Выбрать главу

Раптам ён спыніў песню і пачаў узірацца ў бярэзнік. Вочы яго напоўніліся роспаччу і расчараваннем. Ён акамянеў. Вось што Дзіда-дзед, вечная памяць яму, угледзеў.

Па сцежцы з усіх сіл імчыцца воўк — малады, аграмадны, магутны. Яго ногі пругкія, і лёгкія на скаку. Ён знекуль цягне авечку... Ці ж так? Не! Не! Не! Дзіда-дзед пачаў супакойвацца. Беласнежная авэчка ляжыць на воўчай спіне, гайдаецца, як на пярыне, і зусім не баіцца. Вочы яе лагодныя. Яна не бляе, а пазірае з цікавасцю на белагрудыя бярозкі колеру яе шэрсці.

Вочы ў ваўка, спачатку злыя, з драпежніцкім жоўтым бляскам, пакрысе робяцца добрымі, спакойнымі, бадай-што такімі, як у авечкі. Нібы нутро звера пачынае астываць ад таго страшнага пекла і смагі ў крыві, якое паліла яго самога, яго бацькоў і дзядоў. Воўк змяншае свой тон, пакуль зусім не спыняецца. Крыху прыхіляе пярэднія ногі, і з яго спіны павольна, нібы з карэты, злазіць авечка.

I авечка і воўк пачынаюць з цікавасцю абнюхваць адно аднаго. У іх выгляд брата і сястры, якія дагэтуль шмат год не бачыліся. Яны ліжуцца, кладуць галовы адно аднаму на карак з нязведанай дагэтуль пяшчотай. У ваўка пачынаюць нараджацца новыя, незнаёмыя яму самому гукі: ён буркуе, як голуб.

Доўга паглядаюць яны адно на аднаго, пакуль авечка пачынае мірна шчыпаць траву. Воўк доўга нюхае траву, ліжа языком, дзівіцца нечаму ледзь не з чалавечым выразам у вачах і постаці, круціць галавой і кідаецца з наскокам на траву, як на падатлівае горла авечкі. Пару разоў ён выплюнуў траву, прысеў на заднія лапы і давай ірваць траву пярэднімі лапамі і зубамі — і глытаць камкамі, нібы мяса. Пакруціў галавой, шпарка ўскочыў і схапіў авечку за гарляк.

Авечка ўслужліва падставіла ваўку горла, ніба хацела сказаць: «Калі табе прыемна, рэж мяне...» Воўк з агідай адскочыў ад авечкі, прыпаў бокам да бярозы і завыў. Выццё павольна перайшло ў сабачы радасны візгат.

Воўк высока падскочыў, нібы хтосьці мацнейшы за яго падкінуў яго ўгору, і пачаў кружыцца на адным месцы ў радасным вар'яцтве. Сам ён захапіўся сваім танцам і пачаў падбрыкваць. Пры гэтым хвост скручваўся ў абаранак і зноў раскручваўся.

Воўк гулліва падсунуўся да авечкі і давай ілбом бадаць яе ў бок. Авечка строга патупала нагой, грэбліва на яго зірнула і накіравалася назад у вёску. Воўк, апусціўшы галаву, як вінаваты, ціха патрусіў за ёю.

Дзіда-дзед з захапленнем назіраў за ваўком і авечкай. Што гэта? Міра зямлі? Ці ж так? Што ж... без ветру і дуб не шуміць. Калі Зміцер хіцер, дык і Матрона не варона. Паспрабую і я!

Доўга не думаючы, Дзіда-дзед скокнуў ваўку на спіну. Воўк задрыжаў, спудзіўся, павярнуў галаву і лізнуў Дзіда-дзеда ў калена. Дзіда-дзед дастаў з кішэні доўгу вяровачку, накінуў на галаву ваўка, як аброць, і пакіраваў ваўка ў бярэзнік. Вазіў я цябе сваімі касцьмі, павязі ж ты мяне хоць на спіне! Ты ж, Мікіт М, не хвор...

Воўк паслухмяна павярнуўся і патрусіў дробным крокам.

Першы раз у жыцці Дзіда-дзед, каб яму лёгка ікалася на тым свеце, зрабіўся казаком — на ваўку конна паехаў. Стукнуў ён пару разоў пяткамі, нібы шпорамі, ваўка ў бакі — і воўк памчаўся па лясной сцяжынцы. Дзіда-дзед радаваўся ды толькі вусамі вадзіў направа і налева.

Тым часам вядомая на ўсю аколіцу пляткарка і звадыятка сарока-белабока мо ў дзесяты раз звоніць ва ўсе сарочыя званы і трубіць ва ўсе сарочыя трубы:

— Калі Смерць падышла да Зайца, ён вельмі спалохаўся. Гэта ж на ўсім свеце вядома баязлівасць зайцаў. Аб гэтым людзі ў сваіх кнігах друкуюць. Заяц глядзіць на Смерць, дрыжыць і не ведае, што рабіць. Я тады падскочыла, вырвала ў Зайца табакерку, адчыніла яе і кажу да Смерці: «Нюхай, матулька, нюхай, цётачка! Нюхай, золатца! Нюхай, ягадка! Нюхай, карміцелька наша, абараніцелька наша!» Яна, Смерць, прыгнула нос да табакеркі, а я, доўга не чакаючы, кульнула яе ў табакерку і хлоп табакерку на ўсе замочкі! Я, мае родныя, павесіла на табакерцы замок з пуд. «Не вылезеш, гадаўка, кажу. Сядзі і не свавольнічай, кажу. Тытунь, кажу, нюхай і паганыя лыткі свае чухай!» Каб у мяне крыллі адваліліся, калі не так! Каб мне раса вочы выела, калі не так! А Заяц зайцам — баязлівы і хітры — прыстаў да мяне смалой: «Аддай табакерку!» Яго ўласная, кажа, табакерка! I давай бэсціць мяне на чым свет стаіць. «Ты, кажа, такая, ты сякая, ты і гэткая!» Аж у мяне вушы вянулі ад яго брыдкіх слоў. Я зазлавалася ды тыцнула яму табакеркай у зубы. «Нюхай, кажу, калі твая табакерка!» Ён — табакерку за пазуху ды нават не падзякаваў... Наадварот — вылаяў: «Шышкі, кажа, глытай і смалой запівай».

* * *

Едзе сабе Дзіда-дзед на ваўку, слухае, як сарока меле языком і смяецца. Бяда яму, калі сарока выдумляе хлусню. На тое ж сарока! Ці ж разумнаму Дзіда-дзеду адгуквацца на яе брахню? У разумнага вочы і на патыліцы сядзяць. Ён ведае ўчарашні дзень, ён без акуляраў бачыць і заўтрашні.