Выбрать главу
НАД СІВАШОМ
Мы з добрым другам — латышом, Часопісы гартаем. Пілот сказаў: — Над Сівашом Мы зараз пралятаем.
Унізе сцелецца туман, Як шэрыя папахі: Здаецца, сотні партызан Ідуць уброд па пахі,
Паўзуць, пакінуўшы акоп, Смыляць рубцы на целе, Каб за Сіваш i Перакоп Спакойна мы ляцелі.
Унізе — горы i лясы Затканы срэбнай пражай, I толькі кропелькі расы Дрыжаць на фюзеляжы.
I месяц да крыла прымёрз Асколкам сіняй крыгі, I самалёт яго давёз Да старажытнай Рыгі.
1959 г.

ПАТРЭБЕН ЧАЛАВЕКУ ЧАЛАВЕК

АЙЧЫНА
Твайго цяпла, твайго святла i хлеба, I шчырасці на кожнага стае. I я шчаслівы, што пад родным небам Прайшлі гады юнацкія мае,
Што ты люляла, што казала казкі, Што за руку ў дарогу павяла, Што мне свае i клопаты, i ласку, I шчодрасць, i суровасць аддала.
Ты гадавала, ты давала сілу, Ад гора берагла сваіх сыноў. A ў дні вайны над кожнаю магілай Схілялася, але ішла ізноў.
Праз гора, праз пажары i пакуты Ты нас вяла на справядлівы бой. I як нам ні даводзілася крута, Але былі заўсёды мы з табой.
Была ты i ласкавай i суровай, I клопаты у нас былі адны. Калі ты часам i нахмурыш бровы, На маці не пакрыўдзяцца сыны.
Табе, Айчына, ў будні i у святы, У дні трывог i ў шчасныя гады Усё аддаём, чым кожны з нас багаты, Каб харашэла i дужэла ты.
1956 г.
НА ТАЕЖНАЙ ДАРОЗЕ
Вецер вые ў заломах рудое кугі, Завіруха шляхі замятае дазвання. Па дарогах блакітнай сібірскай тайгі Ледзьве чутна рыпяць адзінокія сані.
Ад сяла да сяла каля сутак язды — Hi жывое душы, толькі вецер калматы Замятае ля самай дарогі сляды, Што на поўдзень прабіў адзінокі сахаты.
Не змаўкаюць, гудуць пры дарозе слупы, Вецер белую пражу снуе на сумёце. Завіруха лютуе. Глядзіш, як сляпы, I здаецца, на конях прымерзлі аброці.
Завіруха лютуе, мяце i мяце — Закавала асіны у белыя латы. Але ў змроку начы на трыццатай вярсце Мільгануў аганёк невялічкае хаты.
Над высокім сумётам пакатай страхі Нахілілася голае шэрае вецце, I у морак бязлюднай сцюдзёнай тайгі Два акенцы да самае раніцы свецяць.
Увайшоў, a ў хаціне нікога нідзе, Толькі ў печы агеньчык яшчэ дагарае; На услоне карэц у крынічнай вадзе, Соль у шклянцы i свежага хлеба акраец
На шырокім i чыстым піхтовым стале, На паліцы газеты за першае снежня. Нехта печ напаліў i паехаў далей, I знікае у замеці снежнай.
Нехта хлеба пакінуў i трэсак насек, Запаліў каганец, каб у змроку не збіўся Незнаемы, ды блізкі яму чалавек, Што за ноч перамёрз i ў дарозе змарыўся.
Вось i я, абагрэўшыся, дровы прынёс, Хлеб пакінуў, крыху пастаяў ля napoгa. Завіруха змаўкае, не страшны мароз, I ніякая болей не зморыць дарога.
1956 г.
МАЛЯР
Цвітуць да замаразкаў астры. На ціхі сонечны бульвар У крэйдзе, вапне, алебастры Выходзіць з вёдрамі маляр.
За ім па вуліцах пасёлка Ляціць празрысты лёгкі пух, Усімі фарбамі вясёлкі Яго распісаны фартух.
Сярод асенняй пазалоты Высокіх клёнаў i дубоў Узняўся дом яго работы, Адменны ад усіх дамоў.
Яшчэ пусты — ані фіранкі Няма ні ўнізе, ні ўгары. Сюды, напэўна, заўтра зранку Пачнуць з'язджацца жыхары.
Нарваў маляр бярэма кветак, Прынёс, паставіў за акном. Здалося, што цяпло i лета Прыйшло адразу ў новы дом.
1956 г.
НАРОДНАЯ НАСТАЎНІЦА
Дакошаны лугі, адшапацела жыта, На сцежкі падаюць пажоўклыя лісты, Пра што ты думаеш i марыш, раскажы ты, Куды ідзеш, каго шукаеш ты?