Нельга не жахнуцца ад двайной амаральнасці: i ад таго, што i як некаторыя нашы сучаснікі рабілі раней, i ад таго, як яны паводзяцца цяпер. Якую халодную душу, якое каменнае сэрца трэба мець, каб адмаўляцца аднаўляць справядлівасць, вярнуць добрае імя тым, хто павінен яго мець?! Мала гэтага, некаторыя з былых садыстаў не толькі жывуць прыпяваючы, моляцца на «мудрага з мудрых», ідэалізуюць яго лад, псіхалогію i мараль, ганарацца ўчыненым сабой, але на сходах рознага ўзроўню «б'юць трывогу», «выкрываюць экстрэмістаў», «нацыяналістаў», патрабуючы распраў з ім за іхнія погляды.
Можа, памыляюся, але, здаецца, асабліва агрэсіўныя пенсіянеры такога тыпу ў нас. Яшчэ i цяпер можна часта пачуць ад ix пад выглядам барацьбы за савецкую ці славянскую «еднасць», «святую справу перамогі над фашызмам» i г. д. самае звычайнае асуджэнне ўсяго новага i нацыянальнага.
* * *
«Чалавецтва разумела гісторыю як шэраг бітваў, таму да гэтага часу барацьбу лічыла галоўным у жыцці» (Чэхаў).
Дзе-дзе, a ў нас, здаецца, па-ранейшаму многія якраз так разумеюць, лічаць, а заадно нават у мірных дыскусіях вышукваюць ворагаў...
* * *
Нашы «Тутэйшыя» (літаратурнае аб'яднанне маладых пісьменнікаў. – Г. Д.) напачатку, бадай, былі самыя дзёрзкія, калючыя з усіх так званых нефармалаў. Невыпадкова, мусіць, i ў ix асобах некаторыя ідэолагі вышуквалі дыверсантаў, завербаваных заходнімі спецслужбамі, нацкоўвалі на ix, як i ўвогуле на ўсю беларускасць, былых бессардэчных спецаў нават па ўтаймаванні здаровага розуму i высакародных пачуццяў.
«Тутэйшыя» i іншыя, магчыма, дабіліся не вельмі шмат з таго, чаго хацелі, што маглі, але наскокаў, цкавання асабліва не збаяліся. Тым больш што ў лепшых пачынаннях ix падтрымала грамадскасць.
«Калі вялікія ідэі, што кіруюць сваім часам, – пісала вядомая руская пісьменніца Марыэта Шагінян (яна, дарэчы, разам з нашым Іванам Мележам атрымала Ленінскую прэмію ў галіне літаратуры), – абрастаюць, як караблі пад вадой, ракавінамі фармалізму, безжыццёвасці, мертвай абавязковасці, яны пачынаюць здавацца толькі абстрактнымі (рассудочными), толькі фармальнымі, i маладыя, новыя чалавечыя пакаленні, якія пачынаюць свой уласны век, непазбежна счэпліваюцца з імі ў баявой сутычцы, здзіраюць з ix ракавінкі, топчуць ix, уяўляючы, што топчуць, у пыл пераўтвараюць самыя гэтыя вялікія ідэі мінулага часу. Але ідэі не паміраюць. А стоптванне ракавінак, якімі яны абраслі, выступленне супраць абстрактнасці – заўсёды карыснае.
He толькі карыснае – неабходнае. Гэта патрэбна i для самога розуму i для новага чалавецтва».
* * *
Асуджаць, лаяць моладзь дзе трэба i дзе не трэба – справа не новая, даўняя. Але ёсць, здаецца, i адваротны бок медаля ў адносінах да моладзі. Іменна маладых спажывалі i спажываюць для самых дзёрзкіх, разбуральных i сваіх карыслівых спраў пад гучнымі i прыгожымі лозунгамі: у маладых мала сумнснняў, развагі, дальнабачнасці, але затое шмат запалу таптаць, нішчыць «старое» i ўсталёўваць «новае».
Усе рэвалюцыянеры, бунтаўшчыкі i рэфарматары звычайна былі маладыя. I найперш яны звычайна прыносіліся ў ахвяру пасля ўчыненага. Піянеры, камсамольцы, гітлерюгендаўцы i г.д.
* * *
Пры сваім жыцці Герцэн дакараў Заходнюю Еўропу, што яна «показала удивительную неспособность к социальному перевороту», радаваўся за Расію, што яна «не гак не способна к нему» – г. зн. да рэвалюцыі.
Пытанне: калі цяпер тая Еўропа працвітае, а наша краіна, мякка кажучы, адстала ад яе, усе часцей i часцей працягвае руку з просьбай памагчы, то хто меў рацыю? Па-другое, што было б са светам, каб пасля 1917 гада перамагла «перадавая» сусветная сацыяльная рэвалюцыя?
1990
III (1991)
Гадоў пятнаццаць таму вычытаў у Дастаеўскага: «Народ наш нищ и смерд, каким он был всегда, и не может иметь ни лица, ни идеи. Вся история народа есть абсурд...»
Шчыра прызнаюся, тады я вельмі балюча ўспрыняў такое самабічаванне, не залюбіў класіка за тое, што ён не толькі рускіх, але фактычна i ўсіх нас, усходніх славянаў, мякка кажучы ўнізіў. Цяпер ужо іначай адношуся да тых, канечне ж, балючых i для класіка слоў. Сапраўды, i гісторьы XX стагоддзя паказвае, што ў былых Расійскай імперыі i СССР – суцэльныя дзівосы. Мала, што на ix абрынуліся дзве сусветныя вайны з незлічонымі ахвярамі i стратамі, дык да гэтага іменна тут адбываюцца два гіганцкія пераломныя i спусташальныя эксперыменты: па будаўніцтве сацыялізму-камунізму (1917-1984) i па ўдасканаленні ці згортванні ix (1985-...). Колькі самаахвярнасці i гераізму, слёз i крыві, падзення i ўздыму, колькі, здавалася, поспехаў i перамог, заклікаў ісці ў светлую будучыню, але... у асноўным мы былі i ёсць прыніжаныя жабракі. Пры савецкіх незлічоных прасторах, багацці, спрыце i ўмельстве!