Выбрать главу

Тут справа, мусіць, не толькі «ў крыві». Яшчэ многае напластоўвае i групаўшчына, i звычайная чалавечая непрыстойнасць.

* * *

Вельмі цікава чытаць артыкулы некаторых маладых крытыкаў-навукоўцаў: бачыш, хто якому апекуну (кіраўніку дысертацыі) наследуе. Па прыкладзе свайго маэстра, адзін навабранец любіць «на ўзроўні» тэарэтызаваць, другі – мець празмерную цягу да цытат-падпорак, трэці – захапляецца пэўнымі, у тым ліку i сумніцельнымі канцэпцыямі, «Падганяць» пад ix пракрустава ложа літаратурны працэс, чацвёрты – абапірацца на залашчаную ўжо абойму пісьменніцкіх імён, пяты – чытаць пісьменнікам курс лекцый па літаратуразнаўстве, вяшчаць ім прапісныя ісціны, шосты – дазваляць сабе судовую катэгарычнасць, нібы навучанне ў аспірантуры ці кандыдацкі дыплом дае права не толькі па-панібрацку адносіцца да творцаў, але i караць, i мілаваць ix, сёмы – паказваць цуды балетнага майстэрства перад масцітымі i танцы з шаблямі перад маладымі, восьмы — баіцца дыскусіі альбо не ўмее яе весці, дзевяты... i г. д., i г. д.

Калі ж натрапіш на артыкул, дзе не відаць нічыіх «вушэй», дык шчыра радуешся i пачынаеш уважліва сачыць за маладым таварышам, чакаючы i верачы, што ён скажа i свежа, i шчыра, i слушна!

* * *

Той-сёй «пільна» пачынае ўжо непакоіцца, што i ў некаторых нашых маладых пісьменнікаў, мастакоў моцная цяга да нашай гісторыі. «Пільныя» бачаць у гэтай цязе «не зусім здаровы дух».

Гэтыя «зычліўцы» – альбо абмежаваныя людзі, альбо наўмысна не хочуць разумець тых прычын, што выклікаюць павышаную цікавасць да мінулага. Пра ix, гэтыя прычыны, пра матывы вяртання цікавасці i любові да роднай зямлі хораша i грунтоўна сказаў выдатны рускі пісьменнік В. Распуцін у сваім інтэрв'ю часопісу «Литературное обозрение», 1985, № 9.

«Літаратура на зыходзе 20-га стагоддзя пачала гаварыць пра небяспекі, што нас спасцігнулі, болей узбуджана i паспешна, быццам адчуваючы, што наступае канец... – зазначаў ён. – Нават тое, што ў літаратуры адбываецца зараз працэс самапазнання чалавека ў сваёй гісторыі i нацыянальных карэннях, сведчыць пра яго неспакойную душу. Калі ўжо мы загаварылі пра адчуванні, то, можа быць, у гэтым адчуванне развітання. Пагрознага нам развітання. Чалавек хоча ведаць, што ўзяў ён сабе з мінулага i куды, у які бок крануўся з дадзенага яму родавага накірунку за сваё жыццё. Ен разважае, дзе i калі адбылося небяспечнае зрушэнне. У карэннях сваіх ён шукае жаданае апірышча, за якое можна зачапіцца, каб затрымацца на асвоенай продкамі зямлі. Да яго вяртаецца любоў да гэтай зямлі i ўдзячнасць да яе святыняў, але хіба ведаем, ці не спазніліся яны i ці магчымае поўнае вяртанне».

...Вось так, таварыш «пільны». Не спяшайся папракаць, абвінавачваць, спачатку разбярыся ва ўсім i зразумей усё – тады многія рэчы стануць для цябе не страшнейшыя за чорта, a зусім ясныя i вытлумачальныя.

* * *

Есць від птушак, што на мала зразумелых прычынах сам па сабе вымірае. I вось дзіва: птушаняты, яшчэ не паспеўшы як след вылезці з яйка ды прадраць вочы, пачынаюць адно аднаго задзёўбваць.

Зрэшты, ніякае тут, у братазабойстве, не дзіва, а самая сапраўдная трагедыя!

* * *

Большасць пісьменнікаў самі ідуць у літаратуру, найперш спадзеючыся на свае веды, на сваю шчырую i сумленную працу, часамі i на своечасовую зычлівую падтрымку тых, хто ўжо мае «вагу i голас». Некаторых сачыніцеляў альбо кволенькіх пераймальнікаў чужога, сярэдненькіх журналістаў літаральна на руках уносяць у літаратуру «дзядзькі», распіхваючы моцнымі плечукамі іншых, нават i таленавітых, працавітых. Унесеныя «шчасліўцы» гучна фыркаюць, фанабэрацца пад хвалебныя літаўры, спачатку засланяюць сабой сапраўднае, але варта «дзядзям» апусціць ix на зямлю, пакінуць ix адных, як у большасці з ix адразу ж праяўляецца іхняя бездапаможнасць, i яны, бедалагі, акаменьваюць i застаюцца на доўгай цярністай дарозе на Парнас.

* * *

Здаецца, дасціпны Піліп Сямёнавіч Пестрак даў жыццё гэтаму трапнаму выразу: той-сёй з аглядальнікаў, суддзяў нашай літаратуры падобны на кішаньковую табакерку з тытунём. Той-сёй з масцітых, адчыніўшы яе, з асалодаю панюхае і, задаволіўшыся, зачыніць i зноў схавае ў сваю кішэню.

...Чытаючы інтэрв'ю малодшых калег напярэдадні нашага з'езда ў маладзёжным часопісе, з прыкрасцю ўбачыў, што «кішаньковы бацыл» заразіў i некаторых творцаў. Ім, маладым (здавалася б, шчырым, бескампрамісным, дзёрзкім), пагарэзаваць бы, узмуціць спакой! Аж не! Наадварот, некаторыя найперш паслужліва падносяць да носа ўладнага сваю табакерачку, каб той i тытунік нюхнуў, i задаволена фыркнуў, – каб па патрэбе прылашчыў угодлівага «прыхільніка»...