Выбрать главу

Салодкі пах грэчкі, першы ўзятак мёду. Зажынкі на калгасным полі. Пад'ехаў грузавік; барты яго апушчаны, на ім – жвавы чупрыністы баяніст у хромавых ботах, чорных портках i белай вышыванай кашулі, абапал яго – гурт прыгожых маладзіц у доўгіх белых, з чырвонай нашыўкаю сукенках. Звычайна строгі, сярдзіты, асабліва тады, калі цвярозы ці зусім п'яны, былы партызан, а цяпер старшыня калгаса (пазней дырэктар саўгаса) Курагллдаў лёгка ўзлазіць на грузавік, пазвоньваючы, як у жменю ўзяць, ордэнамі i медалямі на пінжаку, i прамаўляе, заклікаючы «да бітвы за ўраджай, які будзе мацаваць сацыялізм, мір ва ўсім свеце». Пасля яго прамовы – бадзёрыя песні i танцы. «Лішне ўсё гэта, – шэпча Геніку маці, – трэба жаць, а не трылінькаць сярод белага дня». I вось жанкі пачынаюць жаць зробленымі Генікавым бацькам сярпамі (пазней пад'едзе i эмтээсаўская жняярка), i самая прыгожая, таксама святочна апранутая, не босая, як усе жанкі, a ў сандалях даяўчына (наша, хутарская! Генікава сваячка, Пётрыкава Тэця!) падносіць Кураглядаву першы сноп. Той бярэ, блізка туліць красуню, цалуе, а пасля дае ёй пададзены яму нашым жулікаватым брыгадзірам каробак дарагіх («чыкулядных») цукерак.

Праз хуткі час на ржышчы ўсё большае i большае снапоў, а ад ix у паветры пахкі водар свежай саломы; жанчыны жнуць, жартуюць, кпяць з тых, найперш з дзяўчат, хто часта выпростваецца, каб параўняць спіну. Той-сёй з жанчын на полі з немаўлём – яно ляжыць у цяні ад мэндліка i час ад часу цененька падае незадаволены голас, пакуль не абхопіць губамі матчын смочак. Генік з маці жнуць амаль наперадзе ўсіх, увішнейшая толькі цётка Гэля, яе нікому не ўдасца перагнаць (аднойчы сярод дня зусім нечакана надарыцца навальніца, жанчыны пахаваюцца ад дажджу пад мэндлікамі, i ў той, дзе стулілася самая рупная жняя, майстрыха на ўсе рукі, маці шасцярых дзяцей, смаляне маланка i заб'е яе, нешчаслівую, i малодшыя яе дзеці зведаюць цяжкую паўсіроцкую долю). Жнеі за дзень натомяцца, але i вясковыя, i хутарскія ўвечар разыходзяцца з поля з жартамі i песнямі. Тады на хутарах не было тэлебачання, a ў многіх i радыё, дык у вольныя часіны дзяўчаты i маладыя жанчыны любілі часта збірацца разам у чыёйсьці вялікай хаце, скублі пер'е, ткалі (увосень), жартавалі i спявалі-спявалі. Праўда, не зусім весела пра жаночую долю. На дажынках ужо няма ні грузавіка, ні Кураглядава, дык жнеі спраўляюць ix самі. Ахарошвалі апошні сноп кветкамі i стужкамі, пакідалі, звязвалі з жыта «бараду» i з песнямі неслі сноп ці ў вёску, ці на хутар (прыносілі i ў Генікаву хату), дзе гасцей чакалі бліны з маслам, крупяная каша, а то i кожнаму кілішак (пазней дажынкі сталі «святам ураджаю» ў якой-небудзь вёсцы, куды наязджала нямала машын са скрынямі напітку i піва, марожаным, з артыстамі i слухачамі, дзе прамаўлялі хтосьці з райкома партыі i Кураглядаў, дзе пачалі ўсё больш i больш піць моцнае, лаяцца i часта біцца).

У адну жнівеньскую ноч, калі ўжо не раз абрасяньвалася, пацягваў холад ад восені, знікалі ластаўкі, што перад гэтым збіраліся i сядзелі гуртам; ржышча рыжэла, а па ім, калі ішлі дажджы, бралася розная маладая трава; пачынала ўсё больш жаўцець i ападаць лісце; у кожнай хаце, дзе былі дзеці, усё больш i больш было гаворкі пра школу...

Асобна помняцца якраз летнія страшныя навальніцы, у якія, бывала, згаралі чыесьці хаты.

ВОСЕНЬ

I цяпер, у пажылым узросце, светла ўсплываюць успаміны пра той год, калі памёр Сталін («О, Божа, хоць бы не было вайны!») i калі з хваляваннем ішоў у першы клас янкавінскай пачаткоўкі, дзе іх чакалі прыезджыя маладыя, прыгожыя настаўнікі Вольга Кірылаўна i Генадзь Адамавіч. Вучні першага класа вучыліся з трэцекласнікамі ў першую змену, a вучні другога з чацвёртакласнікамі – у другую. Позняй восенню i зімой пісалі i чыталі пры падвешаных да столі лямпаў.