Выбрать главу

Якуб Колас

Сымон-музыка

Беларускай моладзі

сваю паэму прысвячаю.

Аўтар
Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,     Ад казак вечароў,     Ад песень дудароў, Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,     Ад шолаху начэй,     Ад тысячы ніцей, З якіх аснована і выткана жыццё І злучана быццё і небыццё, – Збіраўся скарб, струменіўся няспынна, Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,     І выхаду шукаў     Адбітак родных з’яў У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных. І гэты скарб, пазычаны, адбіты,     У сэрцы перажыты.     І росамі абмыты Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых, Для вас, душою чулых,     Як доўг, як дар,     Дае пясняр.

Частка першая

I
На галіне Пры даліне Ліст на дрэве марна гіне: Ліст зялёны, ды ўмірае. Ліпа, матухна старая, Ой, сыночка свайго скіне!     Ён пахілы,     Ён нямілы, У сям’і не мае сілы: Тым нялюбы, што адметны, І браты з ім непрыветны – Мусіць, лёс такі пастылы.     Пад каронай –     Парасонам Ліпы пышнай і зялёнай – Адзінокі колас жыта Рос замкнёна і забыта, Адарваны ад загона.     – Мілы браце!     Ў чужой хаце     Не нажыць табе багацця, – Ліст сіротцы спагадае: – І вясенька маладая . Для цябе – у вечнай страце.     – Так, мне трудна –     Тут нялюдна, Я тут згіну неабудна, Ды твой, лісцік, лёс больш цяжкі: Ты ў сваёй сям’і без ласкі, Бы не родны, а прыблудны.
– Ото ж хлопец урадзіўся! І ў каго ж удаўся ён?.. Ну, куды ты ўтарапіўся?.. Лепш бы ты не жыў, Сымон... Уй, няўклюда, мухамора!.. Грэх адзін з ім, адно гора. – Не адзін раз чуў папрокі Ад бацькоў сваіх хлапчук. А за што, за што нарокі? З-за чаго той злосны гук? І завошта б’юць малога І чапляюцца чаго? Ну, скажыце: што благога У тых забаўках яго? Хіба грэх складаць казанкі Або песенькі? Чаму? Але ж гэтыя спяванкі Так і чуюцца яму:     «Я насыплю горку     Жоўтага пясочку;     Правяду разорку     Беленькім кіёчкам.     Шу-шу-шу! – пясочак     Шурхнуў залаценькі.     Пясок – мой дружочак,     Дробненькі-драбненькі.     На пясочку зайкі     Кідаюць слядочкі...     Ой, якія байкі     Баюць мне пясочкі!» Хіба ж грэх казаць пра гэта? Чаго ж сварацца бацькі? Песняй сэрцайка сагрэта, Казкай ясняцца дзянькі. «Мусіць, я, дапраўды, ліха», – Сам сабе сказаў Сымон І чагось смяяўся ціха Ды спяваў, званіў, як звон Той стары, што са званіцы Адбіваў таемны зык Ды каціўся за крыніцы І дзесь там жалобны нік. А ён слухае – ні слоўка, Бы застыне, бы засне, І сама сабой галоўка Заварушыцца, кіўне У тахт нейкім дзіўным спевам, Што звіняць вакол яго, І ласкаючым павевам Песціць, гойдае ўсяго; Аж захопіць дух блазноце Нейкі радасны парыў, І ў самоце-адзіноце Песні, байкі ён тварыў. У яго быў свет цікавы, Свае вобразы, жыццё, І ў душы яго ўсе з’явы Сваё мелі адбіццё. Ён і рэха сваё кліча І размову вядзе з ім... Меў яшчэ ён такі звычай – Гаманіць з сабой самім. На смех хлопца падымаюць: – Вось дурубала, даўбня!– І ў патыліцу штаўхаюць, Бы не хлопец, а шчаня. А ён нават не заплача, Толькі голаву прыгне, Як яго рука лядача Неспадзеўна штурхане. Адбяжыць, бядак, у страсе, Разважаць пачне тады:- Можа ён у гэтым часе Натварыў якой бяды? Мо зняважыў ён старога? Мо на ўсіх пайшоў адзін? І не ведае нічога, – Ні праступку, ні прычын. Так, і праўда: непадобны Быў Сымонка на другіх: Гэта быў хлапчук асобны. У яго вачах жывых Думка нейкая бліскала, Утаропіцца, глядзіць, І на губках смех, бывала, Заблукае, задрыжыць; Пазірае і ўнікае – Так аддасца марам ён Ды знячэўку запытае: – Чаго, мама, стогне звон? – О, звон гэты быў цікавы, Незвычайны звон, стары. Пра якія ж гэта справы Ён там бомкае ўгары? Чаго так у засмучэнні Будзіць там тыя лясы? І Сымонка ў захапленні Ловіць звону галасы, Бо як толькі звон зазвоніць, Як завойкае ўвышы, – Адгукнуцца, загамоняць Струны ўсе яго душы. Сэрца ў хлопчыка заб’ецца, Сам увесь ён задрыжыць, І сама душа, здаецца, Услед звону паляціць, – Так узрушыцца хлапчынка, І тады, нібы праз сон, Штось мільгнецца на хвілінку, Але што – не ўцяміць ён І не можа даць назовы, Што чуваць у тых званох, Бо ўлавіць там сэнсу мовы, Адгадаць яе не мог, Але чуў ён, чуў душою, Сэрцам чуткім і жывым У тым звоне штось такое, Што жыло і ў ім самім. Ды ніхто не знаў тых струнаў, Патайных ніцей душы, Што злучаюць гук пярунаў З немым голасам цішы; Бо і ў той цішы зацятай Есць і голас і свой твар, Разнастойны і багаты, Поўны музыкі і чар.