— Яно і праўда — пра гэту цясніну лепш нічога не ведаць. У мяне на радзіме кажуць так: «Менш ведаеш — даўжэй жывеш!»
— Разумныя словы, — усміхнуўся шчарбатым ротам гаспадар, потым падняўся на кукішкі і пачаў напаўняць гарбатай пустыя піялы.
Мікіта моўчкі назіраў за індусам. Ён выдатна разумеў Готама, які, падзяліўшыся сваімі страхамі, зусім не заспакоіўся, а наадварот — стаў яшчэ больш запалоханым. І чаму ён нервуецца? Чаму так баіцца душы нябожчыка раджы? Што можа зрабіць яна жывому чалавеку? Забіць, знявечыць? — ды гэта смешна! Калі твая вера цвёрдая і непахісная, калі памкненні твае чыстыя і светлыя, то ніводны джагдзіш не пераможа цябе. Добрыя справы робяць чалавека бессмяротным, а не магічныя амулеты.
— Як часта твой работнік ездзіць капаць гліну?
— Заўтра раніцай паедзе, — Готам падаў свайму госцю піялу з гарбатай. — А чаму ты аб гэтым пытаешся?
Мікіта не адказаў. Ён і сам не ведаў, навошта запытаўся пра гэта ў Готама. Магчыма, каб парушыць маўчанне, а, магчыма, у яго галаве ўзнікла нейкая шалёная думка, аб якой ён яшчэ не здагадваўся.
4
А раніцай наступнага дня Мікіта разам з маладым работнікам Готама быў ля разбуранага палаца раджы.
Работнік, якога звалі Калідас, паказаў Мікіту на схіл гары і патлумачыў:
— Там я капаю гліну.
— А дзе ўваход у цясніну?
— Крыху далей, за пагоркам, — Калідас з цікаўнасцю агледзеў госця свайго гаспадара і пацікавіўся: — Ты думаеш ісці туды без зброі?
— У мяне няма зброі.
— Вазьмі тады хаця б гэта, — работнік выцягнуў з-за набедранай павязкі невялікую фігурку, выразаную з дрэва. — Я калі раней туды хадзіў, заўсёды браў з сабой фігурку арла. Дарэчы, я яе на гэтых развалінах і знайшоў.
Мікіта падзякаваў хлопцу за падарунак, узяў фігурку, прывязаў да яе скураны раменьчык і павесіў на шыю:
— Тут яна перашкаджаць мне не будзе.
Уваход у цясніну быў густа зарослы дрэвамі і кустамі, галіны якіх перапляталі ліяны і высокая трава. Аднак не гэта палохала смельчака — паўсюдна, куды б ён ні кідаў позірк, кішэлі змеі. Зялёныя, чорныя, сінія, паласатыя — яны, падавалася, віселі на кожнай галінцы, ляжалі пад кожным кустом. І ўсё ж Мікіта не адступіў. Асцярожна, крок за крокам, уважліва азіраючы наваколле, ён пачаў прадзірацца праз зараснікі і даволі хутка выйшаў на стары шлях. Ён не верыў казкам пра бессмяротнага раджу, ён не верыў расказам пра велізарныя скарбы, што схаваны ў гэтай цясніне, ён пасміхаўся са страхаў, якімі палохаў яго Готам, і адзінае, што вяло яго праз густыя зараснікі — гэта цікаўнасць.
Старую дарогу таксама перапляталі ліяны, але ісці па ёй было значна лягчэй.
Недзе апоўдні ён адчуў цяжкі, саладкаваты пах. Гэты пах яму быў знаёмы — так пахне труп жывёлы. Або чалавека! Мікіта спыніўся, агледзеўся, глыбей уцягнуў у сябе смярдзючае паветра. Сумненняў не было — недзе побач дагнівае труп. Вось толькі чый?
