Мусіць, прыкладна такая сітуацыя i на сучасны момант. Праўда, нашы некаторыя кансерватары аб'яўляюць сябе добрымі i харошымі – «прагрэсіўнымі», a лібералы, што клянуцца ў вернасці перабудове, вычэкваюць: новы курс, «рэвалюцыя зверху» пераможа, рушыць наперад ці паверне назад...
Думаю, не трэба шмат тлумачыць, чаму кожны з нас уважліва сачыў за работай з'ездаў народных дэпутатаў. Назіранняў, розных думак мноства, але адзін аспект асабіста мяне асабліва ўразіў. Гэта – прамовы дэпутатаў «ад народа»: брыгадзіраў i старшынь сельскіх гаспадарак, дырэктараў заводаў i фабрык, якія любяць падкрэсліваць: «мы, сяляне», «мы, рабочыя»...
Многія з ix літаральна ашаламілі, паказалі: у многім наш сярэдні кіруючы корпус – цвёрдакаменны падмурак менавіта камандна-адміністрацыйнай сістэмы, па-другое, ён, прадстаўнік гэтага тыпу, гладзенькі i сыценькі, князькаваты, адарваўся ад знясіленага працай i пошукам мыла ды шыла простага народа, а па-трэцяе, калі i абапіраецца на «нізы», на «масы», то найперш на кансерватыўныя іхнія часткі і, самае страшнае, на сваю драпежную карысць. I некаторыя «народнікі» страшныя. Не шчырыя i сумленныя, a прыбліжаныя да ўлады, прыкормленыя. Скажам, яны, даволі справядліва патрабуючы «дысцыпліны i ладу», заадно фактычна падпяваюць уладцам у іхнім імкненні да дыктатуры i рэпрэсій, зусім не прадбачачы, што пры апошняй сітуацыі рана-позна могуць стаць ахкярамі i самі. Гісторыя яскрава паказала ж, па якіх прынцыпах дзейнічае махавік «адской машины»: сёння ты некага адправіў за краты, заўтра – хтосьці ўжо цябе...
У свой час Герцэн засмучаўся: «...з кансерватызмам народа змагацца цяжэй, чым з кансерватызмам трона ці амбона».
Не можам не засмучацца i мы: калі б не было столькі кансерватызму, правінцыйнасці, руціннай цярплівасці i без'языкасці ў нас, беларусаў, то іначай ішла б у рэспубліцы перабудова, іншы быў бы апарат, іншыя былі б адносіны да нашых нацыянальных бедаў...
* * *
Герцэн мог дазволіць сабе сказаць: «...калі існуючы грамадскі лад апраўдваецца розумам, то i барацьба супраць яго, калі толькі ёсць, апраўданая». Мы сабе такога дазволіць не можам: за гэга тут жа абвальваецца жорсткая кара...
У нас яшчэ амаль любая крытыка мінулага ці сённяшняга ўспрымаецца як «замах на СССР, на сацыялізм i партыю...» У нас, калі хто жадае арганізавацца ў суполку, сумесна дзейнічаць нават дзеля абнаўлення грамадства, павінен падаць наверх сваю праграму, павінен прасіць дазвол на любы крок i кожнае слова.
Цікава: ці змаглі б бальшавікі прыйсці да ўлады, калі б цярпліва выстойвалі ў прыёмных сытых i задаволеных царскіх чыноўнікаў, чакалі, калі ix прымуць, калі прачытаюць, ператруць па костачках i адрэагуюць іхнюю праграму, дадуць дазвол на мітынг, на рэвалюцыю?!
* * *
«Не тая хвароба небяспечная, што навідавоку ва ўсіх, прычыну якой усе ведаюць, – зазначаў Фёдар Дастаеўскі, – а тая, што тоіцца глыбока ўсярэдзіне, што не выйшла на паверхню i што тым мацней псуе арганізм, чым непазнаная, далей застаецца незаўважанай. Так i ў грамадстве... Сілы самаасуджэння найперш за ўсё – сіла: яна паказвае тое, што ў грамадстве ёсць яшчэ сілы. У асуджэнні зла абавязкова схаваная любоў да дабра: абурэнне на грамадскія пошасці, хваробы мае на ўвазе вялікае жаданне здароўя...»
* * *
Невялікая, але красамоўная заметка ў «Известиях».
Супрацоўнікі ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі i пракуратуры Карагандзінскай вобласці вырашылі перагледзець крымінальныя справы, прысуды па якіх, парушаючы ўсякія законы i чалавечую мараль, выносілі ў свой час так званыя «двойкі», «тройкі» i «асобныя нарады». Аказалася, шмат дакументаў глыбока схавана. Былыя работнікі НКВД наадрэз адмовіліся памагчы i знайсці тое, што трэба, i рэабілітаваць нявінных ахвяр 1930-1940 i пачатку 1950-ых гадоў.
Але дакументы ўсё ж знайшлі. Толькі «тройкі» знішчылі 1437 чалавек. Толькі ў чатырох (!) з 1670 (!) спраў, што разглядаліся, ёсць доказ віны. У астатніх – домыслы i паклёпы.