Выбрать главу
Дзе у чарзе чакаюць хараства, I дужасці, i сілы чалавечай, Дзе робіцца яснейшай галава I маладзеюць згорбленыя плечы.
Шуміць лістамі старасвецкі парк, Схіліўся лебедзь над вадой фантана. Курортніцы двухмесячны загар Паказваюць умела i старанна.
I толькі на узгорку, ля варот, Дзе кветак i курортніц небагата, Стаіць адна, ужо каторы год, Маленькая дзяўчынка з аўтаматам.
Адкінуў пругкі вецер валасы, На сонцы вылінялі бровы. I я ніколі гэтакай красы Не бачыў, светлай i суровай,
Не сустракаў такое чысціні, I хараства, i шчырасці дзявочай, Хоць i здаецца — тысячам зрадні Яе прыжмураныя вочы.
Параіў мне літовец малады: «Гаючую крыніцу не шукай ты...» I хараство адчуў я сапраўды Ля помніка Марытэ Мельнікайтэ.
1958 г.
НЕРЫС
Лісты ападаюць, а верас Цвіце i шуміць каля ног. Імкнецца празрыстая Нерыс, Шукаючы новых дарог.
Падмыла карэнні i гліну, Плюскоча ў пажоўклай траве, Здаецца, што ключ жураўліны Па хвалях за хмару плыве.
I сіняе, сіняе неба, I сосны, i сонца — ў вадзе... Ляціць i на ўспенены грэбень Бярозавы ліст упадзе.
Да стромкае кручы дзяўчынка З вяслом па сцяжынцы ідзе, Чырвоны каснік i касынка Мігаюць у чыстай вадзе.
Сукенка, як ветразь, бялее, Лісты ападаюць наўкол... Дзяўчынка плыве — i лілеі Збірае ў шырокі прыпол.
Звязаўшы лілеі i верас Сваім касніком у букет, Дзяўчынка любімае Нерыс Аздобіць маленькі партрэт.
У словах яна не умее Яшчэ усяго расказаць, А скора сябры Саламеяй Пачнуць i яе называць.
1958 г.
ЖНІВЕНЬ
Адшумелі ліпеньскія ліўні, Навальніцы ў полі адгулі. Толькі ледзьве чутна, як у жніўні Стукаюць зярняты па зямлі.
Шапаціць сухімі каласамі Сонечны празрысты летні дзень, I ляжыць з калючымі вусамі На загонах ядраны ячмень.
Пахне хмелем i дарожным пылам, Пахне цёплай вільгаццю раллі, Бусляняты ўжо спрабуюць крылы, Што у ix за лета адраслі.
Выбіраюць зорную дарогу Да чужой далёкае зямлі, I, нібыта чуючы трывогу, З крыкам пралятаюць жураўлі.
А мяне заўсёды цешыць восень, Радуе грыбоў i яблык пах, I тугое спелае калоссе, I абед у полі на снапах,
Вабяць ледзь прыкметныя сцяжынкі, Радуюць жытнёвыя вянкі, Што плятуць заўсёды на дажынкі Самыя дасціпныя жанкі.
Хай іржэўнік пасівеў на ніве, Верасень стаіць каля двара — У маім жыцці пачаўся жнівень — Самая багатая пара.
1959
ПЛАТЫ
Ці раз у змроку я i ты Ілбамі біліся ў платы? Сярод гаёў i росных траў Плот нечакана вырастаў — Бетон, жалеза, быццам дот, I на слупах калючы дрот. Платы вакол садоў i дач, Навокал паркаў, хоць ты плач! Куды ні глянь — платы, платы З прантоў, з бетоннае пліты, З цалёвак, а на ix цвікі Глядзяць у неба, як штыкі. За плотам — кветкі i вішняк, Звон ланцугоў i брэх сабак. За плотам — скверык i гарод. I нават на магіле плот. Калі б сабраць усе платы, Праз акіян ляглі б масты, А з цэглы выраслі б дамы Ад Камянца да Калымы. I наш стаіць за плотам дом, Ды прасла мы здалі на лом, I кожны ходзіць напрасткі, Хоць i злуюцца дзівакі, Што столькі год, нібы краты, На свет глядзелі праз платы. Цяпер вясновыя вятры Ляцяць у нашыя двары, I сонца свеціць у акно, I стала нам далей відно, Праспект бліжэй на паўвярсты. Каму ж патрэбныя платы?
20—22. XII 1962 г.
НЯМА ЧАСУ
I я аб смерці часам думаю, Хоць i не хочу паміраць. З мяне рабіць не варта мумію, Не варта дужа дакараць. У крывадушшы ці ў няшчырасці Мяне мой друг не папракне, А скажа: «Не паспеўшы вырасці, Зваліў работу на мяне». Дык вось таму цяпер да ночы я За трох адзін усё варочаю, Каб, ворагам усім на зло, Памерці часу не было.