Дзіда-дзед выклікаў пажарную каманду і папрасіў абліваць вадой скамарохаў. Гэта не памагло. Тады Дзіда-дзед загадаў наліць вады ў вялікія скрынкі і палажыў туды рагочучых скамарохаў. Калі яны захлынуліся ў вадзе, рогат спыніўся. Канешне, калі б Смерць не знаходзілася ў Дзіда-дзедавай табакерцы ў яго за пазухай, тады ўсе скамарохі патапіліся б.
Дзед спыніў апавяданне, бо зарагаталі ўнукі і гэтым перашкодзілі яму гаварыць! Ён усміхнуўся і сказаў:
— Унукі шаноўныя! Калі не сціхнеце, мне прыйдзецца ўжыць Дзіда-дзедавы спосаб. Аплюхаю вас з вядра.
Калі ўнукі супакоіліся, дзед запытаўся:
— Што ж бы вы, унукі, зрабілі з такой паскуднай і хітрай каралевай?
— Я расказаў бы пра яе ўсю праўдачку,— сказаў унук.
— Дзіда-дзеду пасля гэтага зноў надакучалі б розныя людзі,— апраўдвала ўнучка Дзіда-дзеда.
— Але ж яна наводзіла фальшывы страх на ўвесь народ,— сказаў унук.— Няхай бы лепш адзін Дзіда-дзед цярпеў. Няхай бы ён моцна звязаўся з тымі людзьмі, якія ненавідзяць Смерць.
— Гэта ж праўда! — згадзілася ўнучка.
— Эге...— мнагазначна сказаў дзед і наморшчыў лоб.— Паганая Сарока аказалася спрытнейшай за сумленнага Дзіда-дзеда. Раскажу вам заўтра, што было далей. А вы не гневайцеся на нашага Дзіда-дзеда. У яго быў праз меру мяккі характар, вечная памяць яму.
— Характару вечная памяць? — запытаўся ўнук.
— Не характару, а Дзіда-дзеду,— сказаў дзед.— Я стаміўся... А вы, унукі, зусім кепскія па характару. Вымазаліся ў гліне — аж страх! — злаваўся дзед.
— Я ляпіў з гліны Дзіда-дзеда,— сказаў унук.
— А я — Люсеньку! — сказала ўнучка. Дзед тупнуў нагой і закрычаў:
— Ідзіце, вожыкі, прадайце ножыкі, купіце мыла, памыйце рыла! А то адсцёбаю вас жыцянай пугай і запру ў вялікай табакерцы з бліноў і масла...
Малыя зараз жа пайшлі на рэчку і памыліся.
— За тое, што паслухаліся,— сказаў дзед,— я вам заўтра раскажу аб тым, як у Дзіда-дзедаву гісторыю не хочучы ўскочыў аптэкар Савіцкі.
Цудадзейныя буракі
Назаўтра дзед звярнуўся да ўнукаў з такімі сло вамі:
— Калі вы, майстры фігур з гліны, памятаеце, Юрка Дратва дастаў у аптэкара Савіцкага парашок тараканам на сон. Юрка Дратва аддаў гэты парашок кардыналу Баніфацыю, каб выратаваць Ватыкан ад тараканаў.
Кардынал Баніфацый пайшоў у папскі палац, дзе Кій дзесяты з нецярплівасцю чакаў табакерку са Смерцю. Кій дзесяты і не думаў выпускаць Смерць на волю. Ён толькі хацеў запалохаць табакеркай увесь свет. Кій дзесяты быў яшчэ злейшы за паню Сарачынскую.
Сустрэўшыся з Кіем дзесятым у адным з пакояў пышнага папскага палаца, кардынал Баніфацый набожна прыпаў да яго ног і пацалаваў папскую пантоплю. Кій дзесяты запытаўся:
— Прывёз Смерць у табакерцы?
— Прывёз,— адказаў кардынал.— Табакерка ў маім дарожным чамадане. Вакол яго — сто езуітаў. Варта вельмі пільная. Хутка прынясу табакерку ў Ватыкан. Даруй, уладыка, мае грахі, я так стаміўся, так аслабеў, што...
— Што...— падхапіў Кій дзесяты,— не шкодзіла б выпіць келіх святога Бенедыкта і два келіхі святога Антонія? Так?
— Так, так... з дазволу вашай святасці,— сказаў кардынал Баніфацый, набожна апусціўшы вочы.
Па загаду Кія дзесятага слугі прынеслі некалькі бутэлек сталетняга віна. Калі кілішкі былі напоўнены, спрытны кардынал Баніфацый дастаў з кішэні сонны парашок, які даў яму Юрка Дратва, і, калі Кій дзеся ты адвярнуўся на хвіліну да акна, усыпаў парашок у панскі кілішак і размяшаў пальцам. Пры гэтым ён не зводзіў вачэй з папскай спіны, па якой горда спацы равалі два адкормленыя вусатыя тараканы.
Было выпіта віно з бутэлек, а Кій дзесяты хоць бы што! Сонны парашок не падзейнічаў. Наадварот — Кій дзесяты разышоўся так, што, здаецца, зараз задзярэ полы і пусціцца танцаваць тарантэлу.
Занепакоіўся кардынал Баніфацый. Няўжо Юрка Дратва яго, кардынала, абмануў? Не можа быць! У Юркі Дратвы такі шчыры твар. Кардынал Баніфацый усыпаў сонны парашок і ў вячэру Кія дзесятага і снеданне — папа рымскі толькі добра паспаў. Бо з таго часу, як Дзіда-дзед злавіў Смерць, на намесніка бога на зямлі напала бяссонніца. Ад соннага парашка ён толькі памаладзеў.
Кардынал Баніфацый перадаў Кію дзесятаму пустую табакерку, сказаўшы, што гэта тая самая, што яму перадаў пан Заяц, напалоханы пасланнем яго святасці. Кардынал паехаў шукаць аптэкара Савіцкага.
Кій дзесяты ў адсутнасці кардынала Баніфацыя сабраў усіх іншых кардыналаў на нараду — выпусціць Смерць з табакеркі ці не?
Доўга цягнулася нарада ў сямідзесяці двух кардыналаў. Папскім каршунам і хацелася і калолася. Ха целася самім жыць вечна, а калолася тое, што Смерць у няволі і не пануе на ўсім свеце, і страх божы прапаў у людзей. Урэшце рашылі пакуль што трымаць Смерць у табакерцы. Кій дзесяты забраў табакерку ў сваю кішэню. Ён меў кепскае вока на караля Пінг-Понга, які так абманваў свет фальшывай табакеркай.