Выбрать главу
Ступаеш басанож на пліты, А ім цяпер зайздрошчу я, Бо не іначай — Афрадзіта Тваё сапраўднае імя.
17. X 1961 г.
ЛЕРМАНТАЎ
Вось тыя сцежкі, бездані i кручы, I так шуміць, як некалі, рака, Калі спяшаўся малады паручнік На ціхі схіл сівога Машука.
Смугой, нібыта буркаю, Бештау Укрыў крутыя схілы i хрыбты, Схіліліся алешыны i травы, Ды толькі б'юць аб камень капыты.
Спяшаецца паручнік, а у сэрцы — Туга, i боль, i новыя радкі... Не, ён яшчэ не думае аб смерці, Яшчэ маўчаць халодныя куркі.
Яшчэ глядзяць наўкола прагна вочы На горы, на вішнёвыя сады... Яшчэ далёка да бясконцай ночы, Яшчэ рука сціскае павады.
Спяшаецца... Калі б тады дарогі Дазналіся, куды яны вядуць, Яны б каню пятлёй скруцілі ногі, Яны б назад паспелі павярнуць.
Калі б тады даведаліся горы, Якое хутка напаткае гора, Якога людзі страцяць песняра, Між ім i смерцю вырасла б гарa.
Каб ведала казачка, што з вадою Ішла насустрач па тугім пяску, Што гэты вечар кончыцца бядою, Яна б каня спыніла на скаку.
А што далей? Напэўна ўсім вядома: Ля Машука, загорнуты ў шынель, Ляжаў паэт пад ліўнем i пад громам,
I што забойства звалася «дуэль».
Яму не трэба гучных захапленняў, Ні абеліскаў, ні прыгожых слоў, Бо з кожным новым пакаленнем Ён нараджаецца ізноў,
Ізноў жыве, пакутуе, смяецца, Кахае, ненавідзіць, кліча нас, Над ім ужо не мае ўлады час — Жывы заўжды з жывымі застаецца.
Кіславодск, 28. IV— 3. V 1961 г.
МАЛАДОЕ ВІНО
Пасохлі да восені грады, Намокла ад поту спіна — Настала пара вінаграду, Пара маладога віна.
Пульсуе у скручаных жылах Лазы вінаграднай даўно, Нібы першабытная сіла, Заўжды маладое віно.
У кожнай задымленай гронцы Гатункаў усіх i парод Злучыла паўднёвае сонца Дажджынкі i сотавы мёд.
У белых касынках дзяўчаты Паўнюткія носяць кашы I песняй i спелым мускатам Частуюць усіх ад душы.
Паклічуць на першую спробу Свайго маладога віна У госці к сабе вінаробы I просяць, каб выпіў да дна.
Я шчасця жадаю i сілы, Віно маладое п'ючы, Дзяўчыне, што гронкі насіла, Хлапцу, што кляпаў абручы,
Што клёпкі часаў да змяркання, Што ставіў дубовае дно, Жадаю, каб вечна у чане Было маладое віно.
1960 г.
ТВОЙ ГОЛАС
Тут сонца i ружы у скверы, Тут спеюць інжыр i хурма, I цяжка адразу паверыць, Што недзе ў Сібіры — зіма,
Што хмары, звісаючы нізка, Дарогі вадой залілі, Што восень у нас i над Мінскам Ляцяць i ляцяць жураўлі,
Што голыя мокнуць асіны, Што з клёнаў апалі лісты, Ад ix, як ад лапак гусіных, Наўкол засталіся сляды.
Мне так закарцела дадому, Пакуль не мінуў лістапад. I раптам знаёмы-знаёмы Твой голас паклікаў назад.
Хоць ты гаварыла, што рана Вяртацца, што варта пажыць... Я чуў, што дрыжыць не мембрана, А сэрца i голас дрыжыць.
Здалося, нібы ўвачавідку Мы побач з табою стаім I провада тонкую нітку Сагрэлі дыханнем сваім.
Здалося, крануліся скроняў Гарачыя вусны твае, Расцвіў вінаград на адхоне I сонца над намі ўстае.
Бо шчасце не ведае меры, А шчасця без веры няма. Няхай жа у нашыя дзверы Hi разу не грукне зіма.
I раптам, не скончыўшы сказа, Ты змоўкла: хвіліны прайшлі... I зноў над хрыбтамі Каўказа Ляцяць i ляцяць жураўлі.
Ялта, 1959 г.