Апошнюю дату паставіла куля...
А недзе пад Каневам плача матуля,
Суседскага сына убачыць здалёку,
I здасца, што гэта яе яснавокі,
Што вечарам прыйдзе, пастукае ў раму
I скажа паціху: «Прачніцеся, мама».
Цыгарку закурыць, адмовіцца есці
I будзе да рання ўздыхаць аб нявесце.
Хоць маці не верыць, а часам чакае,
Напэўна, ўжо матчына доля такая:
Сыноў гадаваць, выпраўляць у дарогу.
Пачуць, што нявестка ідзе за другога,
Насіць пачастункі маленькаму ўнучку,
Вадзіць, як ягонага бацьку за ручку
Калісьці вадзіла з сабою у поле
I зычыла самую лепшую долю,
I здымак паказваць на белай сцяне
Таго, што застаўся навек на вайне,
Таго, хто не прыйдзе у матчыну хату,
Чый вырасце сын, не пабачыўшы таты.
Растуць непрыкметна салдацкія дзеці.
Ім хопіць работы на кашай планеце,
Iм хопіць зямлі і блакітнага неба,
Крынічнай вады i духмянага хлеба.
Для шчасця растуць i мужнеюць яны,
Каб болей ніколі не ведаць вайны,
Каб болей не плакалі маці i ўдовы,
Каб ix не сівелі дачасна галовы,
Каб мір, што крывёю бацькі здабылі,
Ніхто не парушыў на нашай зямлі,
Каб слухалі дзеці, як песню, як казку,
Пра подзвіг салдата, што, скінуўшы каску,
Нязменна стаіць вартавым на пагосце
У грознай красе баявой маладосці.
1957 г.
МАЦІ ПРАВАФЛАНГОВАГА
Жанчыну ў старамодным плацці
Праз доўгі клубны калідор,
Пад руку ўзяўшы, нібы маці,
На сцэну вёў сівы маёр.
I без каманды, без загаду
Казах, літовец i грузін, —
Плячо к плячу, салдат к салдату,'
Усе ўзняліся як адзін.
Жанчына хустку развязала
I, глянуўшы на ўсе бакі,
На прывітанне адказала:
— Дзень добры, родныя сынкі!
Здалося ёй, што, зняўшы каскі,
Абтросшы горкі пыл вайны,
Па воінскаму абавязку
Сюды сабраліся яны.
І кожны ёй напомніў сына,
Taгo, што пісем больш не шле,
Што ў сорак трэцім на хвіліну
Прылёг з гранатай на скале,
A ўстаў праз тры гады з граніту
На скрыжаванні дзвюх дарог.
Шумела ядранае жыта,
А ён не чуў i чуць не мог.
I не сказала больш ні слова
Жанчына, ўспомніўшы сынка,
Што стаў навек правафланговым
Байцом гвардзейскага палка.
1959 г.
ЖАДАННЕ
Ці пахаваў ты блізкага калі,
Ці ўмееш кулаком заціснуць спазмы плачу,
Калі расце грудок сырой зямлі
Над тым, каго ніколі больш не ўбачыш?
Я пахаваў сто тысяч сваякоў —
Братоў, сясцёр, дзяцей i пабрацімаў
На скрыжаваннях сальскіх бальшакоў,
Над Нёманам i у цяснінах Крыма.
Я пахаваў бацькоў i мацярок.
На ix магілах расцвітае рута.
Крывёю быў адзначан кожны крок
Ад Брэста да апошняга салюта.
Калі цяпер дзяўчаты запяюць
I загудзе паводка на прадвесні,
Перад вачыма твары паўстаюць
Тых, што сваёй не даспявалі песні.
Мы помнім ix жывыя галасы,
Усмешкі i задумлівыя вочы,
Хоць i не ўсіх знаходзім адрасы
Каля дарог i лугавых абочын.
Ix дзеці i унукі падраслі,
У ix такія ж вочы i усмешкі,
Яны ступаюць смела па зямлі,
Свае пратоптваючы сцежкі,
I ціха шэпчуць першае «люблю»
Дужэюць, распраўляюць крыллі
I любяць тое неба, i зямлю,
I тыя песні, што бацькі любілі
1960 г.
ПАВОДКА
Учора ноччу хрусткі іней
Яшчэ лажыўся на лугі,
А сёння у празрыстай сіні
Крутыя тонуць берагі.
I толькі макаўкі парэчак
Тырчаць з імклівае вады.
Разводдзе самых ціхіх рэчак
Зрывае з берагу плыты,
Шпурляе тоўстыя бярвенні
На ледарэзы i быкі,
Галіны, трэскі i карэнні
Нясе у розныя бакі.