дзяцей Саўкі і Юркі, да воза прывязалі Саўкіну карову, пагналі каня і пайшлі за фурманкай.

У той час ужо многа дзе дачуліся, нібы Смерць знаходзіцца ў каралеўстве Пінг-Понга. Дзіда-дзед быў рады, што яго больш ніхто непакоіць не будзе.

Па дарозе, пад гару, конь занаравіўся і не хацеў рухацца з месца. Конь не слухаўся і пугі гаспадара...

— Каню цяжка цягаць такую фуру, напакаваную паўнютка ды яшчэ з коптарам, а на коптары — восем чалавек дзяцей. Давай, пане Заяц, купім яшчэ пару коней. Тады і мы самі не будзем тупаць пехатой.

Так яны і зрабілі. Кожная сям'я сядзела на сваім возе. Навокал гэтых трох фурманак кружыўся ўюном Саўкін паляўнічы сабака, які зваўся Кудлаты.

Было вельмі пагоднае лета. Жыта стаяла вышэй чалавечага росту. Хто больш за ўсіх радаваўся такой вандроўцы? Люсенька і дзеці Саўкі і Юркі. А паколькі іх было восем, дык і радасць была павялічана ў восем разоў.

Нанач яны спыніліся ў ляску пры дарозе каля чыстага ручая. Яны паставілі палатку, якую Юрка Дратва не забыўся купіць, прынеслі з лесу хвораст і расклалі вогнішча. Дзве жанчыны — жонкі Юркі і Саўкі — рыхтавалі вячэру. Дзеці падкідвалі на агонь сухія галіны, а трое мужчын селі на траве ля палаткі і давай меркаваць, што далей рабіць.

З голаду яны, канешне, цяпер не памруць, калі не будуць есці хоць тысячу год. Але будзе ўсё ж непрыемна, аслабееш, і ад цябе астанецца вечная скура і вечныя косці. Доўга яны меркавалі аб усім гэтым, алэ пакуль што да нічога не дадумаліся. Праўда, можна было вярнуцца ў свае старыя гнёзды, але цяга да вандроўкі раптам апанавала кожнага з іх з такой сілай, што гэту сілу нельга было перамагчы.

Калі добра пацямнела, усе павячэралі гарачай стравы. Дзеці забаўляліся пры агні з Кудлатым, пакуль заснулі. Старэйшыя дзеці панеслі меншых у палатку, дзе для іх ужо былі наладжаны пасцелі. Хутка за імі пайшлі спаць і дарослыя, спутаўшы коней жалезнымі путамі.

На варце астаўся Кудлаты.

Была ясная летняя ноч. На ўсходзе свяціў яркі маладзік у выглядзе залатой табакеркі. Зоркі былі рассыпаны па цёмна-сіняму полю неба маленькімі шчапоткамі залацістага нюхальнага тытуню і адкідвалі на зямлю брыскі святла, нібы іскры. Апрача Кудлатага, пасля дзённых клапот усе вандроўцы спалі салодкім спакойным сном...

Надышла поўнач.

Навокал стаяла цішыня. У цішыню ўрэзвалася толькі бразгатанне конскіх жалезных пут. Раптам завыў Кудлаты. Гэты разумны паляўнічы пёс пабачыў на ўзлессі дзве пары маленькіх, як іскры, аганькоў. Аганькі рухаліся да коней.

Гэта былі два ваўкі.

Кудлаты ўскочыў на ногі, натапыршчыўся, і па ўсім абшары пачулася:

— Гхаў-гхаў-гхаў!

Прачнуліся ўсе — і старыя і малыя.

Яны заўважлі ля коней двух шэрых аграмадных ваўкоў. Коні не звярталі на ваўкоў ніякай увагі. Усе рассмяяліся са старой прывычкі Кудлатага.

— Кудлаты меў прычыну брахаць,— сказаў Юрка Дратва.— Розум Кудлатага сшыты моцнай дратвай. Бо ваўкі маглі сцягнуць з вазоў што-небудзь з нашых харчоў. Ваўкі астаюцца ваўкамі.

Тым часам Кудлаты супакоіўся і пачаў гуляць з ваўчыхай. А ваўку на спіну ўскочыла Люсенька і давай катацца. Воўк быў спокойны, як цялушка. Тады Дзіда-дзед прапанаваў:

— Ведаеце што, браткі? Возьмем з сабою і ваўкоў. Няхай дзеці бавяцца з імі, ды ў гаспадарцы прыгодзяцца гэтыя шэрыя лясныя дзядзькі.

Сказаўшы гэта, Дзіда-дзед кінуў ваўкам па акрайцу хлеба і прывязаў ціхіх звяроў да свайго воза. Доўга ён іх гладзіў і гутарыў з імі:

— Вы, бедныя, засумавалі па мясе, па жывой крыві... Нічога! Лепш галоднаму галавою сівець, чым сытаму сэрцам паршывець.

Усе зноў пайшлі спаць.

Не паспелі яны паспаць і гадзіны, як іх зноў раз будзілі. На гэты раз іх супакой парушыў чалавек. Дзіўны быў ён, гэты чалавек.

За ім бег сабака, а на вяровачцы чалавек вадзіў магутнага гордага льва — былога цара звяроў.

Нашы вандроўнікі на хвіліну аслупянелі.

Яны прывыклі бачыць льва ў моцнай жалезнай клетцы, спацыруючага туды і сюды ў цесным квадраце няволі. Быў ён хоць і ў няволі, але з гордай асанкай, з залацістымі вабнымі, прыгожымі вачыма, з акладзі стай барадой патрыярха. Ён, бывала, ляскатаў па жалезных кратах клеткі магутным хвастом з кутасом на канцы. А калі леў рыкаў — з яго пашчы дымілася пара, дрыжала паветра і сэрцы ўсіх наведвальнікаў цырка.