* * *
XIX стагоддзе – бурны перыяд развіцця даяржаўнасці, навукі i культуры, літаратуры многіх краінаў свету: Расіі (асабліва пасля цяжкай, але бліскучай для яе аўтарытэту перамогі над Напалеонам), Францыі, Англіі. Ішлі па плённым шляху дзяржаўнага аб'яднання i ўсебаковага развіцця, станаўлення агульнанацыянальнай мовы італьянскія ды германскія землі; Польшча, хоць страціла ў мінулым стагоддзі незалежнасць i была падзеленая паміж трыма суседнімі манархіямі, таксама здолела развіваць сваю культуру i літаратуру. Цяжка было Украіне – Маларосіі, што, на думку царскіх ідэолагаў, была састаўная частка ўсходніх славян i павінна была абвадняць «вялікую i святую Русь». Яшчэ цяжэй – Беларусі. Нашым паўднёвым суседзям хоць аўстрыйскія ўлады ў зоне сваёй акупацыі дазволілі частковае ўжыванне ўкраінскай мовы i выхаду некаторых выданняу на ей, але i гэта дазволіла украінскім дзеячам яшчэ на пачатку XIX стагоддзя пачаць фармаваць сваю нацыянальную ідэю i ствараць новую родную літаратуру (там украінцы яшчэ з 1840-ых мелі выданні на роднай мове). Беларусь, якая цалкам у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай увайшла ў склад Расійскай імперыі, такіх шанцаў не мела: афіцыйнае ўжыванне нашай мовы ў 1696-ым забараніў сейм Рэчы Паспалітай, a ў 1840-ым – царскі ўрад. I гэтая забарона цягнулася 210(!) гадоў, да верасня 1906-га, калі пабачыла свет першая легальная беларускамоўная газета «Наша доля». Паўторым, іншыя народы плённа развівалі сваю культуру i літаратуру, а беларуская была пад надмагільнай плітою, з-пад яе пранікалі праз трэшчынкі толькі асобныя парасткі i некаторыя з ix станавіліся дрэўцамі В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч i інш.).
Але, глядзіце, як нават з частковай адмены забароны беларускай мовы пасля 1906-га ў Беларусі ўсё ірванула! Янка Купала, Якуб Колас, Максім Баідановіч, Максім Гарэцкі i іншыя неверагодна хутка падхапілі ўзняты папярэднікамі сцяг i літаральна за дзесяцігоддзе не толькі ўпэўнілі ўсіх, што была, ёсць i будзе беларуская мова i літаратура, але i паднялі яе на ўзровень самых развітых моў i літаратур! Вось што значыць свежае паветра, вольнае дыхание для мовы!
* * *
Вельмі люблю «Словарь бълорусского нарьчія» I. Насовіча. Але мяне нядаўна глыбока ўразіў Ніл Гілевіч: на маё захапленне гэтым выданнем ён зазначыў, што Насовіч стварыў слоўнік рэгіянальны. «Правінцыйны?» Не, дадаў выдатны знаўца беларускай мовы, Насовіч склаў свой слоўнік амаль з адных уласна беларускіх слоў. Русіфікатары пляснулі ў ладкі: «наръчіе» пачне абагачаць рускую мову! Ды славісты ўсёй Еўропы ўражана сказалі зусім іншае, калегі, пачакайце: ды яно, як вы кажаце, гэтае «наръчіе» – арыгінальная i багатая, сакавітая i прыгожая, самастойная беларуская мова!
I. Насовіч (а ён напісаў i шмат мастацкіх твораў, што не выдадзеныя яшчэ i сёння) у XIX ст. разам з іншымі (у тым ліку i рускімі) фалькларыстамі не давалі беларускай мове зачэзнуць, рыхтавалі яе для ўжытку для новых пакаленняў.
* * *
З «Французской романтической повести» (Л., «Художественная литература», 1992) : «I вось з'яўляюцца дзіўныя, усім ненавісныя істоты, якія шалеюць. I немагчыма зразумець, хто гэта – людзі альбо д'яблы, i што спарадзіла гэтую наслань...»
Адразу ж успомніліся словы Ф. Дастаеўскага пра тое, што ў час сумятні, змен напаверхню напорыста выскокваюць языкачосы, авантурысты, хціўцы i прадажнікі, якія імкнуцца захапіць уладу i бязлітасна душаць шчырых i сумленных, a неўзабаве i сваіх няўгодных ім прыяцеляў. Пасля іхняй навалы трэба дзесяцігоддзі, а то i больш, каб акрыяць усяму здароваму.
* * *
Хто ўважліва за апошнія гады чытаў ітэрв'ю тых, хто цяпер дарваўся да ўладнага руля, не мог не заўважыць: некаторыя з ix раней жылі бедна i прыніжана, але ўпарта змагаліся за выжыванне, плішчыліся ў кожную наменклатурную цёплую шчыліну i ажно кіпелі марай... не, не заступіцца за такіх, як самі, а адпомсціць шчасліўцам! I помсцяць! Нават краіне праз яе карэнную мову!
* * *
Д. Кугульцінаў, «Огонёк», 1988: «Думаючы аб прычынах станаўлення тыраніі, я звяртаўся да гісторыі, літаратуры. I вось у пяцьдзесят другім годзе ў Нарыльску купіў кнігу «Рассуждения о добровольном рабстве» Эцьена Лa Баэсі... Баэсі разважае: як тыран становіцца тыранам, прыгнятае мільёны людзей, не маючы на гэта права. Тыраны прыходзяць да ўлады трыма шляхамі: адзін – па праве спадчыны, другі – па праве заваёўніка, трэці – быццам абіраецца народам. I, здавалася б, гэты трэці павінен быць ніштаватым. Але не! Як толькі ён сядае на трон, дык адразу становіцца жорсткім, бо баіцца, як бы не абралі іншага. Якой сілай утрымлівае ўладу? Арміяй? Аховай? Не. Сіла – гэта пяць ці шэсць чалавек, якія здолелі наблізіцца да тырана. Яны падтрымліваюць яго, змушаюць быць злым не толькі ягонай злосцю, але i іхняй. Юлі Цэзар свядома павялічваў колькасць пасад, выдумваў адміністрацыйныя адзінкі, каб як можна больш было пад ім тых, каму выгадная тыранія. Далей Баэсі развівае такую думку. Пакаленням, якія нарадзіліся ў рабстве, гэтае рабства здаецца натуральным станам чалавечага жыцця, i яны трымаюцца абедзьвюма рукамі за яго. Чытаючы Баэсі, я часткова знаходжу адказы на тыя пытанні, што задае нам сталінская эпоха».