Выбрать главу
Запытае, як далёка Тое сонца ад зямлі. Як глыбок той прастор немы, І ці мерыў яго хто? І адкажа па-сваему: Вёрст напэўна будзе сто! І яшчэ было чым міла Тое поле хлапчуку, Гэта тым, што дзед Курыла Там яго трымаў руку. Гэты дзед – пастух гуртовы, Слаўны дзед, дзядок – душа, Гаваркі, мастак на словы, І любіў ён малыша! Не смяяўся дзед з Сымонкі, Не ўсчуваў яго ні-ні, Частаваў з свае скарбонкі, Бавіў цэлыя з ім дні. Забяруцца ў цень пад грушу І гаворку распачнуць. Тут Сымонка сваю душу Мог прад дзедам разгарнуць, Запытаць пра сёе-тое Дзедку добрага свайго, Бо Сымон не меў спакою – Ўсё цікавіла яго. – Дзедка, чуеш: во – спявае! Ці ж не чуеш, дзедка? вунь! – Гэта здань твая такая: Адхрысціся, хлопча, плюнь! – Як то здань? А ты паслухай! – Дзед схіляе галаву, Шапкай круглай, аблавухай Чуць не ўлазячы ў траву. – Не, не чую! – Ото дзедка! Мусіць, ты зусім аглух: То ж спявае з кветкай кветка! – Вочы вырачыць пастух, На Сымонку пазірае: – Ой, хітрэц! ото лайдак: Чаго ён ні выдумляе! Бач, знайшоў якіх спявак! – Хіба ж краскі не спяваюць? – А які ўжо іх там спеў? Краскі голасу не маюць: Пройдзе ветрыку павеў, Закалышуцца – не ўчуеш... Кінь ты, хлопча, мары сніць! – Ат, дзядуня, ты жартуеш, Каб малога падражніць! – Ой, дзіўны ты, – дзед гаворыць І пакруціць галавой, А Сымон сваё гуторыць, Гледзячы ўдаль прад сабой. – Дзед, зірні: куды-та хмаркі Унь ідуць, ідуць, як дым? Там так добра, вольна, ярка, А яны ідуць. Ці ім Надта горача ад сонца? Ці іх гоніць хто адтуль? Ці ім блага там бясконца? І скажы, дзядок, адкуль Хмаркі гэтыя выходзяць? – Эх, дзівак ты! – кажа дзед. – Што за мыслі ў цябе бродзяць? Так утворан гэты свет: Грэе сонца, ходзяць хмары, Носяць снег і дождж і гром, Ночкай вынікнуць стажары[1], І бяздонныя амшары Зоркі выецелюць руном Ды на поўдзень ад паўночы Шлях праложаць без прысад, А куды, куды ён крочыць, Хто адкажа табе, брат? Вее вецер і сціхае, Як увойдзе ў берагі; Па зіме вясна ўбірае Твар зямлі, лясы, лугі; І прачнецца ўсё дазвання, Жыццё ўзбудзіцца ў зямлі, І без нашага пытання Колас вырасце ў раллі. – Хлопчык слова не прароніць, Дзеду ў вочы ён глядзіць І галоўку чуць прыклоніць, Не варушыцца, маўчыць. – Не, дзядок! не тое, дзедку! А ты вось скажы: чаму Вецер песні пяе ўлетку, Плача ж жаласна ўзіму? – Схамяніся, бог з табою! Унь ужо аб чым спытаў! – І круціў дзед галавою, І плячыма паціскаў. – Вось дык хлопец! скуль узяўся? Не, сапраўды ты дзіўны: Ці разумным ты прыўдаўся, Ці з уроды ўжо дурны? Не: з цябе, відаць, штось выйдзе... Кінь ты гэтую думу – Усё будзе ў сваім відзе, Сам пазнаеш, што й чаму. Вось каб ты вучыўся змаля, Кніжку ў рукі б даць