А на рагу, за ўзгоркам гэтым
У светлым, сонечным муры
Жывуць прарабы i паэты,
Канструктары i муляры.
Да раніцы не тухнуць лямпы
У ціхім доме ля ракі.
Тут, пэўна, праектуюць дамбы
Знаходзяць рыфмы i радкі.
Да рання неспакойны токар
Над чарцяжамі спіну гне.
Ягонае натхненне токам
Наскрозь пранізвае мяне.
I я пра новыя кварталы
Складаю песню на хаду,
Калі ад вуліцы Купалы
Да плошчы Коласа іду.
1960 г.
ПАВЕРКА
Яшчэ i не развіднела як след,
A ўжо грыміць трамвай на скрыжаванні,
Аўтобусы праклалі першы след
У залатое чэрвеньскае ранне.
Спыняецца аўтобус на рагу,
З кабіны усміхаецца дзяўчынка,
I я, не азірнуўшыся, бягу
Да ціхага суседняга прыпынка.
Адчуўшы сілу добрае рукі,
Заціснуты шырокімі плячамі,
Я паглядаў у розныя бакі
Шчаслівымі i прагнымі вачамі.
Спяшаецца ў далёкі рэйс пілот,
Прараб — на будаўнічую пляцоўку,
Бяжыць хлапец на трактарны завод
I на хаду зашпільвае спяцоўку.
Па новай вуліцы ідзе
I наш аўтобус невялічкі,
Кандуктар з раніцы вядзе
На ўсіх прыпынках пераклічку.
I выклікае кожны раз
Усім знаёмыя імёны,
А мне здаецца, што на нас
Глядзіць Купала задумёны
I Колас шэпча новы верш,
Народжаны ў будзённым гуле,
Здаецца, раіцца ідзеш
Да Чорнага або Бядулі.
Яны, як блізкая радня,
Запісаны у нашы сэрцы,
Мы ўспамінаем ix штодня,
Нібы салдатаў на паверцы.
Красавік 1960 г.
ТАБЕ ЗАЙЗДРОСЦІЦЬ СОНЦА
Твайму юнацтву пазайздросціць сонца,
I горы упадуць да ног тваіх,
Табе не трэба болей абаронцы, —
Ты абароніш i сябе i ix.
Ад зайздрасці, ад смутку i ад злосці,
Ад чэрствасці, спакусы i хлусні
Па праву непадкупнай маладосці
Ты i сябе i блізкіх барані.
I не прасі ні ласкі, ні апекі,
Hi дапамогі чулае радні.
Ты ж напрасткі пераплываеш рэкі,
Гартуешся на сцюжы i агні.
I не шукай удачы выпадковай,
Што крышыцца i гнецца у руках
Стаптанаю іржаваю падковай,
Пакінутай на збітых бальшаках.
Лаві губамі пругкі вецер мая
I абдымі асмужаны прастор,
Твая рука гарачая трымае
Сцяблінку, што дацягнецца да зор
Ты перайначыш колеры i формы,
Ты выратуеш кволых, ледзь жывых,
А загадаеш — i заціхнуць штормы
I горы упадуць да ног тваіх.
Ты сілу сэрца, розуму i цела
Сваёй зямлі хоць сёння б аддала.
Табе у вочы сонца паглядзела,
Зажмурыўшыся ад твайго святла.
1. III 1962 г.
БЛІЗКІЯ ЗОРЫ
He ўсё з'яўляецца адразу,
He ўсё адкрыта на зямлі,
А сёлета у космас трасы
Праз нашы сэрцы праляглі.
У нашу будучыню глянуў
I ўбачыў, пэўна, гэты год
Спакойны Аляксандр Ульянаў,
Калі ўзышоў на эшафот.
А мы пайшлі інакшым шляхам —
Ад барыкад да барыкад
Над ленінскім гарачым сцягам,
Не адступаючы назад.
Бліжэй сягоння сталі зоры,
Бліжэй камуны маякі,
Што ўбачыў камендор з «Аўроры»
Ступіўшы ў новыя вякі.
Хоць i прыходзілася крута,
Адолець мы усё змаглі:
I войнаў горкія пакуты,
I боль, i смерць перамаглі.
Мы падалі, але ўставалі
I не сагнуліся ў бядзе.
А сёння нам з крамлёўскай залы
Адкрыты дзверы ў новы дзень.
Яго чакалі, быццам свята,
Народы нашае зямлі,
I сэрцы ўсіх, як дэлегаты,
На з'ездзе партыі былі.
1961 г.
ТРЫВОГА
Вайны няма, магчыма i не будзе,
Калі зусім не звар'яцее свет,
Вайны няма, a паміраюць людзі
За сотні міль ад выбухаў ракет.
Імкліваю нячутнаю хадою,
Прыкінуўшыся снегам, ці дажджом,
Ці свежаю крынічнаю вадою,
Прыходзіць смерць неспадзявана ў дом.
Яна паўзе у ранішнім тумане
То кропелькай, то чорным павуком,
То плешчацца у Ціхім акіяне
Спалоханым кстовым касяком.
Нябачаным праменьчыкам свідруе
Яна усё жывое навылёт,
Збівае з ног рыбачку маладую,
Спыняе сэрца радасны палёт.
Яна ляціць у снежнай крутаверці, —
Лупатая, сляпая, як сава.
I дзіўна, што дагэтуль востраў смерці
Яшчэ завецца «Востраў Ражджаства».