Выбрать главу
1961 г.
Я ДУМАЮ АБ ШЧАСЦІ
Ужо буслы збіраюцца у вырай, Курлыкаюць у небе жураўлі... Пра што б ні думаў я, я думаю аб міры, Аб шчасці i спакоі на зямлі.
Я думаю пра першых касманаўтаў, Што павядуць да зораў караблі, Я думаю, што самым лепшым святам Сустрэча з імі будзе на зямлі.
Я думаю пра Кішынёў i Рыгу — Сяброў усіх у госці запрашу, I перад імі, як жывую кнігу, Адкрыю насцеж сэрца i душу.
Я думаю, што ўстану заўтра рана I ў промнях чыстай восеньскай зары Ізноў убачу вежавыя краны I Салігорска першыя капры.
Я думаю, як проста i яскрава На цэлы свет у наш адказны час Старэйшы сын Савецкае дзяржавы Сказаў аб тым, што думаў кожны з нас
Знаёмы голас я лаўлю ў эфіры, Праводжу у сузор'і караблі. Пра што б ні думаў я, я думаю аб міры Аб шчасці i спакоі на зямлі.
27 верасня 1960 г.
РАБІНАВАЯ НОЧ
Максіму Танку
Маланка б'е i ўпоперак i ўдоўж I ўспыхвае, нібы сухое сучча, Грукоча гром, i спорны дождж Між небам i зямлёю ніткі суча.
Рыпяць сівыя сосны на касе, Кіпіць i вые ўспененая Нарач,
I пласкадонку лёгкую нясе Ці ў вір, ці ў Гатавічы нанач.
Плывуць у змроку рыбакі, А дождж сячэ бязлітасна i тупа. Глядзяць хлапцы у розныя бакі, Ды не відно ні Мядзеля, ні Купы.
Над Нараччу — рабінавая ноч: Бушуюць хвалі, дождж i навальніца. Куды ні павярні, куды ні збоч, Нідзе не стаць, нідзе не прыпыніцца.
Да раніцы не разбярэш ніяк, Ад берагу ты блізка ці далёка... I вось агеньчык, быццам бы маяк, Замільгацеў у цемры адзінока.
На вёслы налягаюць рыбакі, А неба рэжуць вольтавыя дугі, I зіхацяць ад свежае лускі На хлопцах курткі, як кальчугі.
У пласкадонцы б'юцца шчупакі, Маланкі, як зялёныя ракеты... Не спяць такою ноччу рыбакі, Не спяць сапраўдныя паэты.
1. X 1960
РЭЧАНЬКА
За снамі сны плылі кругамі, Ляжаў на шыбах ночы цень, Але няўпэўненыя гамы Мяне будзілі кожны дзень.
Над столлю нехта невядомы Грымеў ад рання да начы, I я заўжды спяшаўся з дому Хутчэй упрочкі уцячы.
Няўмелыя хадзілі рукі Па клавішах то ўніз, то ўверх, I пакалечаныя гукі Будзілі наш увесь паверх.
Але надоечы нясмела, У ранішнім трывожным сне, Ледзь чутна «Рэчанька» звінела I закалыхвала мяне,
Іскрылася i булькатала, Лілася i плыла, плыла; Здавалася, што рассвітала У доме ад яе святла.
Здавалася, трымцяць стракозы У хвалях чэрвеньскай смугі, I пахнуць мятаю пракосы I — цёплым жвірам берагі...
I ўсё замоўкла нечакана, Усё прайшло, нібыта ў сне, А на падворку, ля паркана, Ляжаў вільготны цёплы снег,
Прытоптаны, у цёмных крапках (Відаць, не доўга праляжыць). I я угледзеў — з нотнай папкай Дзяўчынка сцежкаю бяжыць.
Цяпер я разам да прыпынку Хаджу заўсёды, крок у крок, З маленькай тоненькай дзяўчынкай, Яе даслухаўшы урок.
1962 г.
ЗІМА
Закітавала вокны зранку, Капусту ссекла да цямна I вышыла за ноч фіранку На шыбах цёмнага акна.
Платы i веснічкі пабеліць, Усе калюжыны зашкліць I за аселіцай пасцеле Палотны зрэбныя бяліць.
А на дасвецці сырадою У вёдры звонкія налье I свежай, чыстай, маладою Нячутна пройдзе па сяле.
Празрыстым пухам галубіным Усе дарогі замяце I сокам спелае рабіны Палоску ў небе правядзе.
1962 г.