Што гэта? Зорная хвароба? Лідэрская салідарнасць? Цяжка адказаць адназначна. Але адно ясна i бясспрэчна: літаратуры гэта мала спрыяе. Наадварот, тармозіць яе рух наперад: лідэру, згодна яго ролі, трэба не адштурхоўваць, a весці ўсіх за сабою. Іншая справа, канечне: a ці ўсе пойдуць за эгаістычным важаком?
* * *
Адзін вядомы, але абачлівы таварыш неяк у парыве шчырасці прызнаўся: «Дзе нясмелы, там i маеш рацыю, браце». Іншы вядомы, але яшчэ болей абачлівы калега, колькі ведаю яго, усё абгрунтоўвае, чаму не варта праяўляць рызыкі i смеласці. Маўляў, трошкі няўдала ступіш, скажаш, дык цябе адразу сатруць у парашок тыя, хто мае вялікую сілу. А тых, у каго ёсць вялікая моц, вельмі шмат. To i трэба, маўляў, быць вельмі асцярожным, не агаляць сваё сэрца...
Слухаеш-слухаеш такое i, бывае, думаеш: a ці не хітруеце вы, абачлівыя таварышы, ці не клапоціцеся найперш пра свой дабрабыт, урэшце, ці не з-за вас спакойна, сыта жывуць тыя, хто помсціць за рызыку i смеласць?
* * *
У кожнага вялікага ці малога народа была, ёсць свая вялікая альбо малая ідэя. Яна вядзе пакаленні праз стагоддзі, вызначае будучыню. Без сэрцавіннай ідэі, мабыць, ні адзін народ не выжыве, знікне, як ужо зніклі многія плямёны.
Якая ідэя была ў нашых продкаў, скажам, у 1696 годзе, у год афщыйнай забароны ўжывання беларускай мовы сеймам Рэчы Паспалітай? Ідэя выжыць у самых жудасных умовах?
* * *
Афіняне амаль 2500 гадоў таму мідзійцам: «Магутныя робяць тое, што яны могуць, а слабыя тое, што яны могуць выцерпець». Калі, дзе, чаму чалавек узяў на ўзбраенне гэты несправядлівы тэзіс: дзялі і ўладар?!
* * *
Ужо i на маіх вачах адышлі Міхась Лынькоў, Мікола Лобан, Аркадзь Чарнышэвіч, Мікола Лупсякоў, Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Аляксей Кулакоўскі i іншыя нашы выдатныя i добрыя празаікі. Вялікія і, можа, непапраўныя страты панесла наша літаратура.
I ўсё ж, пераадольваючы пачуццё асірацеласці, жывым апускаць рукі нельга. Наадварот, трэба ўдвая-утрая болей бачыць, разумець, перажываць i працаваць. Гэтыя звышнамаганні, можа, памогуць не толькі ўтрымаць тое, што было дасягнута, але i паспрыяць заваяванню новых вышынь i каштоўнасцей.
* * *
Цяпер усё часцей i часцей падаецца голас, каб засцерагчы прыроду, атмасферу ад забруджанасці, па гібелі. Ці не слушна побач з гэтым клопатам падымаць трывогу, што нам неабходна болей дбаць i пра чысціню людскіх душ, моладзі ў найпершую чаргу?
* * *
Чытаем у А. С. Пушкіна: «Ты просвещением свой разум осветил, Ты правды чистый свет увидел, И нежно чуждые народы возлюбил, И мудро свой возненавидел.»
Здаецца, той, хто заяўляе пра любоў да ўсяго свету, да роду чалавечага, не толькі не можа палюбіць свет, род чалавечы, але i бліжняга свайго, бо якраз, як падкрэслівалі старажытныя мудрыя, з любові да маці, бацькі, брата, сястры, сябра, да роднага дому i Радзімы пачынаецца любоў усеагульная, усечалавечая.
* * *
Нядаўна шмат пісалі пра бум у лацінаамерыканскай літаратуры. Некаторыя нашы «гарачыя» крытыкі нават заклікалі адмовіцца ад сваей «цягамоціны» i пераймаць лацінаамерыканцаў, у прыватнасці, Маркеса.
Нямала думалася: у чым жа сакрэт буму лацінаамерыканскай літаратуры? Многае, здаецца, памаглі зразумець самі лацінаамерыканцы. У прыватнасці, аргенцінскі выдатны празаік X. Картасар у сваім інтэрв'ю ў «Вопросах литературы» (1981, № 11.)
«Нам, лацінаамерыканцам, – пісаў ён там, – дасталася ў спадчыну не літаратурная іспанская мова з яе глыбокімі карэннямі, а мова заваёўнікаў. Шмат стагодцзяў не было лацінаамерыканскай літаратуры. Перайманні былі – з іспанскай літаратуры, з англійскай, з французскай, з італьянскай... I вось гадоў трыццаць пяць – сорак таму, прыкладна ў час другой сусветнай вайны, мы пачалі ламаць літаратурныя каноны, адхіляць прызнаныя ў свеце ўзоры. У нас не было традыцый, i мы перад усім светам прызналіся ў гэтым. Мы стварылі сваю, новую літаратуру».
I яшчэ. Зноў яго, Картасарава: «...адкуль гэтая сіла? Літаратура наша нараджалася i мацнела ў пастаяннай смяртэльнай небяспецы. Ваенныя дыктатуры разбурылі i працягваюць разбураць культуру. Тысячы пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў, журналістаў падпадаюць пад рэпрэсіі, выганяюцца са сваёй радзімы. Але вы ведаеце, у раі зусім не будзе літаратуры. Я веру – пісьменніка нараджае гнеў. Асабліва гнеў у нацыянальна-вызваленчай барацьбе, у барацьбе за волю. Пісьменнік не павінен адчуваць стану задавальнення i самазаспакаення. Той, хто прымірыўся з рэчаіснасцю, асуджаны на паражэнне. Літаратура – гэта бунт супраць несправядлівасці. Літаратура павінна памерці, але не ісці на вяровачцы тых, хто мае ўладу, яна проста не мае на гэта права, – толькі пры такой умове яна карысная грамадству, яна выконвае тую функцыю, для якой заклікана на зямлю, толькі пры гэтай умове пісьменнік адчувае сябе не зусім бескарысным».