Выбрать главу

* * *

«Старшы брат»... Гэты тэзіс, як разумею, сталінскай закваскі: па-першае, каб улагодзіць некаторых з вялікарускага асяроддзя, па-другое, каб пры яго дапамозе лягчэй падмяць «меншых» альбо «малодшых» і, урэшце, каб спрытней трымаць у руках на самай справе вялікі рускі народ.

Але нельга не задумвацца як след: а што ж гэта такое – Расія, велікарусы? З імі ж цесна звязаны i наш лёс.

Хочаш ці не хочаш, але мы маем справу з феноменам. Здарылася так, што лёс даў Расіі шанец не толькі ўзнікнуць, сцвердзіцца, але i ўвесь час пашырацца – туды, куды бачылі з-пад рукі «багатыры» альбо «землепраходцы» тыпу Ермака, сілай i ca згоды далучаючы да сябе невымерныя абсягі ды дзесяткі іншых, часамі зусім чужародных народаў i па ходу пералепліваючы ix на свой лад. «А ну, чертенок, говори по-русски!»

Агромністыя прасторы, гарачыня i люты мароз, мяцеліцы; багацце, што літаральна пад нагамі; працяглыя i не ўсюды ўпарадкаваныя дарогі, на якіх не толькі нязручнасці, але i перахоп дыху альбо, мякка кажучы, розныя свавольствы; вабнасць чаканага агеньчыку, шынкі, гулянкі, песні, бойкі; старанная праца i спадзяванне на славутае «авось»; знясільваючая цяга да праўды i сумленнасці; бясконцыя войны, перамогі i святы; самаахвярнасць, гераізм i апатыя; вялікія поспехі ў навуцы i культуры; фанабэрыя, душэўныя пакуты ад сваёй велічы i незразумелай місіі; самаўніжэнне i пакланенне перад Еўропай... Усё гэта i іншае не магло не выхаваць фенаменальны, часамі непрадказальны характар. На яго няпроста накінуць аброць, змайстраваную па мерках Заходняй Еўропы, дзе многае ўсё іншае, абмежаванае ў памерах, не столькі пачуццёвае, колькі рацыяналістычнае ды ашчаднае.

Невыпадкова вялікі рэфарматар расійскага быцця Пётр Першы прышчапляў заходнія мадэлі сілай i гвалтам (насіллем пазней дзейнічалі i Ленін са Сталіным). Невыпадкова i тое, што нават сам народ, адчуваючы сваю «шырыню душы», асцерагаецца «смуты» i наклікае на сябе «жалезную руку», «гаспадара», даючы магчымасць умацавацца розным культам. Нарэшце зусім невыпадкова ў свой час Маркс у лісце да Засуліч зазначаў: яго тэорыі на аснове Заходняй Еўропы i для яе, бо ў Расіі, падкрэсліваў, усё іншае. Але...

...Асабіста я i з вялікай трывогай, i з вялікім пытаннем гляджу на нашага спакутаванага ды ўсё ж багатага i здольнага суседа, які рана-позна павінен акрыяць, стаць на ногі i зноў зірнуць удалеч з-пад рукі...

* * *

Леў Талстой: «Нельга змусіць розум разбіраць i выясняць тое, чаго не хоча сэрца».

Дэпутаты «ад народа» у Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь, асобныя кіраўнікі аграрных гаспадарак.

Люба слухаць, калі яны супраць «амбіцый», за «зберажэнне прыроды i зямлі, за лад ды кавалак хлеба для людзей», але, з другога боку, не можа не ўразіць іхняя агрэсіўнасць, катэгарычнасць i, выбачайце, чыста беларуская правінцыйнасць i абмежаванасць. Да слова, Беларусь i яе народ яны гатовыя бачыць без беларускага, як адно вялікае дагледжанае поле, як адну буйную наладжаную ферму з паслухмянай i больш-менш апранутай ды накормленай рабсілай пэўнага народнагаспадарчага рэгіёна. Клопат пра «усякую культуру» яны пакідаюць «на пасля», «калі пад'ядзім i апранёмся».

Не хочацца нікога абражаць, але ствараецца ўражанне: некаторым аграрыям (зрэшты i кіраўнікам прамысловых прадпрыемстваў) варта найперш займацца сваёй канкрэтнай справай i не імкнуцца ў вялікую палітыку, дзе трэба іншы, шырэйшы, дзяржаўны, кругагляд. Тым больш, што вопыт цяперашніх перадавых i квітнеючых краін свету паказвае: там быў i ёсць аднолькавы клопат як пра цела, так i пра душу, i гэта неабходная зарука ўсеагульнага цывілізаванага поспеху.

* * *

Яшчэ пра народных дэпутатаў-ветэранаў.

Цяжка, горка пісаць непачціва пра пажылых людзей. Але, на вялікі жаль, досыць вялікі атрад гэтых нашых парламентарыяў пакуль што яшчэ не праявіў як след уласцівых іхняму ўзросту вопыту i мудрасці: спачатку запета адстойваў былыя «святыні», што не ўсе былі такімі, паслужліва выконваў ганебныя даручэнні кіруючых партыйных структур i з усіх сіл не даваў вынырнуць з балота нашай рэчаіснасці «нефармалам» i «нацыяйалістам», а пасля пад ходам падзей увабраў галаву ў плечы, трацячы пазіцыі i грамадзянскае аблічча. Шкада, што ў многіх салідных людзей пад дарагімі касцюмамі, пад ордэнамі i медалямі так i не ажывілася чалавечая душа, замест яе як быў, так i застаўся высечаны на камені кодэкс былых догм i стэрэатыпаў, што выключалі думку, сумленне i спачуванне, сапраўдны клопат пра беларускую нацыю. Зразумела, не ўсё мінулае трэба ахайваць, (некаторых якраз яно, у тым ліку i цёмнае, падняло на паверхню), не ўсё новае – перадавое, трэба мець разумныя прынцыпы, але ўсё ж трэба пазбаўляцца... не, не ад ідэі, а ад былога ідэйнага ідыятызму.