Гудам-звонам срэбна-медным
Звоняць звоны на званіцы.
Звоняць звоны ў час дзянніцы,
Надвячэр’ем ясна-бледным,
Звоняць звоны галасныя.
Іх віталі сонца косы,
Агнявыя пасмы-стрэлы;
Нёсся звон іх у свет белы,
Плыў іх гоман пад нябёсы,
У пустэлі патайныя.
Срэбралітаю расою
Іх віталі краскі, травы,
Промень ясны і ласкавы
У той росцы ззяў красою
І вясёлкам ткаў кароны.
Так званілі тыя звоны.
Між званамі на званіцы
Быў адзін звон незвычайны,
Меў ён голас разнастайны,
Чараў дзіўныя крыніцы
І размозы нейкай тайны.
І быў сэрцам ён чуллівы.
Срэбраструнны, златагукі,
Успрымаў ён радасць, мукі,
То маркотны, то шчаслівы,
Як пакажа час разлукі,
Як павене міг спаткання.
І ніколі не маўчалі
Струны-гуды звона тога:
Неба шыр, зямлі разлога,
Залатыя сонца далі
На яго адбітак клалі
Чары дзіўнага спявання.
Аклікаўся ён і громам,
Неба плыні віхрабежнай,
Буры чорнай і мяцежнай
І слядкам над божым домам
Ад хмурынкі беласнежнай.
Ён зліваўся ў тон суладны
З шумам лісцяў і травінак,
З спевам красак і былінак,
На ўсё чулы і ўспагадны
І прыемны, бы ўспамінак.
А ў час ночы глуха-немы, –
Калі месяц блеск свой кіне
У твар ночкавай пустыні,
І пад вэльмам ціхай дрэмы
Зоры высыплюць, бы іней, –
Ажываў ён, і чароўна
Гралі струны яго самі,
І іх спевам-галасамі
Месяц цешыўся бязмоўна
З хорам зор і небясамі.
А калі званар, бывала,
Залатыя ўзбудзіць струны,
Тады хмарка свае руны
Ніжэй к долу апускала,
Каб спявалі ў іх пяруны.
Ды маўчаў прастор бяздонны, –
Навакола ўсё нямела,
Бура ўзняцца там не смела,
Бо мінута песень звонных
Дабратою сэрцы грэла.
Так званіў ён, так ён клікаў,
Каб пазнаць дабро адзіна,
Каб айцец не крыўдзіў сына...
Ды для гэтых яго зыкаў
Не прыйшла, дзядок, часіна.
Кожны раз, як свет здзіўлёны
Слухаў спеў той з заміраннем,
Праразлівым бразгатаннем
Спеў яго глушылі звоны
І сціхалі з насмяханнем.
І зайздросна, дзедку, стала,
Што меў дар такі звон гэты,
І што свет, у цьму адзеты,
Тая песня асвятляла,
Як і сонца светліць кветы.
І заглушан быў званамі
Гэты звон, вяшчун прарочы;
Не трывожыць ён больш ночы,
Цьмы, залеглае над намі,
Каб увысіць лёс сірочы.
У няроўным тым змаганні
Надарваўся звон чуллівы.
Змоўклі песень пералівы,
Зноў пануе бразгатанне,
Пустазвонаў клік фальшывы.
І смуткуе звон разбіты
Аб тых песнях разнастайных,
Што ў прасторах у бяскрайных
Зоры слухалі сукрыта,
Каб пазнаць іх сэнс патайны.
Але голас праўды, згоды
Не замрэ ў душы ніколі:
Будзе клікаць ён да волі,
Будзе ў сэрцы жыць заўсёды,
Як той вобраз лепшай долі.