«Гетману его хороброму князю
Константину Ивановичу Острозскому дай, Боже, здорове, и щасте вперед лепшее: как нынѣе побѣедил силу великую московскую абы так побивал силную рать татарскую, проливаючы кровь ихъ басурманскую».
Гетман не адразу паехаў на радзіму. Ён спачатку адбудаваў зруйнаваныя праваслаўныя цэрквы св. Міколы i св. Тройцы. I гэта нягледзячы на пастанову, якая забараняла будаваць i аднаўляць праваслаўныя храмы на тэрыторыі княства. Тым, як i наогул прыхільнасцю да праваслаўя, ён выклікаў варожыя да сябе адносіны канцлера Альбрэхта Гаштольта — аднаго з найбольш уплывовых саноўнікаў княства, заўзятага католіка.
Здаецца, можна было б спачываць на лаўрах, грэючыся ў праменях сваёй славы, на пасадах гетмана i віленскага кашталяна змагацца за праваслаўе i на свае сродкі будаваць храмы ў Беларусі i Літве, можна матэрыяльна дапамагаць майстру лекарскіх навук Францыску Скарыне ў наладжванні друкарні, але доўг перад радзімай i суайчыннікамі патрабуе ад яго працягваць барацьбу з ворагамі. I галоўнай справай на гэты час становіцца схватка з тымі, пажаданнем разбіць якіх скончвалася «Пахвала…», — татарамі. Толькі на два гады пакінулі яны ў спакоі нашу шматпакутную зямлю, a затым зноў пачалі свае набегі. Зноў палілася кроў, запалалі вёскі i гарады, зноў тысячы захопленых імі жыхароў накіроўваліся ў Крым, дзе распрадаваліся, быццам быдла, гандлярам усяго Міжземнамор'я. I зноў войска пад кіраўніцтвам гетмана Астрожскага выходзіла ім насустрач i перамагала «басурманаў».
Той-сёй з даследчыкаў сцвярджае, што менавіта Астрожскі вінаваты ў страшэнным разгроме кароннага (польскага) войска, якое адбылося ў 1521 годзе ля горада Сокала. Так, сапраўды, ён удзельнічаў у гэтай бітве. Так, татары ў той раз перамаглі. Так, польскае войска было разбіта ўшчэнт. Але чаму? Паслухаем жа летапісца: «Татаре, вышовши Белскую, Лубянскую и Хелминскую землю звоевавши, поразили у Соколя поляков, бо не хотели слухати рады здоровой князя Константина Острозского, который был з литвою и русью (так у той час называлі беларусаў. — М.Б.) на помочь полякам пришол. А войско литовское не отнесло жадного ущербѣку, бо Константин на лѣвом скрыдлѣ стоячи з своими литвой и русью, з шанцев албо обозу выходячи, татар от себя отбивали и пречь отогнали». Гэтыя словы сведчаць аб тым, што загубілі польскае войска самаўпэўненасць i фанабэрыстасць ix ваяводы. Той зрабіў па-свойму i быў разбіты, а войска Вялікага княства Літоўскага, выкарыстаўшы драбіны з абозу ў якасці прыкрыцця, пераўтварылі свае пазіцыі ў своеасаблівую палявую крэпасць, у якой не толькі самі выратаваліся, але, без сумнення, нанеслі немалы ўрон татарам.
На гэты раз цярпенне насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, асабліва тых, хто жыў на поўдні краіны, скончылася. Вырашана было ў рэшце рэшт расправіцца з ненавіснымі крымчакамі. «Татаре, гды великие шкоды починили в Польше, в Руси, в Литве частыми своими утирчками (набегамі. — М.Б.) зараз панове Литвы и Руси засобиралися против им охотнее з рыцарством своим, литовским, руским, волынским, а найпервѣй Константин Острозский гетман литовский, Юрый Семенович, князь Слуцкий, Иван и Александр княлс Вишневецкие, Андрей Немирович, воевода киевский, которые гоняли татар за Киев миль 40, аж на Олшаницу, которых было с царевичем Малаем 24 000 и которых за помочию божею Литва и Русь с Волынцами сщасливе наголову всех поразили, и полону звязаного христианского обоих станов з Руси, Подоля и Подгоря 80 000 отгромили, и добытки и здобычи отняли, а татар на пляцу положили всех 24 000…сам Малай царевич, утекаючи от двух литвинов, зостал поиманым». Пасля ўсяго, што нарабілі татары, гнеў на ix быў настолькі вялікі, што Астрожскі загадаў распрануць палоннага царэвіча i «стрэлами нашпиковати».
Але i пасля гэтай перамогі набегі крымскіх татар, хоць i не такія моцныя, працягваліся i спынены былі толькі пасля таго, як беларуска-літоўскае войска пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага разбіла ix 20-тысячнае войска.
На жаль, няшмат гадоў пасля гэтага пражыў гетман. Ён памёр у Вільні ў час эпідэміі, якая захінула чорным крылом нашу зямлю ў 1530 годзе. Павага да яго як да абаронца зямлі нашай i абаронца веры праваслаўнай была настолькі вялікай, што пахавалі князя Канстанціна Астрожскага ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Усё жыццё яго было аддадзена вернаму служэнню радзіме, няспыннай барацьбе з яе ворагамі. Гэта аб ім сказаў М.М. Карамзін: «В самом деле никто не служил Литве и Польше усерднее Острожского, брата Россиян в Церкви, но страшного врага их в поле. Смелый, бодрый, славолюбивый сей Вождь одушевил слабые полки Литовские: знатнейшие паны и рядовые воины охотно шли с ним в битву». Гэтыя словы, на наш погляд, найлепшая характарыстыка i эпітафія князю-ратаборцу.