Жыву з табою, мой чытач:
Хаджу ў кіно, дзяцей гадую,
Ад цеснаты i ад нястач
I я ніколі не бядую.
Ca мной ты, мой чытач, заўжды.
I ў цішыню майго пакоя
Апоўначы прыходзіш ты,
Каб не даваць і тут спакою.
Я чую голас твой i смех,
Гляджу, як лёгка колеш камень,
Як раніцой ідзеш у цэх,
Як ты купляеш кветкі маме.
Ты мне спакою не дасі,
Я гэта ведаю i рады,
Калі мне скажаш: «Не хлусі,
Свае складаючы балады»,
Калі ты кажаш: «Адтачы
Радкі i рыфмы, як са сталі,
Каб ix любілі чытачы,
Каб ix сябры твае чыталі».
З табой рвануліся ў пакой
Вятры. Пад імі сосны гнуцца,
I ад стала да ix рукой,
Здаецца, можна дацягнуцца...
Запахла вільгаццю бароў —
Знікае столь, знікаюць сцены,
Ca свістам напаўняе кроў
Мае артэрыі i вены.
Таму цябе я палюбіў,
Мой лепшы друг, мой сябра першы.
Калі б са мною ты не быў,
Дык не было б i гэтых вершаў.
Ялта, 1959 г.
ПЕРАМОГА
Цяжэй за ўсё сябе перамагчы,
Стаць над сабой бязлітасным суддзёю
Судзіць удзень, уранні i ўначы
Свае імкненні i свае настроі.
Жаданне лёгкай славы засудзі
На вечнае выгнанне i пакуты,
Няхай ніхто з дакорам не глядзіць,
Што замінаеш у жыцці яму ты.
Для зайздрасці палёгкі не прасі,
Сваёй віной не вінаваць другога
I сам сабе ніколі не схлусі, —
Нялёгкай гэта будзе перамога.
Другіх не папракай i не вучы,
А паспрабуй сябе перамагчы.
1959 г.
* * *
Здравствуй, племя младое,
Незнакомое.
Рамонкавым пылам i пахамі жыта
Авеялі горад начныя вятры.
Здаецца, i чвэртка яшчэ не пражыта
Таго, што мінула да гэтай пары.
Іду па праспекце, па бруку Нямігі
Туды, дзе студэнцкі гудзіць інтэрнат.
I нас тут чакалі канспекты i кнігі,
А мы на прыпынку чакалі дзяўчат,
Смуглявых i тонкіх, нібы чарацінкі,
З брывамі, як пара разгорнутых крыл.
Праходзіла ноч, i трамвай на прыпынкі
Прыносіў pacy i рамонкавы пыл.
Нас клікала лета на дымныя сцежкі,
Дзе наша дзяцінства прайшло басанож,
Дзе першае гора было, i усмешкі,
I буйныя слёзы, як чэрвеньскі дождж...
Часамі заныюць суставы i косці
Ад сотні хвароб i ад тысячы страт,
А я па дарогах сваёй маладосці
Заўжды вечарамі іду ў інтэрнат.
Мне ўслед углядаюцца ясныя вочы
З адчыненых вокан i вузкіх двароў.
У спрэчках хлапцоў i у песнях дзявочых
Мне чуецца голас далёкіх сяброў,
Хоць я ім чужы i зусім незнаёмы,
Прыблудны дзівак i няпрошаны госць,
Хаджу вечарамі ля гэтага дома,
Каб збоку зірнуць на сваю маладосць,
Рамонкавым пылам i жытам даспелым
Павеюць на горад начныя вятры...
Я ведаю: буду i я пасівелы
I толькі ніколі не буду стары.
1959 г.
ХВАЛЯВАННЕ
Урачу Я.У. Нейфаху
Мяне хвалюе квецень мая
I радуе дзявочы смех,
Хоць я заўжды адпачываю,
Калі іду на свой паверх.
Мне раіць доктар не стамляцца,
Пасаду лёгкую знайсці,
Забараняе хвалявацца
I працаваць пасля шасці.
Я п'ю мікстуру, ем таблеткі
I па усходцах не бягу,
Але ні восенню, ні ўлетку
Не хвалявацца не магу.
Хвалюе гул пракатных станаў,
Хвалюе ў полі сіні лён,
Хвалююць лічбы новых планаў,
Што сталі явай нашых дзён.
Мяне хвалюе новы скверык,
Што зашумеў на пустыры,
Хвалююць негры дзвюх Амерык
I пакістанскія сябры.
Мяне турбуе, што ў суседа
Яшчэ ўсяго адзін пакой,
Што хтосьці грошы на «Пабеду»
Сабраў нячыстаю рукой.
Мяне хвалюе — дзесьці ў багне
Загразлі ноччу цягачы.
Мяне туды заўсёды цягне,
Дзе я магу дапамагчы,