У свет з'явіўся чалавек
З вялікім сэрцам i натхненнем.
I ў дзень ягоны нараджэння
Пачаўся новы светлы век.
1957 г.
НА ВОЛЗЕ
На Волзе непагадзь.
Ляцяць на бераг пырскі,
Над Волгай не змаўкае ветру свіст.
Завулкамі купецкага Сімбірска
Ідзе на стромкі бераг гімназіст.
Яму ад нараджэння дарагая
Вялікая расійская рака.
Ён бачыць, як у змроку дагарае
На тым баку агеньчык рыбака,
Ён бачыць, як у непагадзь i спёку
На узбярэжжах бурлакі снуюць,
I чуе, як над Волгаю шырокай
Тужлівую «Дубінушку» пяюць.
Ён бачыць вочы гнеўныя i шыі
У пісягах ад мулкага ярма.
Яму здаецца, што уся Расія
Прыйшла сюды,
а ёй канца няма;
Няма канца i краю цяжкім стратам
I песням пра пакуты i бяду,
Няма канца i тым, што брат за братам
У турмы i на катаргу брыдуць.
Яны праходзяць, скутыя у пары,
З узнятаю высока галавой...
Гарцуюць захмялелыя жандары,
I ляскае затворамі канвой.
Стаіць адзін хлапчук каржакаваты,
I бліскаюць агеньчыкі ў вачах.
Ён паўтарае сам сабе, як клятву:
«Мы адшукаем самы пэўны шлях».
Над Волгаю заняўся золак сіні,
Над Волгай непагадзь, над Волгай ветру свіст.
Глядзіць i бачыць заўтрае Расіі
Пакуль што невядомы гімназіст.
1957 г.
САЛДАЦКІ ХЛЕБ
У салдата груз не цяжкі,
Бо ідзе не на кірмаш —
Скатка, торбачка, біклажка,
Стрэльба, штык i патранташ.
Вось i ўсё яго багацце.
Каптэнармус сухары
Выдае яму не ў хаце,
А на полі ці ў бары.
Не заўсёды ёсць махорка,
Не заўсёды ёсць вада.
Паліняла гімнасцёрка,
Пасівела барада.
Месяц солі ён не бачыў
У Палескай старане,
Хоць яна ў баях гарачых
Выступала на спіне.
Не было калі уцерці
Рукавом крывавы пот.
I не раз у вочы смерці
Ён глядзеў за гэты год.
Біў Дзянікіка, Марусю,
Адмірала Калчака,
А цяпер у Беларусі
Стаў разведчыкам палка.
Ён тут ведаў кожны мосцік
Ад Бярозы да Дзвіны...
Застагналі ягамосці,
Заспяшаліся паны.
Не шукаючы, дзе мелка,
Не пытаючы, дзе брод,
З Мінска, з Глуска, з Рудабелкі
Накаціўся гэты зброд.
А разведчык той, вядомы
З грамадзянскае вайны,
На дзянёк зайшоў дадому,
У мястэчка Кургэ.ны.
Пазбіраліся суседзі,
I суседкі, i дзяды.
Далажыў салдат, што едзе
У Маскву на два гады,
— Трэба трохі падвучыцца,
I таму мяне з палка
Пасылаюць у сталіцу,
Аж у школу ЦВК.
Зажурыліся кабеты:
— Гэта ж госць у нас такі,
А у беднае Альжбеты —
Ані круп, ані мукі.
I панеслі хто што мае:
Скварку, шклянку малака,
Тут i каша прасяная,
Тут i жытняя мука.
Завіхаюцца салдаткі.
Печ гудзе, звіняць нажы.
На сталы нясуць аладкі,
Цеста месяць у дзяжы.
Бохан кмінам пасыпаюць:
Будзе смачны хлеб, круты,
I у печ яго саджаюць
На кляновыя лісты.
Стол накрылі так, як трэба,
Як бывала да вайны.
I запахла свежым хлебам
Над мястэчкам Курганы.
Пасядзелі, паспявалі,
А на золку акурат
Хлеб у торбачку паклалі,
I пайшоў далей салдат.
У салдата груз не цяжкі,
Бо ідзе не на кірмаш, —
Хлеб у торбачцы, біклажка,
Тытуню на тры зацяжкі,
Стрэльба, штык i патранташ.
Дзе пад'едзе, дзе падыдзе,
Дзе задрэмле на траве,
I не болей як за тыдзень
Апынуўся у Маскве.
Тут сустрэлі на вакзале,
Да начальства павялі,
Накармілі i сказалі,
Што служыць яму ў Крамлі.
Ён прыйшоў. Наўкол палацы,
Са сцяной цячэ рака.
У каго б яму спытацца,
Дзе тут школа ЦБК.