Збочваць Мікіта не стаў і пайшоў наперад. Праз некалькі дзясяткаў сажняў ён заўважыў невялікае возера, берагі якога курэлі парай, а па ўсёй гладкай паверхні з месца на месца перакочваліся клубы туману. Гэта здзівіла Мікіту: туман у спякоту? — дзіўна, аднак задумвацца над такой дробяззю ён не стаў. Яго больш зацікавіла пячора, уваход у якую ён заўважыў на супрацьлеглым беразе возера і дабрацца да якой можна было або па вадзе, або ў абыход, па беразе. «Плаваю я дрэнна, а зрабіць плыт няма чым. Пайду берагам», — вырашыў Мікіта і стаў паднімацца на невысокі скалісты пагорак. Дасягнуўшы вяршыні, ён аглядзеўся, кінуў позірк уніз і аслупянеў — там ён убачыў Калідаса, які стаяў ля вады і ў непаразуменні, куды знік ён, Мікіта, круціў галавой. Аднак не паводзіны памочніка ганчара прыкавалі яго ўвагу. Клубы туману, якія нядаўна спакойна віліся ля паверхні возера, раптоўна ажылі, пачалі рухацца ў кірунку Калідаса.
— Калідас! — з вышыні пагорка Мікіта паспрабаваў папярэдзіць юнака, але з яго горла вырвалася толькі нягучнае хрыпенне. — Калідас!
І раптам, у адначассе, у цясніне прапалі ўсе гукі і яе скавала смяротная цішыня, у якой гучна калацілася Мікітава сэрца, а на яго адзенне, на камяні, на траву з туману бязгучна апускаліся буйныя кроплі. Ён зноў паспрабаваў закрычаць, разарваць сваім крыкам прасціну жаху, аднак мяккая рука нябачнага забойцы надзейна сціснула яго горла. Ён бачыў, як там, ля возера, з туману ўзнік ратнік у старадаўніх даспехах, як ён узмахнуў мячом, як зваліўся ў ваду Калідас. Ці не сон гэта? Ці не трызненне? Чаму туман пачаў уздымацца ўверх па пагорку? Жах панаваў навокал, расцякаўся ледзяным холадам па жылах, звінеў у вушах, у галаве. Ратавацца — не ставала сіл, крычаць — не было голасу, і адзінае, што яшчэ мог рабіць Мікіта — гэта маліцца. Ён не баяўся смерці, ён быў гатовы да сустрэчы з ёй, аднак усё ж апусціўся на калені, зашаптаў апаленымі жахам вуснамі малітву, і праз імгненне адчуў, што жар адпусціў сэрца, што туман адступіўся, скаціўся па камяністай сцяне пагорка да возера. Ён паверыў, што для яго яшчэ не ўсё скончана, што яшчэ зможа ўратаваць сваё жыццё. Мікіта шаптаў словы малітвы, а перад яго вачыма праплывалі малюнкі мінулага, мілыя сэрцу ўспаміны, па-дзіцячы светлыя надзеі і летуценні. Ён маліўся і плакаў, разумеў, што пасля ўбачанага тут ужо ніколі не зможа заснуць спакойна, не сасніць добрых сноў і стане гэткім жа палахлівым і нервовым, як Готам. «Што табе ад мяне трэба?» — ва ўсе грудзі бязгучна крычаў ён свайму страху, і слёзы захліствалі яго горла. А калі не стала слёз, ён зусім ашалеў ад сораму: каму патрэбны мае слёзы? Чаму я стаў такім слабым, што не магу сябе абараніць і галашу, быццам баба? Я не хачу быць такім, як Готам, лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях! Я не баюся цябе, дух Джагдзіша!
