Выбрать главу

— Гэта за тое, што снеданне не варыў! А гэта за абед, а гэта за вячэру!..

I хоць балюча Адарцы, ды і яна ката лае:

— Так табе і трэба, лайдак!

I так разы тры вучыў Змітро ката есці гатаваць. А на семы дзень вяртаецца з работы і бачыць: на стале і варанае, і смажанае. I пытае ён Адарку:

— А хто ж гэта ўсё нагатаваў?

— Кот, любы, кот! Дайшло да лайдака.

На восьмы дзень запрасіў Змітро цесця ў госці. Ішоў той з неахвотаю: ці ж прыемна сорам мець за дачку-гультайку. Але тое, што ўбачыў бацька на стале ў Змітра, здзівіла. Ён не сцярпеў і спытаў:

— Твая, донька, работа?

— Мая, татусь.

Вось што значыць — у хаце кот вучоны.

Выпiўка з дырэктарам

Калістрат Спіца з'явіўся далека за поўнач.

— 3 кім сёння піў? — накінулася жонка.

— 3 дырэктарам.

— Палам Палычам?

— Эге ж! Прыехалі позна, намерзліся, вось ён і запрасіў: «Давай, Калістратка, пагрэемся. Колькі таго жыцця! Заадно паглядзіш, як жыву».

— Што ж, тады кладзіся спаць.

А назаўтра якраз была нядзеля. Апрануўшы новы шаўковы халат — яго падарунак на дзень нараджэння — і падвязаўшы фартух у пеўнікі — таксама падарунак,— яна такой прыгожай увіхалася на кухні.

А на стале пляшка «Белавежскай». Цуд ды годзе! Раней, каб хто бутэльку прынёс, Марына вытурыла б, і раптам...

Спіца смачна аблізваўся. Такое і не прысніш. Зайшоў на кухню, лісліва запытаў:

— 3 якога такога выпадку мой нос чарчыну чуе?

— Ты што думаў? Хочаш, каб я ў даўгу перад дырэктарам засталася? Не-э-э!.. Апранайся ды ідзі запрашай чалавека...

«Што гэта я нарабіў? Піў жа з Рыжым Федзькам. Пры чым тут дырэктар? Цяпер усё?..»

У Калістрата аж ногі падкасіліся.

Плавалi цi не?

Дружа, урэшце рашыў напісаць гістарычны раман, як колькі стагоддзяў таму назад па нашай рэчцы Сухаструнцы плавалі на чаўнах. Тэма, лічу, новая і мяркую, што ў вашым выдавецтве «Зеляніна» ахвотна прымуць рукапіс.

Юрась КЛЫЧ.

Што і казаць, ты ў нас, братка, заўсёды вызначаўся навізною думкі. Памятаеш, хто б гэта яшчэ мог параіць, калі б не ты: не цукар кідаць у кіпень, а кіпень ліць у цукар. I гэта ў студэнцкія гады! Як здорава!

Рэдактар аддзела «Дарогу маладым» Адам ЗАЦІРКІН.

За падтрымку бясконца ўдзячны. Закасваю рукавы і бяру аловак у рукі. Ім лепей пішацца. Вывеў першыя радкі: «Было гэта дзесяць стагоддзяў таму назад...»

Юрась КЛЫЧ.

Дарагі, разлічвай поўнасцю на маю падтрымку.

Рэдактар аддзела «Дарогу маладым» Адам ЗАЦІРКІН.

Вось і дапісаны апошні радок. Нiбыта тара з плячэй звалілася. Усё — за выдавецтвам.

Юрась КЛЫЧ.

Ад прачытанага ў захапленні! Засталася дробязь. Вышлі толькі адпаведныя дакументы, завераныя пячаткамі, наконт таго, плавалі ці не дзесяць стагоддзяў таму назад па Сухаструнцы на чаўнах.

I раману — зялёная вуліца.

Твой сябра Адам ЗАЦІРКІН.

Дакументаў, зразумела, не аказалася...

Педагагiчны такт

— Што і казаць,— гаварыў старшыня бацькоўскага камітэта сёмага класа.— Сын ваш і ўрокі рыхтуе — адна смехата. А паводзіць ужо — плакаць трэба. То шыбы каменем пашкліць, то заняткі сарве. А надоечы на галаве ў класе спрабаваў хадзіць. Прымай, даражэнькі, меры.

Вы ведаеце, каб мне з гэтага месца не падняцца, колькі яго вучыў.— I Іван Заяц паказваў старэнькую папружку, у двух месцах сшытую дратвай.

— Не-э-э, Іване Фаміч, гэта не тое. Тут такт трэба. Педагагічны.

— А што ж гэта такое?

— Уявіце, ваш сын прыносіць двойку. Іншы ў крык, а вы спакойна: «Колечка, як ты да такога дакаціўся? Які сорам!» Ці вось яшчэ. Класная піша, што ваш сын зламаў новую парту! I вам трэба за свой кошт набыць яе. Што рабіць? Крычаць? Не. Размаўляць з сынам так, каб не павышаць голасу. Ціха, лагодна.

