Выбрать главу

Калі снегу было няшмат, то яны, хутарскія дзеці, расчышчалі яго на поплаве, дзе вясной спрабавалі плаваць у начоўках, i каталіся па лёдзе на каньках (на драўляных калодачках з прымацаваным да ix спаднізу тоўстым дротам), гулялі ў янкавінскі хакей (ганялі, забівалі кіямі ў вароты бляшанку з-пад кансерваў) альбо начэплівалі на загадзя ўвосень усаджанае пасярод поплава, на копанцы, бярвенца кола, мацавалі да яго жэрдку , а да яе прывязвалі санкі. Хтосьці садзіўся на ix, a хтосьці піхаў перад сабой тую жэрдку – кола круцілася, a санкі ўсё больш несліся са свістам ветру за вушамі.

Зімой былі i іншыя радасці – скажам, калi ацельвалася карова i калі хутка зноў можна было паспрабаваць малака, смятаны, калі, надзяўбаўшыся гліны пад печчу i пачуўшы вясну, пачыналі несціся куры. Здараліся зімовыя начныя туманы, i Генік раніцай колькі разоў не мог ca свайго хутара трапіць у вёску, блукаў узбоч яе, дык каб не блытацца, шлях да цэнтра яе ўтыкалі хваёвымі ці яловымі галінкамі.

...Шмат з таго жыццёвага кругабегу забылася ці не зусім помніцца, у які год што было, але, бывае, штосьці зусім неспадзявана i ярка ўсплыве з памяці. Як, да слова, аднойчы зімовай месячнай ноччу бацька паклікаў яго на двор i паказаў на блізкую нагонку: па ёй ішла вялізная гайня ваўкоў. Hi адзін сабака i на хутары, i ў вёсцы нават не абзыўнуўся ад вусцішу. Ці як да ix завітвалі цыганы, анучнікі, жабракі, бабыль Адвард. Маці карміла ix, пакідала на начлег, а яны прыносілі навіны, a анучнік з Івенца, Шлёмка, i Адвард дастаўлялі тое, што прасілі.

Каб цяперашняму Геніку пра ўсё тое, хутарское, напісаць як след, то, мабыць, не хопіць для гэтага яго жыцця. A ўвекавечыць словам свой «родны кут» трэба, іначай ён, неапеты, будзе безымянны, усяго толькі яшчэ аднымі нейкімі полем, лесам, людзьмі, вёскаю...

2004-2005

ЛІСТКІ ЗАПІСНЫХ КНІЖАК (1980-1996)

I (1980-1986)

Кажуць, маяк свеціць праз кожныя пяць секунд. Шмат часу, канечне, ён свеціць марна, без патрэбы. Але вось дзіва i цуд: прыходзіць міг, калі некаму няможна абысціся без кароценькіх пяці секунд святла!

* * *

Пры ўсёй нашай стрыманасці, нават i некаторай непачцівасці да народнай памяці ў нас цяпер [1] аднак выходзіць нямала цікавых кніг па гісторыі, культуры роднага народа. Напрыклад: «Слоўнік мовы Скарыны», «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы», «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», «Беларуская народная творчасць», «Жывапіс Беларусі XII – XVIII стагоддзяў», шматлікія выданні выдавецтва Белэнцыклапедыі i г. д.

...Купляем з сябрам новую цікавую кнігу па нашай гісторыі. Сябра трымае ў руках доўгачаканы томік, гартае i сумнавата ўздыхае: «Трэба абавязкова купіць, а то калі яшчэ перавыдасца? I наогул – ці перавыдасца?!»

Што гэта – нават у самім мысленні? Нявер'е?

I найперш – у самога сябе?

* * *

Карл Маркс: «Вялікі талент без перакананняў нараджае нягоднікаў».

На першы погляд, несумяшчальныя рэчы – талент i нягодніцтва. Але ў жыцці, на жаль, гэтая прыкрая з'ява даволі пашыраная. Нават больш – у некаторых, шчодра адораных прыродай, i шчодрыя, таленавітыя метады праяў зла. Як правіла, пад маскаю дабрачыннасці.

Напрыклад, ёсць ахвотнікі гаварыць пра нечы новы твор па адным прачытаным сказе альбо па першай жа знойдзенай імі карэктарскай абмылцы.

Сам чуў, як адзін пажылы, баявіты, але штучны, халодны ў сваёй творчасці літаратар даваў заўвагу па вышэйназванай методзе маладзейшаму, болей таленавітаму калегу. Уразіла нават не сама па сабе такая сітуацыя, a іншае: колькі сатанінскай радасці, ахвоты да глумлення было ў патухлых вачах чалавека, які крытыкаваў...

* * *

У кожным вялікім гурце – у звяроў, птушак, насякомых i г. д. – ёсць свой лідэр. Роля лідэраў велізарная. Усе мы пра тое ведаем, таму няма асаблівай патрэбы шмат красамоўнічаць пра тэта.

У пісьменнікаў таксама ёсць свае лідэры. Вылучаныя талентам, сітуацыяй ці хітра выштурхнутых заканадаўцамі мод у літаратуры.

Чытаючы артыкулы, інтэрв'ю аднаго з нашых лідэраў (добрага творцы, між іншым), нельга аднак не здзівіцца, не паціснуць плячыма: з году ў год ён, шчаслівец, гаворыць толькі пра сябе, пра калег-лідэраў, а пра многіх тых, хто разам з ім цярпліва, мужна i плённа цягне мастацкі плуг, ні слова. Як i няма нікога i нічога вартага, нібы ён – адзін у пустыні.

вернуться

1

Сустракаючы словы «сёння», «цяпер» i інш., чытачу трэба ўяўляць не год альбо дзень, калі ён чытае гэта, а той час, калі аўтар пісаў гэтыя радкі, калі была адпаведная атмасфера для яго эмоцый i разваг. Для гэтага выдання аўтар лічыць патрэбным не «падпраўляць» сябе. Таму, калі захочацца ўведаць, калі напісаная пэўная нататка, зазірні, шаноўны чытач, у пачатак ці канец раздзельчыка: там пазначаны час, калі аўтару зажадалася напісаць менавіта такое. Адпаведна, старэйшыя могуць адразу ж успомніць тую рэчаіснасць і, безумоўна, у многім дапоўніць аўтара.