Януш накіраваўся на злучэнне з польскім войскам. Прыбыў ён у ix лагер 4 верасня. Планавалася, што аб'яднаныя сілы Кароны i княства змогуць разбіць войска Хмяльніцкага. Аднак кароль не адважыўся на гэта. 29 верасня ён заключыў у Белай Царкве мір з Багданам Хмяльніцкім.
Слава аб рашучых дзеяннях Радзівіла пракацілася па ўсёй краіне. Яго параўноўвалі з палкаводцамі старажытнасці. На вуліцах натоўп крычаў яму: «Віват!» На сойме, які адбыўся ў Варшаве ў лютым наступнага года, ён расказваў аб дзейнасці i кароннага войска, i войска Вялікага княства. Здавалася б, усё выдатна. Але рост аўтарытэту i папулярнасці Радзівіла напалохаў польскіх (ды i не толькі польскіх) магнатаў. Па Варшаве папаўзлі плёткі. Пачаліся інтрыгі. Хтосьці пусціў пагалоску, быццам памёр вялікі гетман літоўскі Ян Кішка. Пачалі рашаць, каму аддаць гэту пасаду. Па ўсім выходзіла, што найбольш падыходзіць Януш Радзівіл. Але i кароль, i польскія магнаты пабаяліся зрабіць гэта. Пасада была паабяцаиа князю Паўлу Сапегу. Гэта настолькі абразіла Януша, што ён раптоўна пакінуў Варшаву. Усцешыла яго, але так i не зменшыла крыўду, сустрэча з жывым i здаровым… Янам Кішкам. Радзівіл зразумеў, што падманная вестка аб смерці Кішкі была пушчана кімсьці з нядобразычліўцаў.
Праз год пасля гэтых падзей на сойме ў Брэсце Януш пастараўся расквітацца. Ён патрабаваў ад Яна Казіміра, каб той менавіта яго прызначыў ваяводам Віленскага ваяводства. Кароль вымушаны быў згадзіцца. У наступным годзе памёр Ян Кішка. Януш пачаў барацьбу за яго пасаду. Кароль доўга ўпарціўся, але ўсё ж зноў прыйшлося згадзіцца. Так Радзівіл атрымаў у свае рукі дзве галоўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім.
А тым часам Багдан Хмяльніцкі вёў перагаворы з Масквой. 8 студзеня 1654 года ў горадзе Пераяславе быў падпісаны дагавор. Украіна добраахвотна ўз'ядноўвалася з Расіяй. Гэта было поўнай нечаканасцю для кіруючых колаў Рэчы Паспалітай. Вялікаму ж княству Літоўскаму прынесла страшэнную бяду. Цар Аляксей Міхайлавіч афіцыйна абвясціў вайну. Яго войскі разам з украінскімі казакамі перайшлі мяжу. Пачалася жорсткая вайна. Да таго ж цар вырашыў у гэтай барацьбе абаперціся на падтрымку праваслаўнага насельніцтва княства. Ён разаслаў па ўсёй краіне граматы-звароты да адзінаверцаў. Шэраг гарадоў без бою адчынілі яму свае брамы. Войскі Вялікага княства Літоўскага цярпелі паражэнні адно за адным. Нават гарнізон Смаленска не змог утрымацца i склаў зброю.
Палякі ж, як i заўжды, быццам забыліся пра існаванне дагавора аб ваеннай узаемадапамозе. Яны чакалі, калі Вялікае княства Літоўскае аслабне.
Неспадзяваным быў паварот падзей i для Януша Радзівіла. Ён спрабаваў што-небудзь зрабіць, як-небудзь сабраць сілы ў адзін кулак i адбіць навалу з усходу. Але не змог. Перашкодзілі гэтаму i агульная разгубленасць шляхты, i тое, што ён не быў ужо польным гетманам. Справа ў тым, што наш зямляк паддаўся на настойлівыя просьбы караля i ўступіў гэту пасаду Вінцэнту Гансеўскаму. З тымі войскамі, якія Януш змог «наскрэбці», ён выступіў супраць рускіх. Бітва адбылася 12 жніўня 1654 года ля невялічкага гарадка Шклова. Войскі рускага цара значна пераўзыходзілі па колькасці. Ды i ўзброены былі лепш. Таму разбілі войска Радзівіла ўшчэнт.
Яшчэ большае паражэнне пацярпеў ён праз некалькі дзён у бітве ля вёскі Шпялевічы.
Зразумеўшы, што сваімі сіламі не справіцца i што палят не дапамогуць, Януш зноў узяўся за пяро. Ён піша i Багдану Хмяльніцкаму, i Юрыю II Ракочы (сыну свайго старога знаёмага). З'явіўся ў яго i новы адрасат — шведскі кароль Карл X Густаў. Швецыя валодала ў той час не толькі сваёй сучаснай тэрыторыяй, але i значнай часткай Прыбалтыкі. З ix дапамогай Януш разлічваў утварыць антырускую i антыпольскую кааліцыю. Ён спадзяваўся разбіць захопнікаў з усходу i дабіцца таго, каб Вялікае княства Літоўскае стала поўнасцю самастойнай дзяржавай, Гэтымі планамі Радзівіл падзяліўся з Гансеўскім i літоўскімі сенатарамі. Але не знайшоў паразумення.
Раз'юшаны Януш вырашыў працягваць барацьбу з рускімі, i войска Вялікага княства накіравалася да Магілёва. Горад аблажылі i спрабавалі захапіць. Але не змаглі i ў маі 1655 года адступілі.
Рускія ж войскі ў гэты час развівалі свае паспяховыя наступы. Амаль уся Беларусь была захоплена імі. Здалася нават Вільня.
У гэты ж час на Польшчу напала Швецыя. Шведы засталі зусім не падрыхтаваную да абароны краіну i за некалькі месяцаў захапілі амаль усю тэрыторыю. Дарэчы, Багдан Хмяльніцкі заключыў з імі саюз i кінуў казацкую кавалерыю «на ляхаў». Януш Радзівіл жа з групай паплечнікаў вырашыў выкарыстаць гэту акалічнасць. 18 жніўня 1655 года ім было падпісана пагадненне аб пераходзе Вялікага княства Літоўскага ад уніі з Польшчай да уніі ca Швецыяй. Пагадненне падкрэслівала, што гэта аб'яднанне раўнапраўных партнёраў, а не падначаленне адной дзяржавы другой. Сярод іншых пунктаў можна назваць такія, як свабода голасу, веравызнання. Адзін з пунктаў прадугледжваў узаемадапамогу ў выпадку вайны, але была зроблена заўвага: «…выключаючы караля i Карону Польскую» (г. зн. Польшчу. — М.Б.).