Выбрать главу
1958 г.
ПЕРШАЕ КАХАННЕ
Я першую каханую сваю Не зваў на «ты», не цалаваў, не песціў, Я рады быў, што побач пастаю, I сам не свой ішоў на тое ж месца,
Дзе толькі што смяялася яна, Дзе толькі што яе ляжалі рукі. I першага кахання навіна Была пачаткам радасці i мукі.
Я сніў яе, а потым, як у сне, Убачыў: каля нашага паркана Яна ішла, мінаючы мяне, Не бачачы, што побач закаханы.
Яна прайшла, як сонечны прамень, Над часам, над разлукай, над вайною. У самы цяжкі i суровы дзень Яна была, здавалася, са мною.
Я думаў: ёй заўжды семнаццаць год, Яна у сне ўяўлялася такою, Што ад вачэй любы растане лёд I сэрца больш не будзе мець спакою.
I вось сустрэў каханую сваю: Знаёмы твар, але патухлі вочы; Не, гэта не яна, яе не пазнаю, Як вершы, што пісаў мінулай ноччу.
1958 г.
* * *
Усё ў тваёй душы — i радасць, i туга, I смех, i боль, i ласкі, i дакоры, То іскаркі ў вачах, то мітульга
Трывожных дум або салодкай зморы.
А прыцемкам асеннім кожны раз Ты рукі ціха мне кладзеш на плечы, I мроіцца, што нават позні час Не сцёр пачуццяў першае сустрэчы,
Ды толькі сэрца нельга ашукаць, Хоць ты маўчыш, стрымаўшы хваляванне. Хоць i пяеш, а хочаш адшукаць Адказ на ўсе трывогі i пытанні
I расказаць аб клопатах сваіх, Аб мітусні i дробязных турботах. Ты хоць сягоння прамяняла б ix На лёс дзяўчынкі у кірзовых ботах,
Каб толькі зноў спачатку ўсё пачаць, Жыць на вадзе, на хлебе i павідле, Каб вечары на вуліцы страчаць, Каб золкія світанні не абрыдлі.
Калі б ты зноў спачатку ўсё прайшла, Каго б ты выбрала, каго б ты абмінула? Kaго б сагрэла промнямі святла, Каму б руку ласкава працягнула?
Чаго ж маўчыш? Я ведаю, што ты Не рада ні спакою, ні дастатку, А каб вярнуць мінулыя гады, Ты пачала б ізноў усё спачатку.
Ізноў прайшла б са мною след у след I сцежкі, i шырокія дарогі, Каб у жыцці усё было як след — I смех, i боль, i шчасце, i трывогі.
14. V 1961 г. Кіславодск
ЗАЙЗДРАСЦЬ
Па начах жаніхі i нявесты То вартуюць чужыя пад'езды, То шукаюць у скверы прытулку, То блукаюць па цёмным завулку.
Ix не дождж i не золкія ночы Заганяюць у цемень, а вочы, Што глядзяць з недаверам, што судзяць, Што каханне юначае студзяць.
Кожны вечар у мокрай алеі Нехта шэпча, цалуецца, млее Ад гарачай салодкае стомы. Потым разам стаяць каля дома I ніяк развітацца не могуць. Вось нявеста кусае пазногаць I на вокны глядзіць час ад часу, Дзе калючыя цені альясу, Дзе цяпло стометровай кватэры I цыратай аббітыя дзверы, Дзе фіранкі i фікусы ў пыле, I карціны у рыначным стылі, Дзе сталы i серванты з арэху I не чутна ні песень, ні смеху, Дзе «Здароўе» — адзіны часопіс, I «шпіёнскі» зачытаны опус. Хоць i люстры гараць i таршэры, Кожны вечар тут змрочны i шэры. Ды спакою начальніка траста Не зайздросцяць жаніх i нявеста.
Ім бы той вунь маленькі пакойчык, Што на год адчыняецца двойчы (На Кастрычнік i Першага мая, Калі пыл пакаёўка сцірае).