Так 26 мая 1863 года каля вёскі Парэчча (сучасны Барысаўскі раён) закончылася жыццё таленавітага скульптара i адважнага змагара Генрыха Дмахоўскага.
Грандэ Эдукадор
Яго імем названы фіялка i горны хрыбет, мінерал i выкапнёвы слімак. А яшчэ — рабочы пасёлак, порт i горад у адной з лацінаамерыканскіх краін. У гэтай краіне ў яго гонар быў выпушчаны памятны медаль, а дзень яго смерці аб'яўлены днём нацыянальнай жалобы. Чалавек гэты — наш зямляк Ігнацы Дамейка.
Нарадзіўся Дамейка ў маёнтку Мядзвядка недалёка ад Міра 31 ліпеня 1802 г. Некалькі гадоў пражыў Ігнацы ў маёнтку свайго бацькі старшыні Навагрудскага земскага суда Іпаліта Дамейкі. Вясной 1809 года Іпаліт памірае, i дзяцей (разам з Ігнацыем ix было пяцёра) бяруць пад сваю апеку браты яго, таксама Ігнацы i Юзэф. Апошні калісьці вучыўся ў горным вучылішчы ў нямецкім горадзе Фрайбергу. Магчыма, менавіта яго расказы выклікалі інтарэс да мінералогіі ў будучага вучонага.
Першапачатковую адукацыю Ігнацы атрымаў у калепуме манахаў-піяраў у Шчучыне. Гэты манаскі ордэн вылучаўся сваім найбольш прагрэсіўным выхаваннем i шырокімі ведамі, якія даваліся выхаванцам.
Пасля заканчэння калегіума Ігнацы паступае ў Віленскі універсітэт, які ў той час з'яўляўся цэнтрам асветы ўсіх беларуска-літоўскіх зямель. У ім выкладалі такія сусветна вядомыя вучоныя, як Лелявель, Франк, Гродэк, браты Снядзецкія, Юндзіл. Сярод выхаванцаў, якія займаліся ў той час ва універсітэце, можна назваць Яна Чачота, Томаша Зана, Адама Міцкевіча. У хуткім часе Міцкевіч i Дамейка пазнаёміліся (у далейшым гэта знаёмства перарасло ў цесную дружбу). Праз пэўны час Адам увёў Ігнацыя ў кола членаў тайнага таварыства філаматаў, дзе той атрымаў канспіратыўнае імя Жэгота.
Гэтае студэнцкае згуртаванне ўзнікла ў 1817 годзе i напачатку ставіла перад сабою асветніцкія мэты — папулярызацыю здабыткаў французскіх асветнікаў, вызначэнне ролі чалавека i грамадзяніна. Але пазней філаматы прыйшлі да ўсведамлення неабходнасці палітычнай барацьбы. Яны выступілі супраць феадальных абсалютысцкіх парадкаў, выказваліся за адмену прыгоннай залежнасці сялян, лічачы, што ганебнае прыгонніцтва супярэчыць цвярозаму розуму, распрацоўвалі праграму палітычнай барацьбы за сацыяльнае i нацыянальнае вызваленне.
Паліцыя даведалася аб дзейнасці суполкі. Яна была разгромлена, больш за сто яе членаў былі арыштаваны i кінуты ў турму. Сярод арыштаваных апынуліся i Дамейка, i Міцкевіч. Значна пазней Адам Міцкевіч апісаў падзеі тых дзён у паэме «Дзяды». Адным з герояў паэмы быў Жэгота. Пад гэтым імем увайшоў у бессмяротны твор Ігнацы Дамейка.
Філаматаў прыгаварылі да высылкі. Ігнацы ж пазбег гэтага выпрабавання — выратаваў дзядзька, які меў вялікі ўплыў. Ён дабіўся, каб пляменніка накіравалі «на выпраўленне» ў вёску Заполле на Лідчыне. Праз пэўны час Ігнацы атрымаў дазвол перабрацца ў Жыбуртоўшчыну (недалёка ад Дзятлава). Атрымаў ён i яшчэ адно пакаранне — пажыццёвую забарону працаваць на дзяржаўнай службе.
Ігнацы заняўся сельскай гаспадаркай. Гэта дало яму магчымасць лепш пазнаёміцца з жахлівымі ўмовамі жыцця прыгонных сялян, паглыбіць засвоеную яшчэ ў дзяцінстве беларускую мову. Ён адкрыў у сваім маёнтку сялянскую школу, зменшыў баршчыну настолькі, наколькі гэта дазвалялі тагачасныя законы.
1830 год. Рэвалюцыя ў Францыі. Як водгук на яе — паўстанне моладзі ў Варшаве. У наступным годзе полымя барацьбы ахапіла i Беларусь. Ігнацы Дамейка далучаецца да паўстанцаў. Але не падтрыманае народнымі масамі паўстанне хутка было падаўлена. Дамейка вымушаны быў разам з атрадам генерала Хлапоўскага (пад кіраўніцтвам якога змагаўся) пакінуць радзіму. Паўстанцы перайшлі прускую мяжу i склалі зброю. Ігнацы, як i многія яго таварышы па зброі, накіраваўся ў Парыж. Па дарозе, у Дрэздэне, ён сустрэўся з Адамам Міцкевічам. Яны засталіся верныя сваёй юнацкай дружбе, якая ў выгнанні была асабліва моцнай i цёплай.
У Парыжы ў той час сабралася мноства былых паўстанцаў. Усе яны спадзяваліся хутка вярнуцца на радзіму, каб працягваць барацьбу з дарызмам. Ігнацыя часта можна было бачыць на мітынгах, чуць там яго прамовы. У гэты ж час ён працягвае вучобу, перапыненую некалі арыштам, наведвае лекцыі ў Горнай школе, а таксама ў славутым Сарбонскім універсітэце i не менш папулярным Калеж дэ Франс. Не забывае за ўсімі гэтымі справамі i аб старым сябры — ён дапамагае А. Міцкевічу перапісваць начыста рукапіс яго толькі што закончанай паэмы «Пан Тадэвуш» (праз некаторы час, калі гэты твор быў надрукаваны, Адам падарыў Ігнацыю першы экземпляр кнігі).