— А калі нервы?

— Такога быць не можа. Такт і толькі такт. Размаўляць ціха, лагодна, як я з вамі.

— Не разумею,— сумняваўся Іван Заяц.— Ён двойку прыносіць, а ты яму шэптам «Колечка».

— Хопіць! — не стрываў старшыня бацькоўскага камітэта класа.— Дзве гадзіны дзяўбу пра педагагічны такт, а ён мядзведзь мядзведзем. Цярпенне лопнула.

Перарадзiўся

У Андрэеўку нашу Эдуард Цімафеевіч Гузік з'явіўся са сваёю маладою жонкай Алінай Агапаўнай на прадвесні. Ён — егерам, яна — ветурачом. I паколькі ў яго знаёмых не было — то першым, з кім сышоўся Гузік, быў я. I такавішчы паказаў яму, і азёры, дзе ладныя акуні бяруцца.

А заадно дапамог уладкаваць у садзік яго дачушку, знайшоў работу для жонкі.

Эдзік тады не раз казаў мне: «Даруйце, Максім Максімавіч, нават не ведаю, як аддзячыць вам». Ластаўкай шчабятала і яго Аліна: «Вы дабрадзей наш. Тысячу пацалункаў. Кватэра наша — ваша кватэра».

За Эдзіка я быў старэйшы. Меў пэўны вопыт. I лічыў сваім абавязкам дапамагаць яму. Мне прыемна было з ім па восені падстрэліць качура-крыжака, а па першай парошы па зайцу-шараку пальнуць. Сумеснае паляванне яшчэ болей нас зблізіла.

А гады ішлі. Эдуард Цімафеевіч стаў ляснічым, да яго стала прыязджаць начальства з райцэнтра.

Памажнела і Аліна Агапаўна. У галоўнага ветэрынарнага ўрача саўгаса таксама завяліся новыя знаёмыя. Усё часцей да іх стаў заязджаць сам ветэрынарны ўрач раёна. То па рабоце, то на смажанага зайца, а то і проста час пабавіць. За фаршыраваным шчупаком, духмянай юшкай. Надаралася, што сябра мой прывозіў яго на ўласнай «Волзе», якую я яшчэ раней дапамог яму купіць.

I чым больш з'яўлялася новых знаёмых у Гузікаў, тым менш яны сталі заўважаць мяне. Ці на рэчку едуць — забудуць узяць, ці ў райцэнтр — то абавязкова аб'едуць. А заўчора праехалі міма, новае паліто мае пафарбавалі дарожнай граззю. I... не заўважылі.

Праўдалюбцы

У нашай спецыялізаванай нарыхтоўчай канторы «Дубовая кара, апенькі, лясныя рогі» ўрачыстасць. Падзея за падзеяй. Нязменнаму яе начальніку Халімону Халімонавічу Сыраежку споўнілася пяцьдзесят. Юбілей. I з нагоды гэтай яшчэ ўранні сакратар-машыністка, Клаўдзія Тарасаўна прынесла букет жывых руж. А ў тых ружах паштовачка і прывітальны тэкст:

«Наш дарагі, наш любы Халімон Халімонавіч! З Днём анёла Вас! I жыцця — яшчэ на сотню гадоў, і сілы маладзецкай, і творчасці юнацкай! Пад вашым мудрым кіраўніцтвам ад прэміі да прэміі нас!

Ура — яшчэ раз ура Халімону Халімонавічу!»

I подпіс: «Ад чыстага сэрца Ваш родны калектыў».

Прачытаўшы гэта, кіраўнік канторы ажно праслязіўся. Якая павага! Колькі любові! Што ні работнік — то добразычліўца. А было ж усялякага, але ўсё роўна любяць.

А ў гэты час, седзячы за сталом, службоўцы вялі такую гаворку:

— I колькі яшчэ можна трываць гэтага Сыраежку? Ні рыба ні мяса. Год-два — і закат нашай канторы.

— Не кажы, братка, целяпень-целяпнём. Рабіць з ім — што ваду ў ступе таўчы. Адна марока.

I канчатковы прысуд:

— Давай ананімку напішам...

Люба людзям — люба мне

У апошні час я стаў заўважаць, што Настуля мая ў свае трыццаць гадоў самай прыгожай кветкай расцвіла. А яшчэ, што ў яе на службе з'явілася ажно некалькі паклоннікаў. І галоўны інжынер Язэп Бабкін прама вачамі есць, і загадчык аддзела Пятро Яхновіч заўжды на абед запросіць, а ў дзень Восьмага сакавіка эканаміст Эдуард Пiнчук абавязкова букет кветак уручыць.

I шэф наш стаў маю жонку ў прыклад ставіць. 3 чаго б тэта?