А будзе патрэбна — усе гімнасцёркі
Дастануць з куфэркаў. Любою парой
Да форменных шапак чырвоныя зоркі
Прышпіляць i стануць адразу у строй.
У ботах гумовых i сіняй спяцоўцы
Для радасцей новых i новых трывог
На самай адказнай, ударнай пляцоўцы
Ад рання да ночы працуе парторг.
1961 г.
ДАЛЬНІ ПРЫПЫНАК
Пры дарозе — толькі слуп,
Бо прыпынак дальні,
Але тут, нібыта клуб,
Школа i чытальня.
Тут i песню запяюць,
Пажартуе майстра,
I пытанні задаюць
Пра Фідэля Кастра.
Тут завочнік на пяску
Піша, піша штосьці,
Тут гавораць, што з Баку
Прыязджаюць госці.
А з-за Новага Двара,
З невялічкай хмары,
Нечакана як з вядра
Цёплы дождж ударыў.
Заскакалі басанож
Хлопцы i дзяўчаты —
Спорны дождж, харошы дождж
Мые, як на свята,
Прабірае да касцей,
Хвошча, як у душы.
Мо таму у ix чысцей,
Чым у іншых, душы.
1961 г.
* * *
Яе далоні пахнуць мятай,
I спелым жытам — валасы.
Шануй, любі, але не кратай
Дзявочай чыстае красы.
I па чужой не мерай мерцы.
Такая толькі ёсць адна,
Калі ў даверлівае сэрца
Табе пастукала яна.
Яе далоні пахнуць мятай,
I ныюць ногі ад расы.
Сустрэў, кахаеш, значыць сватай,
Забудзь другія адрасы.
21. V 1960 г.
* * *
Ад сцюжы пасівелі вейкі,
I стынуць рукі ад жарствы.
Ты б ix схавала ў рукавы
Сваёй шурпатай целагрэйкі.
Табе здаецца, што не вельмі
Яшчэ лютуюць халады.
Вятры ж гудуць на ўсе лады,
I прыстае к далоні кельма.
Ты мне гаворыш з вышыні,
Што праз гадзіну кончыш змену.
Цябе я, любая, сустрэну,
Калі запаляцца агні.
А ноччу зноў гудзе завея
У нашым ціхім гарадку.
Ты змерзла?.. Я тваю руку
Сваімі вуснамі сагрэю.
Ад шчасця i ад хвалявання
На вейках знікне сівізна,
I чыстай кропляй на світанні
Да нас пастукае вясна.
1961 г.
НАСЦЯ
Ледзь не задыхаецца ад шчасця
Беленькая, як бярозка, Насця.
Вось ужо i прозвішча змяніла,
I пры людзях кажа: «Пойдзем, мілы,
Мы з табою ў Маладзёжным садзе
Побач дуб з бярозкаю пасадзім.
Хай растуць, няхай сплятаюць вецце,
Хай ніколі ix не зломіць вецер.
A калі шырэй раскінуць голле,
Будзе побач клёнік ці таполя».
I стаяць заўсёды, як пад шлюбам,
Белая бярозка разам з дубам,
Ix у спёку палівае Насця.
I расце, расце «Алея шчасця».
Нафтабуд — Мінск,
1961 г.
РАВЕСНІКІ
МАЁ ПАКАЛЕННЕ
І я у дзяцінстве не ведаў калыскі,
Не ведаў утульнае цёплае хаты,
Замест калыханкі, схіліўшыся нізка,
Спяваў у цяплушцы салдат барадаты:
«Віхуры варожыя веюць над намі»...
I ў нашай цяплушцы свісталі вятры,
Смяяліся хлопцы: «Пакончым з панамі,
Як толькі усе даядзім сухары».
I мне аддавалі шурпаты i горкі
Сухар са свайго баявога пайка,
A самі круцілі цыгаркі з махоркі
I песню зацягвалі пра Ермака.
Пасля, пасадзіўшы на мулкім калене,
Чырвонаармеец пытаўся не раз:
«Ты ведаеш, браце, а хто такі Ленін
I што ён гаворыць пра нас?»
I я, ашчаперыўшы шыю худую,
Услед паўтараю за ім:
«Мы наш, мы новы свет збудуем,
Хто быў нічым, той стане ўсім!»
Салдацкія вочы адразу цяплелі
I бачылі заўтрашні дзень прад сабой,
А побач матросы натхнёныя пелі,
Што гэта апошні, рашаючы бой.