А насустрач невысокі
Чалавек якраз ідзе.
Паглядзеў, прыжмурыў вока,
I салдат яму здалёку
Крыкнуў:
— Браце, школа дзе?
Незнаёмы усміхнуўся
I гаворыць на хаду:
— Калі так, дык я вярнуся,
Вас да месца давяду.
Вы адкуль, з якога фронту?..
Што там добрага чуваць?
— Добра ўсё. Шкада, што з контрай
Не далі даваяваць.
Кажуць: «Трэба падвучыцца».
— Так, вучыцца трэба ўсім...
— Але брацца за табліцу
Не з характарам маім:
Гаспадарка ж не ў парадку,
Жонка колькі год адна.
А цяпер — ізноў салдатка,
Хоць i кончыцца вайна.
Прыпыніліся ля дома
З нейкай шыльдай на сцяне,
I гаворыць незнаёмы:
— Можа зойдзем да мяне?
Абмяркуем па парадку,
Як жывуць у вас, i чым
Не адной, a ўсім салдаткам
Трэба нам дапамагчы. —
У прасторным кабінеце
Сеў салдат каля стала.
I пра ўсё, што ёсць на свеце,
Лёгка гутарка пайшла.
Пра зямлю, пра хлеб i школы
Доўга гутараць яны,
Пра ячэйку камсамола
У мястэчку Курганы.
Увайшла ў пакой дзяўчына,
Азірнулася наўкол,
Чай прынесла i нішчымны
Хлеб паставіла на стол.
— Калі ласка, чым багаты... —
Прапануе гаспадар
I падсоўвае салдату
Хлеб шурпаты, як сухар.
Зняў салдат мяшэчак, скатку,
Аж забыўся, што ў Крамлі,
Хлеб вымае, што салдаткі
На дарогу напяклі,
Падае суседу лусту:
— Не пагрэбуйце i вы,
Можа прыйдзецца па густу
Хлеб салдацкі, франтавы.
— Хлеб адменны, скажам прама,
Хто яго пячэ i дзе?
А салдат ніяк не ўцяміць,
З кім ён гутарку вядзе.
Развітаўшыся, гаворыць
Клапатлівы гаспадар:
— Вас чакае ў калідоры
З вашай школы камісар.
Камісар на тратуары
Дакрануўся да пляча
I спытаў:
— Ну як, таварыш,
Гасцяваў у Ільіча?
1958 г.
АГАНЁК УНАЧЫ
Ідуць дажджы i днём i ноччу,
Апалі мокрыя лісты,
Вада асенняя булькоча,
Старыя зносячы масты.
Размокла на дарозе гліна,
Канавы поўныя вады,
I у разбітых каляінах
Па трубкі грузнуць абады,
Світае днём, i днём змяркае,
Куды ні глянеш — змрок i змрок,
Нібы над Енісейскім краем
Замкнулі сонца на замок.
I ночы чорныя, як сажа,
Здаецца, бездань за сцяной.
Ніхто дарогу не пакажа,
Ніхто не пусціць на пастой.
А ты ідзеш, прамок дазвання,
Закляклі ногі, ледзь жывы.
Цябе, нібы на пакаранне,
У воласць кліча станавы.
Збіраўся дабрысці да ночы,
Ды не прайшоў i тры вярсты,
Як зніклі сцежкі ля абочын,
Як раптам выраслі кусты.
Куды ісці?
У чорным полі
Адзін блукаеш, як сляпы,
Табе шыпшыннік шчокі коле,
Малоціць дождж у тры цапы.
На паўаршына грузнуць ногі,
Чыркі размоклі у вадзе.
Ды па загаду станавога
У воласць Пронікаў ідзе.
Кляне i цемрадзь, i парадкі,
Ураднікаў, i станавых,
Што за патравы i падаткі
У воласць гоняць ледзь жывых.
Ды болей не ступіць ні кроку,
Прысеў, намацаўшы пянёк,
Зірнуў навокал:
дзесь далёка
Мільгнуў маленькі аганёк.
Жывы, трапечацца, палае,
Яго й дажджы не залілі,
Нібыта зорачка малая
Адна гарыць на ўсёй зямлі.
Рукамі расхінуўшы веццэ,
Устаў стары, прыбавіў крок,
Ідзе туды, дзе ярка свеціць
Жывы маленькі аганёк.
Канавы, зараснікі глогу
Ужо мінуў стары даўно.
Яму паказвае дарогу
Чыёсьці светлае акно.
У раму стукнуў асцярожна
I кажа:
— Госпадам прашу,
Пусціце ў хату, калі можна,
Ратуйце грэшную душу.
— Хутчэй, заходзьце, калі ласка..
Усё, усё здымайце прэч,
Чыркі сушыце,
апаяску
І світку вешайце на печ.
Сядайце, вось i чай дарэчы,
Кладзіце цукар... ну, нішто? —
I гаспадар яму на плечы
Сваё накінуў паліто.