Выбрать главу

Успаміны закончыліся і зноў у галаве запульсавалі ранейшыя пытанні без адказаў.

Раптам за дзвярыма пачулася нягучная гутарка, якая закончылася бразгатам засавак. Праз імгненне дзверы расчыніліся і ў іх праёме паказалася худая постаць з кароткай дзідай у руках.

— Эй, ты! — постаць звярнулася да Мікіты. — Цябе жадае бачыць наш раджа Абхай.

— Хай пабачыць, калі жадае, — Мікіта павольна падняўся на ногі. — Я ўжо чатыры дні чакаю гэтай сустрэчы.

— Ідзі, — ухіліўся ад размовы ахоўнік.

За дзвярыма вязня чакалі яшчэ тры воіны ў набедраных павязках і з дзідамі ў руках. Іх рухі былі рэзкія, на цёмных, закасцянелых тварах застыў выраз злосці, а ў чорных вачах пераліваўся страх. «Баяцца белага чалавека, — міжволі мільганула думка. — Магчыма, лічаць пасланнікам Буды».

Раджа Абхай сядзеў на тоўстым дыване перад нізенькім столікам з вітымі ножкамі. Гэта быў невысокі, поўны чалавек з хітрым позіркам вопытнага купца і добразычлівым выразам на круглым твары. Ён уважліва слухаў свайго госця ў чорнай вопратцы, які сядзеў насупраць яго і гэтак жа, як і гаспадар, піў гарбату. Гутарка, пэўна, была вельмі важнай, бо на з’яўленне Мікіты ніхто з іх доўгі час не звяртаў увагі.

Урэшце раджа заўважыў вязня.

— Ну што, Мікіта, сын Афанасія, не надакучыла табе мая гасціннасць? — з лёгкім смяшком пацікавіўся ён. — Можа, за гэтыя чатыры дні ты ўсё ж такі рашыўся стаць сапраўдным прававерным ці так і застанешся верным свайму Ісусу?

— Я веры дзядоў не выракуся.

— Глядзі, каб потым не шкадаваў, — раджа хітнуў галавой слузе і той хуценька напоўніў духмяным напоем яго і госцеву піялы. — А хочаш, я заплачу табе тысячу золатам? Хочаш быць маім сябрам і жыць у гэткім жа палацы? Хочаш мець гарэм і маладых наложніц?

— Я хачу быць вольным.

— Вольным? Вольным у нашым свеце, Мікіта, быць немагчыма. Аднак я адпускаю цябе. Аддаю табе твае грошы і твайго каня і дазваляю жыць на маёй зямлі там, дзе ты пажадаеш, і столькі, колькі захочаш.

— Дзякуй, твая міласць, за ласку.

— Не мне дзякуй, — стомлена адмахнуўся ад Мікітавых слоў раджа. — Дзякуй кажы майму сябру Мухамеду, што ён сказаў пра цябе добрае слова.

Мікіта ўважліва агледзеў госця раджы і хутка пазнаў у ім свайго старога знаёмага купца Мухамеда, з якім неаднойчы сустракаўся на базарах Ніжняга Ноўгарада і Астрахані.

— Дзякуй, Мухамед, за добрыя словы.

Мухамед павярнуўся тварам да суразмоўцы і, прымаючы падзяку, лёгка хітнуў у адказ галавой:

— Я чуў пра твае няшчасці і адно скажу — Алах міласэрны і сваіх дзяцей у бядзе не кідае.

3

Пакінуўшы палац «гасціннага» раджы, Мікіта пасяліўся ў немаладога ганчара Готама. Індус з радасцю прыняў пастаяльца, паслаў у яго пакоі дыван, на які зверху паклаў некалькі цыновак. А вечарам за кубкам гарбаты Готам доўгі час расказваў госцю казкі пра чароўную птушку гукук, якая можа выпускаць

з дзюбы полымя, пра князя малпаў, які здольны ў адначассе сабраць вялікую раць і перамагчы любога ворага. Готам быў добрым казачнікам, і яго аповеды былі бясконцыя, аднак Мікіта раптоўна пацікавіўся пра іншае:

— Вось ты, Готам, расказваеш мне цікавыя гісторыі пра птушак, пра звяроў, а скажы: ці ёсць у вас бандыты?

— Бандыты? — акругліў вочы ганчар. — Гэта хто?

— Бандыты ці душагубы — гэта людзі, якія рабуюць, а часам і забіваюць іншых людзей дзеля ўласнай спажывы.

— Ёсць і такія, — Готам спахмурнеў, на некалькі імгненняў задумаўся, потым рашуча секануў рукой паветра. — Я раскажу табе казку пра раджу Джагдзіша, які правіў нашым горадам шмат год таму.

— Цікава.

— Ты бачыў разбураны палац ля падножжа гор, дзе пачынаецца цясніна Смерці?

