Выбрать главу
ЛАСІНЬІ СЛЕД
На досвітку па хрусткай стыні, Паміж алешын i асін, Страсаючы рагамі іней, Ідуць мацёрыя ласі
I ловяць мяккімі губамі Тугія парасткі альхі. Над пасівелымі гарбамі Ляціць слупамі снег сухі.
На досвітку у лесе ціха, Курыцца сіняя імгла, Але трывожная ласіха Угору вушы падняла.
I прыхіліўшыся да вецця, Глядзіць за снежныя валы, Здаецца ёй, што свішча вецер У варанёныя ствалы.
І лес, i снег у чыстых зорах, У срэбных пацерках — кусты, Але ласіха чуе шорах I кожны скрып за тры вярсты.
Завея замяла дарогі... Якочуць недзе ганчакі, Закінуў лось на спіну рогі, Бяжыць ласіха ў хмызнякі.
Праз буралом i крутаяры, Шарпак ламаючы таўсты, Яны ў гушчар ляцяць у пары I ў кроў збіваюць капыты.
Гарачы след у змроку тоне. З густое снежнае імглы Шуміць шалёная пагоня, I свішча вецер у ствалы.
Дыміцца сцежка колкім снегам, Клубамі сцелецца гання... Азваўся лес тужлівым рэхам, I ўсё замерла. Цішыня.
Адразу стала пуста ў лесе, Смала іскрыцца на кары, I толькі след на стылым снезе Гарыць палоскаю зары.
3—5. XII 1961 г.
СПАКУСА
Прыйшла паціху, без дазволу, Аловак выбіла з рукі I, як няўмольная назола, Мяне штурхае пад бакі.
Параскідала ўсе паперы, Пазамыкала стэлажы, Завалай зачыніла дзверы I кажа: «Трохі паляжы».
Страфа замерла на паўслове, Ляжыць недачытаны ліст, Што мне на беларускай мове Прыслаў балгарскі журналіст.
Пасля, як хлопчыка, раздзела, Накрыла коўдрай з галавой, Аблытала душу i цела, Наводзячы парадак свой.
Чаго прыйшла, адкуль i хто ты? Ну, што ты маеш да мяне? Ты бачыш, колькі тут работы I тэрміновых спраў, ці не?
Герой не скончанай паэмы Прыспешвае: «Хутчэй пішы!» У сэрца стукаюцца тэмы, А ты мне шэпчаш: «Паляжы»
Не, я не ўлежу. Вокны насцеж Ад гулу хай дрыжыць пакой. Мне трэба людзі, трэба шчасце I не патрэбен твой спакой.
Паэт — заўсёды на рабоце, Аж дух займае кожны раз. Ён не капаецца ў блакноце, Што накрыж перакрэсліў час!
Ён сам усё пабачыць хоча, — Паспець усюды за траіх. Паэт працуе дні i ночы Без адпускоў i выхадных.
1960 г.
БЯССОННІЦА
Пішу, хвалююся i рады, як дзіця, Удалай рыфме, вобразу i слову. Нібыта ў гэтым сэнс майго жыцця, Нібыта тут усіх асноў аснова.
Хіба ж не так? Хіба ж не мы з табой Пазналі свет у словах калыханкі? Хіба ж без песні мы хадзілі ў бой? Хіба ж не з песняй мы вадзілі танкі?
I, па лугах туманных ідучы Асеннім днём ці раніцаю весняй, У небе жураўліныя ключы Мы сустракаем i праводзім песняй.
Паэзія без фальшы i прыкрас, Мяняючы то формы, то адценні, Жыве i будзе, жыць у кожным з нас I ў кожным нашым светлым летуценні.
Пішу, a ў памяці i ў сэрцы ажылі Усе пачуцці, колеры i гукі — Цвітуць рамонкі i звіняць чмялі. I толькі словы не даюцца ў рукі.
Шукаю ix i не знаходжу ix, Жывых, шурпатых, зыркіх, як маланкі... Ужо i горад змораны заціх, Паружавелі белыя фіранкі,
А я пішу, i ўсё здаецца мне, Што тут няма ні складу, ні парадку. Калі ж мой верш нікога не кране, Закрэслю ўсё i ўсё пачну спачатку.
6. XII 1961 г.
НАТХНЕННЕ
Мне ўсе знаёмыя кварталы: Вось тут вывешваюць «Звязду» Тут разгружаюць самазвалы, А там чытаюць на хаду
Заўжды занятыя студэнты Непаслухмяны сапрамат. У гэтым скверы, каля стэнда, Чакаюць вечарам дзяўчат.