Паступова Мікіта супакоіўся, выцер далонямі твар, вочы, падняўся на ногі і адразу навокал яго пасвятлела, рэдкія пасмы туману апусціліся да возера і растварыліся ў вадзе, а ён сам, быццам легкакрылы матылёк, узляцеў над гэтым замшэлым каменнем, над цяснінай, над возерам. Страх поўнасцю адпусціў сэрца, і Мікіту стала лёгка і радасна, ён зразумеў, што той, хто ўзнік з рачнога туману — гэта зусім не чалавек. Гэта нават не здань. Гэта падман, які стварыў яго напалоханы розум. Гэта страх, які некалі ўсяліўся ў яго душу і які будзе праследаваць яго ўсё жыццё і пра які ніхто на свеце не павінен ведаць. Толькі ён адзін будзе змагацца з ім да самай смерці. Толькі ён адзін зможа перамагчы яго, або падпарадкавацца яму. Гэта ўнутранае, гэта асабістае! Адчуўшы прыліў сіл, Мікіта страпянуўся і гучна, на ўсю цясніну, закрычаў:
— Я не баюся цябе! — разнёсся па наваколлі яго вокліч. — Не я табе, а ты мне будзеш служыць!
«Жыць, жыць, жыць!» — словы адбіваліся ад сцен цясніны і пераіначанымі вярталіся да вяршыні пагорка. Мікіта ўжо не баяўся азёрнай пачвары. Ён нават чакаў яе з’яўлення, аднак вада на возеры была спакойная, а туман ля яго берагоў радзеў проста на вачах.
Мужчына пастаяў яшчэ крыху на плоскай камяністай вяршыні, потым страпянуўся і рашуча пакрочыў у кірунку ўжо блізкага ўвахода ў пячору.
Пячора аказалася невялікай і нежылой. Спыніўшыся ля ўвахода, Мікіта пачакаў, пакуль вочы прызвычаяцца да паўзмроку і толькі потым зрабіў некалькі крокаў унутр яе. Зайшоў і замёр ад здзіўлення і захаплення — уся прастора пячоры была застаўлена куфрамі, скрынямі, глінянымі сасудамі. На іх у беспарадку ляжалі рулоны тканіны, каштоўныя дываны, зброя, дарагое адзенне. Усё было пакрыта тоўстым пластом пылу і пераплецена павуціннем, аднак смяльчак адразу здагадаўся — ён знайшоў скарб раджы Джагдзіша. «А вось і сам раджа», — Мікіта заўважыў ля аднаго з куфраў чалавечы шкілет. Ён падышоў да шкілета, некалькі імгненняў пастаяў ля яго, успомніў словы Готама пра гэтага чалавека. «Тут знаходзяцца рэшткі твайго цела, — у думках пашкадаваў раджу Мікіта, — і я іх пахаваю». Раптам ля ўвахода заклубіўся туман і з яго, быццам з царства ценяў, з’явіўся белы сабака. Туман адразу знік, а сабака застаўся. Вялікі, магутны ён, напэўна, перамог бы ў адзінаборстве і тыгра, а зараз ён усеўся пасярод увахода і злымі, чырвонымі вачыма глядзеў на Мікіту. «А гэта, напэўна, спакутаваная душа Джагдзіша, — чалавек не спалохаўся сабакі. — Сапраўды, хворы розум і гнілая душа нараджаюць монстраў!» Ён адарваў кавалак дарагой тканіны, зноў нахіліўся над шкілетам, каб сабраць яго косткі і пахаваць. І тут ён заўважыў пасярод костак залатую пласцінку. «Гэта што? — Мікіта зняў пласцінку, працёр яе ад пылу, уважліва агледзеў. — Здаецца, нейкая пайцза», — і паклаў яе ў кішэню. Потым згарнуў косткі на тканіну, выпраміўся, паглядзеў на сабаку. Той сядзеў на ранейшым месцы, аднак на гэты раз у яго вачах замест злосці пульсавала адданасць. «Вось і добра», — мужчына нейкі час глядзеў у вочы звера, вагаючыся і гадаючы, як той сябе павядзе. Потым рашуча пакрочыў наперад, выйшаў з пячоры, знайшоў невялікае паглыбленне, паклаў у яго косткі і засыпаў іх каменнем.