Мікіта паціснуў плячыма:

— Не, я там ніколі не быў і пра гэту цясніну нічога не чуў.

— І добра, што не чуў, бо часам нават успамін пра яе можа стаць прычынай цяжкай хваробы, а то і смерці.

— Там жывуць злыя духі? — паспрабаваў адгадаць тайну незнаёмай цясніны Мікіта.

— Духі? — вочы гаспадара акругліліся, і Мікіту на імгненне падалося, што яны зараз павыскокваюць з вачніц. Готам спалохана азірнуўся па баках, панізіў голас: — Там жыве пачвара! — Ён зноў агледзеўся, потым, ужо больш спакойным шэптам, паведаміў:

— Дзясяткі адчайных галоў спрабавалі пабываць у той цясніне, разгадаць яе тайну, знайсці незлічонае багацце раджы Джагдзіша, але ніводны з іх не вярнуўся назад. Ніводны!

Мікіта з разуменнем хітнуў галавой, але прамаўчаў. Готам зашаптаў словы малітвы. Нейкі час мужчыны маўчалі, і толькі мяккае патрэскванне полымя парушала гэтую цішыню. Першым загаварыў гаспадар:

— Даўным-даўно тут знаходзілася сталіца ўладанняў раджы Джагдзіша. Людзі расказваюць, што ён быў жудасны правіцель: прыгожым, але без меры чэрствы і несправядлівы, сквапны, але смелы да адчайнасці. Напэўна, за смеласць яго палюбіў Шыва і даў яму магічны амулет — залатую пласцінку з выявай грыфона на адным яе баку і прадказальнікам на другім.

— Ад чаго бароніць гэткі амулет свайго уладальніка?

— Ад усяго! — Готам здзівіўся прастаце пытання госця. — Грыфон сімвалізуе ўладарства над зямлёй і паветрам, ён дае свайму гаспадару сілу, розум, асцярожнасць і ўважлівасць. Прадказальнік адчыняе перад смяротным чалавекам усе дзверы як на гэтым свеце, так і ў царстве ценяў. Ён дазваляе яму ведаць будучыню і змяняць падзеі сучаснага. Чалавек, які валодае гэтым амулетам, можа ўсё, але калі грыфона і прадказальніка раздзяліць, амулет губляе сваю моц і ператвараецца ў звычайны кавалак золата. — Г аспадар зірнуў на суразмоўцу — ці разумее той яго, і, убачыўшы, што Мікіта ўважліва слухае, прадоўжыў:

— Змеі, цмокі і грыфы, аберагаючы скарбы, заўжды бароняць шляхі да душы чалавечай, бо золата, срэбра і самацветныя камяні ёсць толькі сімвалы, якія даюць чалавеку ўладу, але не бяссмерце. Аб гэтым ведаў і раджа Джагдзіш, аднак усёдазволенасць усяліла ў яго сэрца непамерную пыху, якая затуманіла яго хворы розум настолькі, што ён кінуў выклік самому Шыву — уладару нябеснага воінства. Раззлаваўся Шыва на Джагдзіша і ў парыве шаленства са сваіх вуснаў стварыў страшэнную пачвару Вірабхадру, якая мела тысячу галоў, тысячу рук і тысячу ног, і кожная рука трымала смяротную зброю; з тысячы ратоў тырчэлі доўгія іклы, а цела пакрывала акрываўленая тыгравая шкура. «Што я павінен зрабіць для цябе, о найвялікшы з багоў?» — запытаўся Вірабхадра. «Ідзі на зямлю і знішчы армію Джагдзіша! — адказаў яму грозны Шыва. — Толькі самога раджу не чапай, хай пажыве без арміі і слуг, хай абдумае свой учынак».

Вірабхадра бездакорна выканаў загад Шывы, але людзі кажуць, што з таго часу раджа не можа насіць на сваіх грудзях чароўны амулет, а здольны толькі прыслугоўваць яго ўладальніку. Так рашыў Шыва.

— Казка цікавая, аднак раджа Джагдзіш даўно памёр. Каму ж зараз належыць той амулет?

— Джагдзіш, пэўна, і сапраўды памёр, — згодна хітнуў галавой Готам і, крыху памаўчаўшы, ледзь чутна прамовіў: — але душа яго блукае недзе тут — не пускае яе на неба Шыва. Людзі кажуць, што гэта яна ўладарыць у цясніне Смерці, што недзе там схаваны амулет Шывы і яна вартуе яго ад чужых вачэй.

— Цікава, адкуль ты ўсё ведаеш пра цясніну, калі душа раджы не пакідае сведкаў і ўсіх забівае?

— Я нічога не ведаю, — Готам зноў спалохана агледзеўся па баках. — Проста непадалёку ад разбуранага палаца раджы Джагдзіша мой работнік Калідас капае гліну, ну і... Навіны пра цясніну Смерці я дазнаюся ад яго.