Выбрать главу
Сягоння дзень яшчэ прыбудзе, А сонца вось — рукой падаць. Яно у нас, на Нафтабудзе, Заўсёды першай мне відаць.
Відаць, як за Дзвіной пшаніца Нагнула долу каласы... I за плячамі ў кранаўшчыцы Ляжаць тугія дзве касы.
Заплеценыя, як у школе, Істужкай белаю яны. Ад ix, здаецца, пахне полем I ветрам ранняе вясны.
Маленькая, нібы падлетак, Яна глядзіць на белы свет. I у кабіне з першых кветак Стаўляе кожны дзень букет.
Галінкі бэзу i язміну Прыносіць з бліжняга сяла, Зірнеш на Валіну кабіну I бачыш — ліпа расцвіла.
То распусціліся рамонкі, То браткі ў росным серабры. Цагліны, як з рабіны гронкі, Здымаюць з крана муляры.
Глядзіць удалеч кранаўшчыца I нават дзівіцца сама, Што ў полі бачыць камяніцы, Якіх яшчэ пакуль няма,
Што бачыць плошчы i бульвары, I белы горад над ракой, Бо ведае, што здзейсніць мары Сваёю ўласнаю рукой.
1959 г.
ЗАРАДКА
У хлапечым інтэрнаце Пражаць вечарам гарох. На стале, як на парадзе, — Масла, бульба i тварог.
Хлопцы ставяць на пліту Смажыць бульбы тры патэльні Пахне салам за вярсту, А вось бульбаю не вельмі.
— Янка, падавай кефір, Апанас, нясі аладкі, — Кажа хлопцам брыгадзір, — Прыступаем да зарадкі.
Сеў за стол, пакроіў хлеб, Разлажыў усім па лусце. — Ты, Пятро, хіба аслеп: Рукавы ужо ў капусце.
Дзесяць хлопцаў дзесяць страў Выстаўляюць на абрусе. Хтосьці з ix пажартаваў: — Я адзін за ўсіх бяруся
З'есці бульбу, i тварог, I капусту, i аладкі. — А скажы, без нас бы змог Ты адзін закончыць кладку?
— Вам з вячэрай без мяне Не управіцца ніколі: Я ж за год на цаліне З'еў не меней пуда солі.
— Я паверу, што з'ясі Ты адзін не пуд, а тону. Лепш вазьмі ды панасі Ты за нас адзін бетону.
Хопіць лётаць па зямлі, Замацоўвайся, як людзі. Паспытаў бы, як жылі Летась мы на Нафтабудзе.
А не згодзен — прабачай, Ты між нас не знойдзеш пары. Гатаваць бярыся чай, Падавайся ў кашавары
Ці на пост вартаўніка Каля нашай хлебнай краны, A імя будаўніка Не гнюсі, пакінь за намі.
— Зноў счапіліся яны! Брыгадзір, канчайце сварку: Стыне ж бульба i бліны, Перасмажыліся скваркі...
Селі ўсе за стол яны. Паглядзела б з боку маці, Як вячэраюць сыны У хлапечым інтэрнаце.
1959 г.
ПРЫГОЖЫЯ РУКІ
У час сустрэч i ў час разлукі, Выходзячы ўдваіх на шлях, Навошта ты хаваеш рукі У драпінах i ў мазалях?
Заўжды шурпатыя ад тынку, Парэпаныя ад вады, Яны не знаюць адпачынку У гарачыню i ў халады.
Ад цэглы i ад арматуры Яны зрабіліся дужэй... За сотні рук у манікюры Такія рукі прыгажэй.
Яны трымаюць у палоне Душу i сэрца юнака. Не выкаўзне з такой далоні Яго шурпатая рука.
1959 г.
СУПРАЦІЎЛЕННЕ МАТЭРЫЯЛУ
Аўтобус «Полацк — Нафтабуд» Заўсёды поўны пасажыраў: I муляры, i цеслі тут, I капітаны без мундзіраў,
I маладыя лейтэнанты. Ад службы толькі засталіся канты I звычка добрая, старая — Быць першым на пярэднім краі.
Ідзе аўтобус поўньім ходам, Туман курыцца на Дзвіне. Жартуе хтось: «Замест узвода Цяпер брыгада у мяне».
Гартаюць ля акна дзяўчаты Падручнікі па сапрамату, Складаныя вядуць разлікі — Сягоння ім здаваць залікі,
I новы дом, i цэх здаваць У лік наступнага квартала, I кожным рухам адчуваць Супраціўленне матэрыялу: