Выбрать главу

Крануў артыкул «О мужестве писателя». Хіба не жыццёва, не слушна: «Калі пісьменніку не хапае мужнасці – ён загінуў, нават калі ў яго ёсць талент. Ён стане зайздроснікам, ён пачне знеслаўляць сваіх калег». Далей. «Савецкі пісьменнік павінен помніць яшчэ, што зло існуе на зямлі, што фізічнае знішчэнне, пазбаўленне элементарнай волі, насілле, глумленне, голад, фанатызм i тупасць, фашызм i войны існуюць. Ен павінен па меры сваіх сіл пратэставаць супраць усяго гэтага, i яго голас, узвышаны супраць маны, фарысейства i злачынстваў, ёсць мужнасць адмысловая». А вось гэта? «Самае страшнае – калі пра цябе маўчаць. Калі ты выдаеш кнігі i ты ведаеш, што гэта сапраўдныя кнігі, але пра ix не ўспамінаюць, – вось калі трэба быць моцным!»

Хто можа быць раўнадушны, чытаючы такія шчырыя, праўдзівыя i мужныя прызнанні?

* * *

A. Пушкін: «Дельвиг не любил поэзии мистической. Он говаривал: «Чем ближе к небу, тем холоднее».

* * *

Кюхельбекер – Пушкшу: «Не слушай, друг Пушкин, ни тех, ни других, ни журналистов, готовых гадить тебе и ругать тебя, как велит им их выгода, – ни близоруких друзей твоих! Слушайся вдохновения – и от тебя не уйдет ни современность, ни бессмертие».

Дарэчы, на пачатку творчасці A. Пушкіна, калі яго пачалі заўважаць i хваліць самыя пранікнёныя знаўцы паэзіі, пустадомныя фанабэрнікі пацяшаліся нават з ягонага прозвішча: «Ну, что такое «Пушкин?» Какой-то конюх!» А вось Пушкін стаў «сонцам рускай паэзіі!»

* * *

Малады Максім Гарэцкі: «Прыйдзе час, i з'явяцца вялікія песняры i пісьменнікі беларускай зямлі, каторыя патрапяць дасканала паказаць прыгожым словам тое, што поўніць мае грудзі, а што выказаць не маю сілы...»

Колькі сціпласці, зычлівасці, моцы i веры, i прароцтва было ў Максіма Іванавіча, калі пісаліся гэтыя нялёгкія, але прадбачлівыя словы! Сапраўды, вялікія людзі вялікія ва ўсім!

1980-1986

II (1990)

«Хлусня іншым ёсць часамі нявінная гульня, задавальненне славалюбнасці, – зазначаў Леў Талстой, – хлусня ж сабе ёсць скрыўленне ісціны, адступленне ад патрабавання жыцця».

* * *

У сталінска-брэжнеўскую эпоху тых, хто думаў i паводзіўся прыстойна, бязлітасна знішчалі альбо ганьбавалі, а тых, хто прыкідваўся, маніў іншым i сабе, лашчылі i падкормлівалі. Своеасаблівы катэхізіс – «История ВКП (б). Краткий курс» – умацаваў такія скрыўленыя погляды, такую скрыўленую мараль, што кожнаму з нас i цяпер нялёгка змяніцца: баімся іншых i сябе. Хлусня, боязь, што літаральна ўеліся ў нас, шашоляць i нашу душу, i арганізм усяго грамадства, не даюць узяць верх сумленнасці, праўдзе, сцверджанню самага простага i звычайнага, што побач, чаго патрабуе жыццё, здаровая логіка.

* * *

А. Герцэн: «Кожны адчуваў прыгнёт, у кожнага было штосьці на сэрцы, i ўсё ж усе маўчалі».

Чыёсьці былое i наша цяперашняе маўчанне, спроба прыстасоўвацца альбо затаіцца ў шчыліне i выжыць – па-першае, адтуль, з глыбінь стагоддзяў, калі ўлада змусіла нашых продкаў стаць на калені, схіляць галаву перад панам i царом, а па-другое, ужо i з новага часу, калі новьм ўладныя хлусілі, крывадушнічалі звыш усякай меры, прадумана i неміласэрна не толькі высочвалі, высякалі тых, хто мог думаць i гаварыць, але гэтак жа разлікова не давалі нават падняць галаву тым, хто мог бы ладаць голас пазней, хто рана-позна захацеў бы стаць асобаю, духоўна ўзвысіць грамадства.

* * *

Антон Чэхаў, з запісных кніжак: «...разумны кажа: «Гэта хлусня, але паколькі народ жыць без гэтай хлусні не можа, паколькі яна гістарычна асвечаная, дык выкараніць адразу яе небяспечна; няхай яна існуе пакуль, толькі з некаторымі папраўкамі...»

Многія ў нас, асабліва з прывілеяваных ветэранаў i з некаторых апаратчыкаў, зубамі i рукамі за такую «філасофію». Нават больш – на з'ездах народных дэпутатаў, на высокіх партыйных форумах людзі з новым мысленнем за адрачэнне ад застарэлых догмаў i стэрэатыпаў, за рашучыя перамены ў нашым жыцці, a іншыя па-ранейшаму аб'яўляюць учыненае сталіншчынай i сабой святым, самае вялікае згаджаюцца на невялікія папраўкі. I пры галасаванні арыфметычнай большасцю бяруць верх. Можа, i ад гэтага мы, грамадства, недаравальна доўга топчамся на месцы, стамляемся ад дыскусій, а то ўжо i зняверваемся ў тым, чаго яшчэ нядаўна хацелі.

Сёння ў нас, як мы кажам, «рэвалюцыя зверху».

Пры рэвалюцыі, як вядома, адмысловая сітуацыя, пэўныя палярныя сілы. У свой час, назіраючы за падзеямі 1905 года, вялікі рускі пісьменнік i мысліцель Леў Талстой падкрэсліваў: «Цяпер, у час рэвалюцыі, ясна абазначыліся тры групы людзей са сваімі якасцямі i недахопамі. Першыя – кансерватары, людзі, якія хочуць ціхамірнасці i працягу прыемнага ім жыцця i не жадаюць ніякіх перамен. Недахоп гэтых людзей – эгаізм, якасць – сціпласць, пакорлівасць. Другія – рэвалюдыянеры – хочуць змен i асмельваюцца вырашаць, якія трэба змены, не баяцца насілля для ажыццяўлення сваіх намераў, а таксама i сваіх нягод, i пакут. Недахоп гэтых людзей – дзёрзкасць i жорсткасць, якасць – энергія i гатоўнасць пацярпець для дасягнення мэты, якая ўяўляецца імі высакароднай. Трэція – лібералы – не маюць ні пакоры кансерватараў, ні гатоўнасці да ахвярнасці рэвалюцыянераў, а маюць эгаізм, жаданне ціхамірнасці першых i самаўпэўненасці другіх».