Саўка накінуў на плечы Дзіда-дзеда гуньку з вясковай тканіны з залацістымі клетачкамі, а на галаву насунуў яму бяроставы высокі каўпак з вострым шпілем і доўга шаптаў яму нешта на вуха.
Юрка Дратва выстраіў звяроў і жывёл у адзін рад, дарослыя і дзеці ўзялі келішкі ў рукі, пасля чаго Дзіда-дзед з Саўкам збоку падышлі да паэта. Дзіда-дзед падняў руку ўгару, Саўка яму ўвесь час ціхенька шаптаў на вуха, і ён, Дзіда-дзед, паўтараў урачыста ў поўны голас:
— О, краса і цвет зямлі, геній і соль свету, сын Апалона з сабакам Апалонам! Твой трон — дзяжа, зробленая слаўным бондарам. Дзяжа — бацька ўсіх найлепшых інструментаў на зямлі. Без дзяжы і хлеб не хлеб. А без хлеба надзённага хлеб духоўны ніякага смаку не мае. Твая карона — каструля з бліскучай медзі, на якой адлюстроўваецца сонца. Няхай і твой талент пераліваецца з праменнямі сонца ў адно цэлае на векі вечныя. Твой скіпстр — снапок крапівы. Няхай твае словы праўды пякуць сэрцы людзей, як пячэцца наша родная крапіўка. Твая дзяржава — качан капусты, круглы, як поўны месяц у небе. Няхай на ўсёй зямлі, дзе толькі свеціць месяц, свеціць твая слава, калі яна будзе заслужаная. I няхай будзе згода ў нашай скамарошай сям'і, як паміж гэтымі звярамі і жывёламі. I няхай твая добра настроеная ліра ніколі не будзе фальшывай, тады яна запалоніць сэрцы людзей, як я запаланіў Смерць у табакерцы. Будзь у нас царом скамарохаў на вечныя годы!
Усе ўсклікнулі:
— Будзь у нас царом скамарохаў на вечныя годы! А потым...
Тут дзед спыніў апавяданне і сказаў:
— Дайце адсапнуцца, дзеткі. Я стаміўся...
— А мы хочам ведаць, што далей было! — артачыліся ўнукі.
— I я хачу ведаць, што далей было,— засаромлена сказаў дзед,— але забыўся. Заўтра ўспомню.
— Як можна забываць?! — дзівіліся ўнукі.
— А ведаеце што? — сказаў дзед.— Знайдзіце такую трубачку са шкельцам, зірніце ў яе і самі даведайцеся, што было далей.
— Што гэта за трубачка? — зацікавіліся ўнукі.
— Ну, штучка такая з цудоўным шкельцам,— тлу мачыў дзед.— Зірнеш ў яе раз і ўбачыш, што было даўным даўно. Зірнеш другі раз — бачыш, што на ўсім свеце робіцца цяпер. Зірнеш трэці раз — бачыш, што будзе рабіцца на свеце праз тысячы год наперад, у будучыні...
— Купі нам, дзядок, такія трубачкі са шкельцамі!
— Яны за грошы не прадаюцца, як і талент. Гэта называецца мудрасць.
— Дык што рабіць? Мы хочам ведаць, што далей рабілі скамарохі, а ты забыўся, дзядок...
— Я ўспомніў, але цяпер мне трэба праверыць, як вы чытаеце і пішаце.
Унукі зморшчыліся ад неахвоты, але дзед разгарнуў перад імі кніжку, і яны чыталі па чарзе. Такім чынам яны прачыталі гісторыю пра хітрую лісу і дурную варону. Ні ліса, ні варона ўнукам не спадабаліся.
Унучка выказала жаданне быць арлом ці сокалам, а ўнук хацеў стаць скамарохам. Ён ужо крыху ўцяміў, што гэта за птушкі — скамарохі. Яны хадзілі з вучонымі мядзведзямі і малпачкамі, былі вясёлыя і бедныя і ведалі ўсё-ўсё.
— Стаць добрым скамарохам не лягчэй, чым стаць арлом альбо сокалам,— сказаў дзед.— Бо хто ўмее лятаць у сваіх думках, у таго вырастаюць і крыллі. Эге! Але ёсць стварэнні, якія трубяць аб тым, што лятаюць, а яны толькі скачуць, як блохі. Эге! Прынясіце, дзеткі, палын і насыпце ў маёй каморцы. Кажуць, што блохі вельмі баяцца палыну.
Скамарохі
Заўтра раніцай дзед прыступіў да апавядання. Ён пачаў так:
— Думаць добра заўсёды, а выдумляць — не заўсёды. Калі б, скажам, скамарохі толькі выдумлялі, яны былі б вельмі кепокімі скамарохамі. На прыкла дзе аб козах і розных стракозах яны паказваюць жыццё... Скамарохам з Дзіда-дзедавай гісторыі прыходзілася паказваць Смерць, бо людзі хутка аб ёй забылі і ім прыходзілася напамінаць пра Смерць, каб больш шанавалі жыццё.
Цар скамарохаў затрымаў сваіх падданых у чыстым полі да глыбокай восені. Ён набыў для сябе асобную палатку. Кожны раз пасля вячэры пры вогнішчы, калі ўсе клаліся спаць, ён запальваў свечку ў сваёй палатцы на ўсю ноч і пісаў кароценькія п'есы, якія ўдзень вандроўцы рэпеціравалі. Ён іх пісаў, ведаючы сваіх акцёраў — вялікіх і малых. Кожнаму з іх, паводле асабістага характару акцёра, цар скамарохаў пісаў ролю. Былі Дзярыгорлы, Дзярыголавы, Сокалы, Арлы, Мудрыя, Адважныя ды іншыя такія прозвішчы. Цар скамарохаў дамагаўся, каб кожны з акцёраў граў самога сябе. Гэта было вельмі трапна прыдумана. Прад стаўленні скамарохаў па вёсках і мястэчках, нават па гарадах, вельмі падабаліся. Людзі смяяліся да слёз.
Цар скамарохаў вымуштраваў льва, ваўкоў, сабак, коней для спецыяльных цыркавых нумароў. П'есы ён пісаў лёгкія і маленькія. Яны раніцой пісаліся, вывучаліся, а вечарам ставіліся.