Выбрать главу
I сцежар леташні на мелі Тырчыць, як мачта карабля. Набракла гаркаватым хмелем За дзень адталая зямля.
Мы зноў, як у юнацтве, марым, I я паказваю табе Дажджынку першую на твары I першы коцік на вярбе.
Нас i узрост не перайначыў, За рукі ўзяўшыся, праз сад, Па лужах, каб ніхто не бачыў, Бяжым, як дваццаць год назад.
1959 г.
ПРЫЗНАННЕ
Ты ходзіш мяне у дарогу праводзіць, На месяц, на тыдзень, на некалькі дзён. Стаіш i глядзіш, як цягнік адыходзіць I ў змроку знікае апошні вагон.
А потым па плошчах i вуліцах гулкіх Ідзеш, не сустрэўшы нікога нідзе, I толькі чуваць, як у вузкіх завулках, Нібыта у трубах, завея гудзе,
Грыміць у дарожныя знакі да рання I голыя ліпы хістае i гне. Ты, пэўна, сумуеш пасля развітання I з гэтай хвіліны чакаеш мяне.
Пытаеш, чаму мне з табой не сядзіцца, Чаму, завітаўшы на некалькі дзён, Я зноў ад'язджаю з утульнай сталіцы У нейкі глухі i далёкі раён.
Чаму я хаджу пехатой у завею, Чаму не такі, як мужы у людзей. Ты думаеш, — я ад вандровак сівею, А я адчуваю, што стаў маладзей.
Я чую, як пахне смаловае вецце, Як стукае дзяцел па звонкай сасне, Я чую начамі, як студзеньскі вецер То вые, то снегам шуміць па сцяне.
Я невад на бераг цягну з рыбакамі, Я з імі начую на Куршскай касе, — Мне хочацца толькі сваімі рукамі Адчуць асалоду i цяжкасці ўсе,
У ядраным жыце сустрэць агранома, Блукаць да світання па мокрай траве, Стаяць пад дажджом на дняпроўскім пароме, Пачуць, як дзяўчаты пяюць на жніве,
I думаць з усімі аб сонцы i хлебе, I самую лепшую песню злажыць. Калі ты камусьці хоць крышку патрэбен, Дык хочацца доўга i радасна жыць.
Я новых вандровак маршрут i кірунак На карце, прыехаўшы, зноў правяду, Вясёлку табе прывязу ў падарунак I ў светлыя косы твае запляту.
Ялта, 1958 г.

ПОЎДЗЕНЬ

СЕВАСТОПАЛЬ
Я тут дагэтуль не бываў ніколі, Я не ступаў на гулкую панель У горадзе, што стаў, як на прыколе Вялікі акіянскі карабель.
Яго калыша шторм i лёгкі вецер Ля самай чарнаморскае вады. Але ніхто не чуў, што ёсць на свеце Падобныя на гэты гарады.
Я узышоў на бераг, шапку зняўшы, Нібы пераступіўшы праз вякі, Равеснікам, сябрам i продкам нашым На ўсе чатыры кланяўся бакі.
Світала на Малахавым кургане, У бераг ледзьве стукаўся прыбой, На крылах чаек зіхацела ранне, А мне здалося, не сціхае бой.
Здавалася, што ў полымі i дыме Яшчэ стаіць да гэтае пары На ратным полі адмірал Нахімаў I камсамолец на Сапун-гары,
Стаіць, шынель накінуўшы напашкі, I прагна пазірае з-пад рукі, Як навылёт прабітыя дяльняшкі Прыкладамі прыкрылі маракі.
Здавалася, узяўшы з толам ношку, Пад кулямі, па пнях, па лебядзе, Даўно знаёмы чарнаморац Кошка Маіх сяброў на подзвігі вядзе.
Здавалася, што ў ранішнім тумане Не ветразі байдарак праплылі, A Шмідт вядзе пад сцягамі паўстання З «Ачакавым» у мора караблі...
На курганах да самай Балаклавы, Не згодныя ніколі паміраць, Адлітыя не з бронзы, а са славы, Героі Севастопаля стаяць.
Стаяць танкісты, лётчыкі, сапёры I ў пехацінскіх ботах маракі, Каб Ленін, углядаючыся ў мора, Стаяў на гэтым беразе вякі.
Я думаў — пачынаецца світанне, У горад славы трапіўшы да дня, А гэта на Малахавым кургане Гарыць паходня вечнага агня.
Ялта, 1958 г.
ГОРНАЯ ДАРОГА
Аўтобус нырае то з хмары, то ў хмару, То ў пырскі вясёлак, то ў лівень i гром, Мінае Ай-Петры, мінае Байдары, Ляціць i пятляе над безданню стром.