табе! – Дзед і хлопчык замаўкалі, Кожны думаў па сабе. Раз Сымонку давялося Чуць, як граюць дудары, І яму тады здалося, Што да гэтае пары Ён дзіцятка быў дурное, Што не жыў ён, а блукаў, Што цяпер пазнаў ён тое, Чаго шчыра так шукаў. Слухаў хлопчык тое гранне, Пад сабой не чуў зямлі, Бо ў тых зыках чаравання Спевы ўласныя плылі, Струны сэрца ў ім дрыжалі, Як дрыжыць блісканне зор У надземнай цёмнай далі, І музыкам падпявалі І ляцелі на прастор У салодкім заміранні Ясным зоркам на спатканне. Дудары ўсё перайгралі, Дальш у свет яны пайшлі, А ў душы яшчэ спявалі Зыкі дзіўныя, плылі, Разрасталіся й далёка Душу вабілі сабой І няслі яе высока Над гаротнаю зямлёй. Зыкі душу напаўнялі, І, куды б ён ні пайшоў, Над ім гралі і спявалі Дуды, песні дудароў. Разоў пяць губляў авечкі, Шкоды ў полі нарабіў, Здрасаваў шнуроў тры грэчкі, Вератнік[2] аўса прыбіў! І за тое ж дасталося Ад суседзяў, ад бацькоў. Многа выцерпець прыйшлося Папіханак, кулакоў! Толькі ж хлопчык не чуў болю, І не тым занят быў ён: Зыкі смутку, песні волі Чуў хлапчук з усіх старон. І цяпер, як непрытомны, Стаў на гонях і стаіць, Як выгнаннік, як бяздомны, Што не мае дзе схіліць Галаву сваю сірочу, І надзей у ім няма. Сам хлапчук не знаў, што хоча, Дзе, аб чым яго дума. Ён не ведаў, што з ім стала – Сэрца поўніў нейкі спеў, Думка дзесь не тут блукала, Дух як бы кудысь зляцеў. – Эй, Сымон... Заснуў, ці што ты? – А, то ты... Ах, мой дзядок!.. – Дзе ж авечкі... Ой, блазнота... Ну, й дадуць табе, браток! – Тут Сымон ахамянуўся, Бегчы кінуўся кулём. – Стой! куды ты?.. Не ачнуўся! Унь авечкі, за аўсом! – «Збілі хлопца зусім з тропу, Як ён рух яшчэ схаваў? Б’юць, як цэпам тым па снопу!» – Дзед з сабою разважаў. – Ну, што думаў, брат Сымоне? – Ах, дзядуня, любы мой! Дудары тут шлі сягоння... Як жа гралі! а-ё-ёй! – Дудары? – стары спытаўся:– Гм!.. дык унь што... пачакай! Ты, відаць, не просты ўдаўся, Дам табе я нешта... грай! Вось, пакуль што, мой бядача, Дудку дам табе я ў дар: Ты – музыка, брат, няйнача, Будзеш некалі дудар. –     Расхінуў тут дзед халат Ды з кішэні-бакавушку Выняў дудку-весялушку І зайграў на гэты лад:     «Свінні ў рэпе,     Свінні ў рэпе,     Парасяты ў грэчцы,     А музыка     Без языка     Каля печы трэцца!..» І яшчэ дзед разоў пару Спрытна пальцамі прабег. У Сымонкі ў вочках, твару Бегаў ціхі-ціхі смех. Ен, працягшы сваю ручку, Вочак з дзеда не спускаў. – На, Сымоне, маеш штучку! Грай здаровы! – дзед сказаў. Як бы дар які там з неба, Дудку тую ўзяў Сымон. – Намачыць яе, брат, трэба: Галаснейшы будзе тон.
вернуться

1

Стажары – назва групы з сямі зорак у сузор’і Цяльца.

вернуться

2

Вератнік – частка загону.