Выбрать главу
СЛЯДЫ
Памяці Н. А. Войтка.
Месячная ноч, нібы тады, Як пасля нядоўгае разлукі Беглі аж да самае вады Мы з табой, пабраўшыся за рукі.
Ты пытала: «Ну, нашто, зачым Гэтыя таемныя сустрэчы?» Але зноў да берагу Пцічы Мы з табой хадзілі кожны вечар.
Ты, нібы шукаючы гусей, Берагам ішла ка мне з усмешкай, I на дымнай чэрвеньскай расе Засталіся толькі нашы сцежкі...
...Месячныя ночы на Пцічы Пахнуць мёдам i мурожным сенам, Але, даўняй сцежкай ідучы, Я цябе ніколі не сустрэну,
Не пабачу шалік на вярбё, Але ты — заўжды перад вачыма Хоць i пэўна знаю, што табе Не прыйсці ніколі з Асвенціма.
Пад вярбой ля самае вады Двое незнаёмых абняліся, Дзе твае маленькія сляды На пяску вільготным засталіся.
1958 г.
БАБІНА ЛЕТА
Ты часта казала, што песенька спета, — Вясна мінавала, а бабіна лета Цябе замятае сухімі лістамі, Што болей ніхто не трывожыць лістамі, Ніхто не чакае цябе на спатканне, Ніхто на цябе, як калісьці, не гляне.
A колісь глядзелі, a колісь чакалі, Спачатку ля школы, пасля на вакзале. Ты ночы не спала, лічыла мінуты, Калі ён прыедзе дамоў з інстытута. Да рання сядзелі у скверы, ля клуба,
I доўга смылелі гарачыя губы.
Ты шчасцю свайму пазірала у вочы, Ты чула, як сэрца ля сэрца стукоча, Любіла начамі пад ліўнямі мокнуць, Хадзіць, аж пакуль салаўі не замоўкнуць, Глядзець, як знікае каханы ў тумане, I думаць: «А колькі гадзін да спаткання?»
Вы разам чыталі, смяяліся, пелі, I ўсе гаварылі, што хутка вяселле. А дна ты казала: «Ніколі не позна», I бегла дахаты сцяжынкаю роснай. Цяпер ты шкадуеш, што ў майскія ночы Залішне сумленна заплюшчвала вочы,
Што сцерлася ў памяці нейкая рыса, Што болей нікому не скажаш: «Вярніся», Другога не стрэнеш, другіх не шукаеш, Калі аднаго назаўжды пакахаеш. Табе нічыёй не патрэбна спагады, Што бабіна лета, што час лістападу, Што косы завеяла першая замець, Што нумар застаўся на целе на памяць. А памяць, яна не старэе ніколі: Дарога ў Майданак, i голае голле, I сівер насустрач, i тысячы босых, Скаваныя рукі, абрэзаны косы.
А дым, нібы хмара, вісіць над парканам «Як хутка мяне разлучылі з каханым, Нявестай была, a зрабілі ўдавою...» Ды свішча бізун над тваёй галавою. Цябе бессаромна салдаты раздзелі — Лічылі радзімыя плямкі на целе,
Глядзелі у вочы i з нейкаю мэтай Запісвалі доўга імя i прыкметы. Ты тройчы ўцякала ад смерці i згубы. Свістала завея ў жалобныя трубы, Як здані, стаялі сівыя фальваркі, I рвалі дзявочае цела аўчаркі. Цябе на світанні вялі ў крэматорый, Апошняя хмарка плыла над табою... Ды раптам аднекуль чырвоныя зоры Уляцелі, як іскры гарачага бою. Чырвоныя зоры, знаёмыя твары, Знаёмыя вочы глядзелі з-пад каскі, Засмяглыя губы шапталі: «Таварыш» I падалі слёзы ад братняе ласкі.
Чамусьці сягоння ты ўспомніла гэта — У час лістападу, у бабіна лета. Не ведаеш ты i паверыць не хочаш, Што вернуцца зноў салаўіныя ночы, Што познім каханнем зардзеюцца шчокі, Калі ты пачуеш знаёмыя крокі.
Каханне ніколі само не знікае, Каханы заўсёды цябе адшукае. Ты чуеш, ты чуеш — асенняю ноччу Ляцяць самалёты i поезд грукоча, У дзверы твае асцярожна, нясмела Пастукае любы, крыху пасівелы.
Ты скажаш, што песня яшчэ не прапета, Што сёння вясна, а не бабіна лета.
Ялта, 1958 г.
ВЕЧНЫ САЛДАТ
Тут цішыня. Пад хвояю пахілай Стаіць без каскі Бронзавы салдат, Як вартавы, над брацкаю магілай. Яго дажджы сякуць I хвошча град. Зімою снег лажыцца на пагоны, А ён глядзіць на простыя імёны, Нібы вядзе паверку, Ці Ў нарад Гатоў паслаць таварышаў па роце, Ці затрубіць пад'ём, як прыйдзе час. Ён тут стаіць не па сваёй ахвоце. Яго ніхто не зволіць у запас. Яго сябры, як ён, Навек салдаты, На ix магілах — прозвішчы i даты.