Цяжка сказаць, калі Генік пачаў пазнаваць, усведамляць свой той, на думку i старэйшых, звычайны, адлучаны ад свету i сумнаваты, а пазней блаславёны ім жа хутар. Спачатку ён толькі бачыў i чуў, як усё ўспрыймае кожная жывая істота, убіраў у сябе, як тая ж зямля ўбірае начную цёмнасць, расістасць, сусвітанак, сонечнае святло, вецер, дождж, снег, каб жыць i пладаносіць альбо, наадварот, пуставаць. Затым неяк нечакана, а на самай справе – непазбежна незвычайна свядомае адкрыццё: у адзін зімова-вясенні час вільгатнее вецер, выпадаюць туманныя ночы, настае адліга – цёпла дзень-другі, сселы снег ідзе на звод – спачатку слёзіцца, на прыгрэўку знікае, сцякае пад старую снежную коўдру, вадзіца збіраецца i точыць сабе ручаіначку. Чаму i як – гэта яе адзін сакрэт! Выбіваецца, змагаецца за свой жыццёдайны pyx! I гэтага не спасцігнуць нікому i ніколі... I не толькі ў снежным свеце, але i ў іншым – па сваіх законах у лясных, пясчаных, спякотных мясцінах...
Зямля яшчэ не адталая, вада без яе сокаў, але ўсё роўна настойваецца водарны пах; у вадзе, што здолела выбіцца наверх, весела купаюцца чарнаватыя (любілі зімою грэцца ў цёплым коміне, дык абпэцкаліся сажаю) вераб'і. Яе, гэтую ваду, з задавальненнем першы п'е певень ды кліча асвяжыць горла i курэй. Па тым, калі ганаркі курыны цар апусціць сваю свяшчэнную дзюбу ў вясновую вільгаць, многае значыла: калі ён рана нап'ецца вадзіцы, то i рана вол ускубе, наесца травіцы. Першыя вясновыя сакавітыя травінкі – паратунак для жывёлы, а з яе выжываннем, моцаю – ужо не надзея, a мажлівасць акрыяць i селяніну...
Яшчэ праз некалькі дзён поле абапал Амшарка стракацее: вакол чэзлы снег, а сярод яго, на ўзвышках, праталіны. У такія часіны, блізка каля Звеставання (Дабравешчання), бывала па-рознаму: здаралася, першыя з далёкіх, як старыя людзі казалі, цёплых турэцкіх берагоў прыляталі сюды пажыць, вывесці дзетак буслы, а то i нечакана, калі вясна зацягвалася i змрочыла больш, чым зімой, праніклівым холадам, зляталі з непрытульнага краю. Ды не, мабыць, зусім нечакана i самымі першымі заяўляліся жаўранкі. Адзін з ix, ледзь бачна хвалюючыся крылцамі, адзінока нізка вісеў над праталінамі і... не тужлівіў, a ўзбуджана спяваў!.. «Абспеўвае поле!» – радасна казала маці, што тады Геніку было зусім не зразумела, што такое – «абспеўваць поле?» Ён толькі пазней зразумее, што ў словах малаадукаванай маці – розум Сялянскай Энцыклапедыі... Вось, да слова, яна казала такое: да не адспяванага жаўронкамі поля нельга было чапаць зямлю, бо «яна пры родах». Як i нельга было ў рукі браць насенне: на тое прыйдзе свой час. Альбо: «Ой, якое маладое неба!» Гэта – яшчэ зімой, калі яно пачынае хораша выблакітнівацца i напаўняцца лёгкімі вандроўнымі аблачынкамі. Адкрытая зямля, першая зелянота вельмі цешылі: за асабліва белую на хутары зіму засумоўвалі вочы па яркасці.
А яшчэ праз колькі туманіста-парнаватых начэй – ужо не ручаінкі, што цяклі з пагорачкаў уніз, a ў лагчынах на полі там i там вока вады, а на самым нізкім сярод ворыўнай зямлі поплаве, на старым, яшчэ асеннім лёдзе, – возера. Па ім, куды з розных бакоў збеглася вада-таліца, пры ветры нават адна за адной бягуць хвалі, i для палевіка-лесавіка Геніка – гэта дзівоснае мора (адзін з яго сваякоў жыў «за морам»). Не адзін i не два разы Генік з хутарскімі сябрамі спрабаваў па ім паплаваць (якое гэта вялікае жаданне для вясковага хлопчыка – пакатацца па вадзе i ўзляцець у неба!) Плавалі ў начоўках – дык не адзін раз i перакульваўся з ix у сцюдзёную ваду, за што строга ўшчувала нават маці (яна ніколі на ix, дзяцей, не падымала рукі, самае вялікае магла толькі хлістануць ручніком). Бярог Бог. Не прастуджаўся, хоць іншыя хваробы прычэпліваліся часта.