ЗІМА
О, яе Вялікасць Зіма! Гэта – не толькі на хутары, дзе жыў Генік, але i ва ўсім свеце штосьці незвычайнае, нават непаўторнае!
Як Генік добра помніць, на хутары вельмі чакалі маразоў i снегу – каб акрылася , адпачыла вораная i доўга нечапаная (папар) зямля, каб азімлівалася, каб пачалі свежаваць свіней. Канечне, гарадскі насельнік, бадай, гэтага як след не ўявіць, што гэта такое – свежаванне. Каб нечага трагічнага яны, дзеці, не зведалі, вепрука бацька калоў зусім рана, калі яны яшчэ бесклапотна спалі, a маці, палячы ў печы, затуляла вушы пальцамі. Каб нічога не чуць. А вось пасля, калі тая істота, што дасюль так беражліва гадавалася, ляжала ў ростырку на снезе i на ёй палаў куль саломы, Геніка будзіла маці, i ён ішоў памагаць бацьку – абсмальвалі, пасля мылі, скрэблі (бацька, зразумела, усё падпраўляў), каб пасля кормніка, перакуленага на знятыя з дрывотні дзверы, «разбіраць». Разбіраць – гэта не проста рэзаць альбо секчы, гэта – адмысловае сялянскае ўмельства, каб нешта было на сала, на мяса, на кілбасы i катлеты, на супы i булёны, на падсмажванне, на крывяную каўбасу, на сальцісон, на начынку на лета ў кіндзюку... I яшчэ – на дзялянкі сваякам i суседзям, якія частавалі свежанінай раней ці яшчэ пачастуюць. I, выбачайце, яшчэ дзецям была ўцеха – надзьмуты, а потым высахлы свіны посік з загадзя укінутым у сярэдзіну зернеткам гароху – так, адмысловы шар, якім дзеці забаўляліся, гулялі як мячом...
Зімой на бязлесным Амшарку адбірала вочы покрыва белізны, было вялікае раздолле для мяцеліц i снегавею. Ох, тады, у саракавыя i пяцьдзесятыя гады, былі i зімы! Бывала, намятала за ноч столькі снегу, што не толькі было цяжка адчыніць дзверы сянец. Хадзілі па платах, з бацькам Генік, як шахцёры, выкопвалі тунэль ад хаты да хлява, гумна i студні, i можна было з верху страхі з'язджаць на санках (што бацька рашуча забараняў, нават неадноцчы за гэта «ўзнагародзіў» Геніка сваім лякарствам – рэменем). Безліч разоў, калі пёк-смаліў мароз, бралі курэй i сялілі ix пад печчу, а ў хаце трымалі ягнят, цяля. Бацькам – клопаты i марока, а дзецям – радасць, якую нават цяжка перадаць сённяшнім словам!
Геніку пасля пачаткоўкі прыходзілася хадзіць у Налібацкую сямі-годку i Дзераўнянскую дзесяцігодку амаль за дзесяць вёрст; з ix вёрсг сем – праз Налібацкую пушчу. Маці будзіла раным-рана, можа, i ў гадзін пяць, намагалася пакарміць (якое едзіва ў такі час, калі вочы яшчэ зліпаюцца ад сну!), пасля – за «тэчку» (партфельчык), a ў ёй акраец хлеба i кавалак сала, агурок – i ў школу. Туды хадзілі гуртам, але здаралася, што Генік спазняўся, адставаў ад вясковых i тэпаў адзін. Лесам. Ды аднойчы – наперадзе воўк. Не пускае наперад; Генік адступіць – ён за ім, стане – таксама запыніцца. Вось так i вывеў з лесу на поле, а потым – да вёскі. Вярнуўся Генік дамоў, усё расказаў – маці ў роспачны плач: «Можа, не хадзі ты ў тую далёкую школу». Не, Генік зусім не спакусіўся на такую слабіну-аблёгку, ён заплакаў: хачу вучыцца. I прадоўжыў сваё.
Тады не хадзілі з Івенца (былы раённы цэнтр) аўтобусы. Генік чэпаў у Налібакі, дзе яго па дарозе аднаго разу перасустрэў дзіўны воўк, пехатою. Але, трэба сказаць, быў шанец не паўзці па заснежаным шляху, а пад'ехаць. За Налібакамі – вялікі сенакос Шубін, дзе ўлетку яшчэ ў часы ВКЛ i царскай Pacii касілі i прадавалі сена. Сенажацілі i пры савецкай уладзе – толькі цяпер для калгасаў. Цёплай часінай туды было цяжка дабрацца, а вось узімку, калі балоты замярзалі, досвіткам імкнуліся на Шубін гусенічны трактар, а за ім – грузавікі. Трактар аблапошваў снег, цягнуў за сабой трохкутнія, з бярвенняў сані, дзе звычайна на дашчаным посціле сядзелі грузчыкі. Вось Генік, як i іншыя дзецюкі, падпільноўваў гэты «гусінец», каб скокнуць з сапханага на ўзбочыну снегу, з гурбаў на насціл i пад'ехаць да Налібак. Генік аднойчы таксама падлавіў момант, гойснуў, a насцілу на санях не было, i ён завіснуў на перакладзіне... Ад таго, што мог скуліцца i зламацца пад бярвеннем ды снегам i вёрсты тры брыкаўся, змагаючыся за жыццё, Генік яшчэ тады, у юную часіну, адчуў: ёсць Яна, СПАГАДНАЯ СМЕРЦЬ... Ці вось яшчэ такі выпадак: Генік з маладой маці ідзе ў Ніўнае – у калгасную кантору, размаўляюць, вітаюцца са знаёмцамі. Насустрач паўзе лесавоз, які валачэ бярвёны з Налібацкай пушчы ў Мінск. Вось жа трэба, каля Геніка і яго маці лена-стомлена рухаўся, хістаўся па баках, стагнаў-крахтаў лесавоз, а пасля зусім нечакана на ім трэснуў ланцуг – i бярвенне паляцела ўніз. Генік здолеў адчайна i спрытна гойснуць убок, у канаву, упаў гварам уніз , i на яго тут жа абвалілася, накрыла цяжкое бярвенне. I так перакрыжоўвалася, што гэты цяжар нават не шкрабануў Геніка. Ён некалькі гадзін ляжаў пад таўшчэзнымі камлямі, але не быў пашкоджаны, толькі на адчайнароспачны голас маці плакаў... Яго дасталі, калі праз некалькі гадзін з'явіўся кран, паднялі ім бярвенне, i з-пад яго выпаўз ён, Генік... Маці, як казала, у той дзень зусім ссівела ...