Выбрать главу
Ім бы толькі настольную лямпу I акно без адзінае плямкі, Чарцяжамі завалены стол, I высокую светлую столь, I праменьчыкі ранняга сонца, Ледзяную ваду у калонцы, Ім бы стос непрачытаных кніг, Ім бы радасць адну на дваіх, Ім бы, змораным, разам упасці У абдымкі спякотнага шчасця, Запрасіць бы паўгорада ў госці На ўрачыстасць сваёй маладосці. Ім прыйдзецца на дужыя плечы Узяць i радасць i боль чалавечы...
Вось ідуць маладыя на плошчу, Я гляджу ім услед i зайздрошчу.
11. X 1962 г.
* * *
Жыццё часамі мачахай было: Сляпіла вочы, шчокі секла, То праз чысцілішча вяло, То зноў кідала нас у пекла.
А я не здаўся, не зачах, Не набрыняў атрутай злосці, Таму i сёння у вачах Гараць іскрынкі маладосці,
Таму так прагна я люблю Жыццё, людзей. I веру свята: Што не паспеў зрабіць — зраблю I пражыву другую рату.
1962 г.
ВЕРА
Ул. Мяжэвічу
Ты помніш калючыя сінія зімы? Ты помніш глухія сігналы адбою? Ты помніш разлукі? I толькі Радзіма Была неразлучна ca мной i з табою.
Здавалася, ўсё засталося ў мінулым, I мы анікога на свеце не мелі, Мы клікалі... Ноч азывалася гулам, I белыя сосны ў трывозе нямелі.
Мы трацілі ўсё да апошняе ніткі, I толькі ніколі не трацілі веры, Мы чулі здалёку, як білі зеніткі I білася сцюжа ў настылыя дзверы.
Нам сніліся часта гудкі паравозаў, Дарога на фронт i свінцовыя буры, Мы марылі разам прайсці, як Матросаў, Апошнія крокі к чужой амбразуры.
Ніхто не паслухаў, ніхто не паверыў, I дзеці забыліся нашы імёны... Ад рання да ночы грымелі сякеры I падалі наўзніч бярозы са звонам.
Нас бачылі толькі глухія дарогі, Сляды замяталі суровыя зімы. Мы ў дні адступлення i ў Дзень Перамогі Былі неразлучны з табою, Радзіма.
Бо верылі ў праўду тваю неадступна, Таму i жылі i любілі без меры Трывогі, салюты i дзень твой наступны, I сілу тваёй непадкупнае веры.
1 лістапада 1961 г.
* * *
Мы ўсё пазналі i прайшлі — Пакуты, радасці, трывогу, I жменьку роднае зямлі Заўсёды бралі у дарогу. Тае зямлі, што поіць нас, Што пахне росамі i хлебам, Тае зямлі, што не аддасць Нікога ў крыўду без патрэбы. Зямлі, што не даруе здрад, Што ад няпраўды халадзее, Што i ў пару вялікіх страт Не траціць лепшыя надзеі. Надзея ратавала нас, I мы яшчэ мацней любілі Сваю зямлю ў той грозны час, Калі трывогу пратрубілі. I на дарогах Калымы Мы свята помнілі прысягу, I верылі заўсёды мы Жывому ленінскаму сцягу.
1961 г.
СЛОВЫ
Над намі словы уладараць. Мы чуем i гаворым ix. Яны то здружаць, то пасвараць, То шчасце дзеляць на дваіх. Бо словы розныя бываюць. Адны — агню стрымаюць шквал, Другія словы забіваюць Усё жывое напавал. Ад слова сэрца халадзее, Праходзіць сон i забыццё, Ад слова рушацца надзеі, Ад слова свеціцца жыццё. Ад слова вырастаюць крылы, A ў сэрцы стукае любоў, Ад слова прыбываюць сілы. Дык не шкадуйце шчырых слоў! А здатным толькі на дакоры, Умельцам словамі грымець, Каб не прыносіць людзям гора, Было б найлепей анямець.
27. IV 1962 г.
БЫЛЫЯ ХЛАПЧУКІ
У кожным з нас яшчэ жыве хлапчук, Вясёлы, шчыры i ласкавы, Хоць пасівеў i вылез чуб I кожны дзень чакаюць справы. Мы ж вызначылі дні прыёму, Тлусцець патрохі пачалі I ў госці i з гасцей дадому He ходзім самі па зямлі. Не пазнаём старога друга, Забылі матчына імя, А як прыйдзецца часам туга, Дык тут ужо i я не я. Баімся студзеньскага ветру, На дзверы вешаем замкі, За дзень не больш як дзесяць метраў Так-сяк праходзім нацянькі. А каб агонь душы не згас, I не для славы, а для справы Няхай жыве у кожным з нас Хлапчук вясёлы i ласкавы.